Пранціш стараўся не разводзіць вензелі... Але гэткую гісторыю адной лыжкай не зачэрпнеш.
Пан Антоній Тызенгаўз адчуваў, што, калі не знойдзе якое апірышча — затопчуць, як толькі кароль адвернецца. Смяротна перасварыўся нават з радзінай. У жонкі памерлага брата Міхала гвалтам забраў сына, свайго пляменніка Ігната, і павёз па Еўропах, адукоўваць. Кабета нават звярнулася да расейскай імператрыцы са скаргай. З другой братавай падскарбій таксама судзіцца — яе дачку скраў і гвалтам павёў да алтара сваяк пана Антонія... А прычына ўсяго — нямераныя спадчынныя багацці, на якія, на думку пана Антонія, найперш ён мае святое права. Усё давялося разбіраць каралю, той яшчэ больш расчараваўся ў былым паплечніку. Урэшце ў пошуках падтрымкі Тызенгаўз пачаў глядзець на Вену.
Як ні дзіўна, але заставаўся ў яго рэсурс, дасюль не выкарыстаны. Пан Антоній так i не знайшоў часу ажаніцца. Ворагі пляткарылі, што намеціў Літоўскі Д’ябал сабе ў жонкі пляменніцу караля, дачку Андрэя Панятоўскага, але тая якраз выйшла замуж за дзіўнаватага рэферэндарыя Тышкевіча. I пан Антоній вырашыў пасватацца да малодшай дачкі графа Каўніца, канцлера імператрыцы Марыі Тэрэзіі, які быў адначасова канцлерам сына і суправіцеля імператрыцы Ёзафа Другога. Хітручы ліс Каўніц умеў дагадзіць любому... Мог спакусіцца і шанцам скарыстаць фігуру падскарбія Рэчы Паспалітай, умяшацца, напрыклад, у спадчынныя звады. Вунь якія войны вяліся за спадчыну дачкі Багуслава Радзівіла, што выйшла замуж за князя нойбургскага. Ладная частка беларускай зямлі, са Слуцкам, Копыссю ды Заблудавам, ледзь не дасталася немцам — князь Геранім Радзівіл мільёнамі злотых адкупаўся...
Таемныя перамовы наконт такога палітычна складанага шлюбу неадменна пададуць як дзяржаўную здраду... Але падскарбій гатовы быў рызыкнуць шмат чым, каб стаць зяцем аўстрыйскага канцлера. У тое, які палітычны гандаль ён мог павесці, Пранціша не пасвяцілі. Канцлеру належала перадаць загадкавую фразу: пан Антоній Тызенгаўз у якасці вясельнага падарунка гатовы падарыць будучаму цесцю сірату, якая збегла ад Вялікага Отана і не хоча вяртацца да баварцаў.
Бутрым схапіўся за галаву і, каб не развучыўся смяяцца за апошнія месяцы, відаць, зарагатаў бы горкім смехам.
— Дык мы з табою, Вырвіч, выходзіць, сваты? Важнецкія — калека ды зухаваты дурань. I ўсё — дзеля шлюбу, у якім не прадугледжваецца ні любові, ні шчасця. Ты ведаеш, што той канцлераўне гадкоў, мусіць, як маёй Сафійцы?
Пранціш пакрыўдзіўся на «зухаватага дурня».
— Ну што ты кіпнем адразу пырскаеш... Наша справа — перадаць прапанову. На маю думку, дык хутчэй за ўсё гарбуза падскарбію пашлюць. Затое ад Мануцы ўцяклі, грошай на дарогу адсыпана — хоць гульдэнамі харчуйся... Пажывеш тут з Сафійкай, палекуеш і ногі, i нервы. Ты лепш, знаўца таемнасцяў, патлумач, што за сірату дакляруе Тызенгаўз падарыць аўстрыякам? Mo таксама багатую спадчынніцу?
Лёднік задумаўся, кусаючы тонкія вусны.
— Отан, кажаш... Так шмат якіх уладароў звалі, прыдомкі ў іх розныя былі — Отан Вясёлы, Отан Руды, Отан Багаты... Вялікім называюць таго з іх, што заснаваў Свяшчэнную Рымскую імперыю. Але гэта гадкоў восемсот прамінула. А як дакладна Тызенгаўз прамовіў?
Пранціш пачухаў патыліцу.
— Ну, ён увогуле пра сірату таго на лаціне казаў. Як там...
Лёднік раздражнёна ўцягнуў у сябе лекавае паветра.
— Давай падарунак.
Пранціш палез у патаемную кішэню камзола.
— На... Толькі гэта не куфэрак, а кадук ведае што. Hi накрыўкі, ні замка.
Лёднік пакруціў у руках драўляны куб памерам з яблык, сабраны з рознакаляровых брусочкаў, упрыгожаных выпаленымі чорнымі знакамі. Ці кабала, ці руны, ці янохская мова, Пярун ведае. Hi шчылінкі, ні выёмінкі. Бутрым хмыкнуў:
— Японская работа... Даўно такіх не бачыў. Мяркуючы па знаках, трэба выкарыстаць рэшата Эратасфена... Не дзіва, што мусіў прысутнічаць Алесь. Я даўжэй праваждаюся... Карусь! — раптам загарлаў Лёднік, пачакаў, пакуль падклыпае пушчанскі цяльпук, і сунуў яму загадкавы куб.
— Адчыні... Знакі пазнаеш? Націскаць паводле шэрага простых лічбаў, розніца, наколькі я здагадваюся, мусіць адпавядаць папярэдняму чыслу...
— Ясна... — прабурчэў цяльпук, куб нечакана лёгка закруціўся ў ягоных моцных пальцах, брусочкі адзін за адным сталі высоўвацца, куфэрак пачаў мяняць форму...
Пранціш нават запамінаць не спрабаваў. Нешта шчоўкнула, куфэрак апярэзала тонкая шчыліна. Яшчэ адно здзіўленне — Карусь і не думаў зазіраць у таямнічы куфэрак, абыякава працягнуў яго доктару.
— Самі маглі б... Трэнінг усё мне ўчыняеце. Панскія фіглі...
I пайшоў на сваё месца.
Лёднік трохі памарудзіў... I вось яно...
— Арфанус... Зніклы камень з кароны Карла Вялікага, якую зрабілі пры тым самым Вялікім Отане.
Доктар змрочна паглядаў на дзіўны камень памерам з галубінае яйка, які адліваў адначасова і малочна-белым, і вінна-чырвоным, нібы кроў накапала ў кісель.
— I ты з гэтым у кішэні хадзіў? Тызенгаўз зусім з глузду з’ехаў.