На рукаў Пранціша зваліўся ржавы ліпавы лісток, падкаморы няўважна змахнуў яго туды, дзе самае месца аджыламу — на вільготную восеньскую глебу.
— Гучыць як сабака сякеру з’еў і дзёгцем запіў... Адкуль у пана Антонія камень з кароны Карла Вялікага? Шкельца нагадвае... Не бывае камянёў такога колеру. I пры чым тут баварцы?
Доктар адкінуўся на падушкі, накладзеныя ў партшэз, і пацёр вольнай рукой хворае калена.
— Гэта апал. Сіратой, арфанусам, ён называецца, бо няма яму роўных і роднасных. Ён надаваў таму, хто надзяваў карону, незвычайную мудрасць і здольнасць прадбачыць будучыню. Знік у чатырнаццатым стагоддзі. Гэта значыць, пры каралі Карле Першым Люксембургскім. А баварцы — гэта ж яны зараз захоўваюць карону Свяшчэннай Рымскай імперыі, у Нюрнбергу. Хоць аўстрыякі ўсяляк спрабавалі залучыць рэліквію ў Вену. Так што магчымасць авалодаць самай каштоўнай часткай кароны — добрая нагода падцерці нос баварцам. Пан Антоній ведае, што прапаноўвае...
Пытанне, чаму падскарбій не паспрабуе з дапамогай рэліквіі вярнуць літасць Панятоўскага, не ўзнікала: позна. Кароль глядзі каб не выдаў у хуткім часе загад аб канфіскацыі маёмасці ў дзяржаўнага злачынцы. Дый пасля фіяска з артэфактам ад продка Цялка, святога Тарэла, Панятоўскі расчараваўся ва ўсялякіх дзівосных рэчах. Тады і Чорны Доктар са сваёй бандай былі ўцягнутыя ў здабыванне так званай трубы святога Георгія, якая мусіла пацвердзіць паходжанне Панятоўскага ад італьянскага роду Тарэла... А выйшаў пшык, труба выявілася папірусам з тэкстам Святога Пісання, які рассыпаўся ў руках, пячатка з гербам Святога Тарэла, перададзеная Панятоўскаму, стала падставай жарцікаў шляхты...
Ля моста цераз раку Шверхат, дзе нядаўна збудавалі рэстарацыю, зайграла музыка — завіхаліся скрыпачкі, гундосіў кларнет, падсвіствала сумна флейта. Ранавата для тутэйшых баляў... Але ж трэба заманьваць публіку ў новае месца!
— А як мог гэты... Арфанус трапіць на нашы землі?
— Ну, давай паразважаем... — на твары Баўтрамея з’явіўся добра знаёмы выраз, як падчас вырашэння цікавай навуковай задачы.
— Чатырнаццатае стагоддзе... На польскім троне — Казімір Трэці. У нас — князь Альгерд. Збірае землі, стварае княства. Ваюе супраць Тэўтонскага ордэна. Карл Першы Люксембургскі таксама ваюе... Нейкі час нават быў у палоне ў караля Казіміра. Можа, выкупіўся з таго палону, аддаўшы галоўны камень са сваёй кароны? А можа, заклаў яго ў апошнія гады, калі запазычыўся і нават цэлыя гарады раздаваў? Мог пазычыцца і ў князя Альгерда. Яшчэ б ведаць, дзе яго знайшоў пан Антоній.
Лёднік хуткімі рухамі склаў куфэрачак, як быў.
— На, схавай...
Але цяпер Пранцішу падалося, што падарунак для канцлера пацяжэў ледзь не ўтрая і быццам агнём прыпякае пальцы... Адразу ўспомнілася прыпавесць пра караля, які хацеў для нейкіх патрэб раскалоць найрэдкі каштоўны камень... Ніводзін злотнік не браўся. Пакуль адзін з іх не паклікаў свайго вучня, і той раз-два — раскалоў... Бо не ведаў цаны той рэчы, якую разбівае.
Перш чым выправіцца далей у шлях, Бутрым спытаўся, хаваючы няёмкасць:
— Слухай, я не памятаю... Падпісаў я тую паперу пра добрыя ўмовы на мануфактурах?
Вырвіч трохі памарудзіў, назіраючы за перайманнямі доктара, і з задавальненнем адказаў:
— Не. Хоць пасланец падскарбія табе проста ў рукі пяро ўкладваў. Ты нават у паўмёртвым стане ўсё такі ж упёрты.
Бутрым заспакоена кіўнуў і горка ўздыхнуў.
— Усе нашы магнаты пра свае пасады пякуцца... А для Беларусі які шанец цяпер — пакуль Расія з Польскай каронай цягаюцца, незалежнасці дамагчыся... Адрадзіць нарэшце Княства... Былі б мы з табой, Вырвіч, інтрыганамі ды палітыканамі — спакусілі б які трэці бок, каб падтрымалі нас у супрацьвагу двум ардам... Выслізнулі б са сквапных суседскіх дзюбаў...
Пранціш нахмурыўся.
— Прасіць дапамогі чужынцаў у вызваленні сваёй радзімы — сумніўна, сам ведаеш... Памятаеш, Януш Радзівіл са шведскім каралём звязаўся, таксама купіўся на абяцанкі стварыць незалежную Літву... Быць шведскім васалам прысягнуў... I зацкаваны быў, як здраднік, пагарджаны і чужымі, і сваймі.
— Так, Вырвіч. Воля на клінках чужых шабляў не прыходзіць. А свае, на жаль, найчасцей між сабою скрыжоўваюцца. Міжчассе выпала нам, скрыжаванне вечнае.
Над Бадэнам свяціла сонейка, жоўклі на дрэвах лісты, варушыліся ў цесных надземных ложах лекавыя крыніцы, i было ўсе так міла, шло неадменна мусіла скончыцца нейкім жахам і блёкатам, развеяцца, як фантом ружы.
У балеі на гербе горада па-ранейшаму добрапрыстойна сядзела пара сужонцаў, але ці падазраваў хто, што мройная ўсмешка кабеты была выкліканая ўспамінамі пра гасцяванне ў братоў-разбойнікаў?
Раздзел чацвёрты
ЯК ВЫРВІЧ У ЛЕКАВАЙ ВАДЗЕ КУПАЎСЯ
Грэкі верылі, што ў падземным царстве цячэ пяць рэкаў: Стыкс, Флегетон, Лета, Ахерон і Кацыт.
Адсёрбнеш з Леты — забудешся нават на ўласнае імя, хоць бы і на такое гучнае, як Артаксеркс, Аменхатэп ці Франтасій.
Да Флегетона сам не папрэшся, хіба якую жабоцьку ўдасца на неўрадлівых землях Аіда злавіць ды падсмажыць заманецца — агонь замест вады ў той рацэ.