Калі ж ты такі нядошлы, што не знойдзеш і меднае манеткі для перавозчыка Харона — блукаць табе па беразе Кацыта разам з такімі ж галадранцамі ды практыкавацца ў галашэннях: авой, нат у пазасвецці месцейка нямашака...
А самая страшная рака — Стыкс, на яе водах кляліся нават багі. I калі хто не стрымліваў клятву, год ляжаў як мёртвы, а тады яшчэ дзевяць гадоў меў баніцыі, выгнання.
Пранціш Вырвіч мог бы ўцерці нос... ці што там замест яго ў той Стыкс, бо пабываў у падземным возеры пад Туравам. Вось дзе жахаў нацярпеліся! Сядзелі ў падводным чоўне, як хрушчы ў бляшанцы, а што навокал плавала — лепш не ведаць.
Таму да ўсялякіх таемных рэчак, магічных крыніцаў і запаветных азёраў у менскага падкаморага былі адносіны насцярожаныя. Прамінулі часы, калі студыёзусам пераплываў у бочцы Вяллю. Ну, праўда, пасля двух збаноў добрага віленскага піва і патануць не страшна.
I цяпер душа не ляжала, ды проста кіпцямі шкрэблася, як котка, ад неабходнасці зайсці ў падазроны дом, пры якім, аказваецца, былі i свае купальні... Натуральна, і пякельны пах адчуваўся мацней.
— Пан бацька!
Да Лёдніка, цокаючы па шэрых плітах падкоўкамі чаравікаў, крочыў высокі станісты малады чалавек у сіне-серабрыстым камзоле, у модным капелюшы, упрыгожаным аграфам з сапфірам, ну а драпежны нос і худы твар беспамылкова паказвалі на сваяцтва з Чорным Доктарам. Праўда, нос быў не такі доўгі, рысы твару больш мяккія, вочы не такія цёмныя, карацей, малады чалавек быў не столькі злавесны, як сумны.
«I халаднаваты нейкі стаў», — мімаволі адзначыў Пранціш.
Між тым дзверы партшэза адчыніліся, бацька з сынам абняліся, памаўчалі... За маўчаннем хавалася вялікае гора, пра якое абодва не ў стане гаварыць.
— Ты ўсё яшчэ не вылечыўся... — недаверліва прамовіў малодшы Лёднік, выпрастаўшыся. — Значыць, недарэмна падрыхтавалі крэсла.
Мясцовы лёкай хуценька падкаціў крэсла на колах — дыхтоўнае, абабітае габеленавай тканінай, з падлакотнікамі і падушкамі, з вялікімі бліскучымі коламі... Сапраўдны фатэль. Лёднік пастараўся ўскараскацца на новае месца з найменшай чужой дапамогай, падцягваючыся на руках. Алесь узяўся за адмысловыя ручкі за спінкай.
— Прыслуга пачакае тут. Толькі вы, пан Вырвіч, пан бацька і я. Давераная асоба канцлера патрабуе таямніцы. I зброю тут пакіньце...
Голас Алеся гучаў неяк... адчужана-механічна. Пранціш перадаў Сцяцко і Карусю іхнія з Лёднікам шаблі (эх, i шкада ж было развітвацца са сваім Гіпацэнтаўрам, прадзедавай рэліквіяй)... А што за давераная асоба — яны ж разлічвалі пабачыць самога графа Каўніца?
— Гэта вырашаць не вам і не мне, — зноў з нейкім халадком у голасе адказаў Аляксандр Лёднік. — Каб найменшая магчымасць — я б ухіліўся ад высокага гонару быць пасрэднікам у гэтых... перамовах, якія вы ўчынілі. Але мне не пакінулі выбару.
У апошняй фразе гучала сапраўдная горыч з прымешкам агіды. Спробы Пранціша нешта патлумачыць разбіліся аб параду менш гаварыць. Вырвіч агледзеў шэры каменны калідор, у які яны скіраваліся: вільгаць, смурод, свечы ў бронзавых кандэлябрах, падазроныя габеленавыя шырмачкі ля сценаў i рэха, як у пустой бочцы, — падслухоўваюць, не іначай.
Калідор заглыбляўся ўніз, Алесю давялося прытрымліваць бацькава крэсла, каб не пакацілася само. Паварот... Цяпер крэсла трэба было штурхаць наверх, а на шэрых плітах калідора расцягнуўся доўгі чырвоны дыван. Белыя дзверы з пазалочанымі вензелямі нібыта самі па сабе расчыніліся, па вачах разанула дзённае святло, праўда, прапушчанае праз каляровыя шкельцы вітражоў.
Зала, у якой яны апынуліся, была прыбраная ў модным егіпецкім стылі. Калоны распісаныя лотасамі і пальмамі, шырмы з выявамі фараонаў. Падлога, выкладзеная чорнымі, брунатнымі і жоўтымі плітамі, няроўная: пасярэдзіне ніша глыбінёй у дзве далані, у ёй тры дзіўныя зэдлікі з металёвымі ножкамі ў выглядзе львіных лап. У другім канцы — узвышэнне з дыхтоўным драўляным фатэлем, падобным да трона, са спінкаю ў выглядзе coкала з распасцёртымі крыламі. На троне сядзела пані ў багатым уборы малахітава-каштанавых адценняў, пад шчыльным цёмным вэлюмам. Праваруч пані высіўся яшчэ адной калонай чалавек у чорным, з тварам прафесійнага забойцы. A і фанабэрысты ж — вось табе я, войтава свіння.
Ліцвінскія сваты ўселіся на зэдлікі, Лёднік, зразумела, застаўся ў сваім перасоўным крэсле. Пані дала знак ахоўніку.
— Перад вамі давераная асоба імператрыцы Марыі Тэрэзіі і ягонай светласці канцлера фон Каўніца, — ляніва агучыў пан у чорным, не тыя госці, каб ліслівіць.
Алесь кіўком пацвердзіў — значыць, ведае, хто там на егіпецкім троне.
— Што вы хочаце перадаць высокім асобам?
Прапанова канцлераўне рукі і сэрца падскарбія Рэчы Паспалітай пакінула загадкавую асобу пад вэлюмам, мяркуючы па ўсім, абыякавай.
Затое фраза пра сірату, якая збегла ад Вялікага Отана, усхвалявала. Пані нешта пашаптала на вуха свайму канфідэнту. Той запатрабаваў прад’явіць падарунак. Пранціш справядліва заўважыў, што напачатку пасланцы хочуць мець пацверджанне цвёрдых намераў ягонай светласці графа фон Каўніца парадніцца з ягонай мосцю Антоніем Тызенгаўзам.
— Гандлявацца ўздумалі?