Читаем Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі полностью

— З баронам Кемпеленам пазнаёміліся, калі я механічнага пацука зладзіў... — працягваў задыханы расповед малодшы Лёднік, відаць, спрабуючы загладзіць сваю ранейшую непрыветнасць з бацькам. — Ён праўда разумны, гер Вольфганг... Але любіць штукарствы. Мне прыгразілі: данясуць імператрыцы, што ягоны механічны шахматыст — махлярства... Далібог, я не пасвечаны... Хаця здагадваўся. Барон ніколі сур’ёзна да свайго шахматыста не ставіўся, казаў — проста жарт майстра, разлічаны на дурняў. Кемпелена пагоняць з ганьбай, разам з ім — мяне... Канец нашым сумесным даследаванням і кляйно махляра на рэпутацыі абодвух. Калі не згаджуся выконваць усе загады пані Тэрэзы. Прабач, не ведаў, што ты згадзіўся ехаць сюды дзеля ратавання Сафійкі... Я ж вырашыў — ты палітычнай кар’ерай заняўся... Ахвотней у кепскае верылася...

— Вы бачыце? Бачыце? Святло наперадзе! — вырвалася радаснае ў Пранціша. Не прывіды, значыць, мсціліся — ёсць выйсце!

Святло прабівалася ў пячору скрозь няроўную, дастаткова вялікую, каб пралезці, адтуліну, да якой успаўзаў гразкі бераг. Цяпер Вырвіч мог агледзець іх знясіленую банду: босыя, мокрыя, здрапаныя, у парваных кашулях... Як ёсць каманда разбітага карабля.

На бераг Пранціш выпаўз ракачом... Побач гэтак жа выпаўзаў Лёднік, ледзь ацалелы Адысей. Прасунуўся вышэй, пэцкаючыся ў чорнай гразі, стаў на калені, пахістаўся... I падняўся на ногі. Зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў. Горкі смех вырваўся з ягоных вуснаў.

— Трэба ж... Сапраўды лекавыя воды. Што ж так... запозна...

— Саламея табе аднойчы сказала — ніколі не бывае запозна, — з цяжкасцю ўзняўся на ногі і Пранціш, вусны якога мімаволі расплываліся ва ўсмешцы. — Значыць, патрэбны ты на гэтым свеце, доктар.

Бутрым трохі памаўчаў, пастаяў з апушчанай галавой... Потым распрастаў плечы.

— Што ж, рушым на святло!

I падыбаў наверх, усё больш цвёрда абапіраючыся нагамі аб гразкую чужую глебу.

Раздзел пяты

ПРА СКЛАДАНАСЦІ ВЫХАВАННЯ ПЕКНЫХ ПАНЕНАК

Рэдкі той кляштар, дзе няма гісторыяў пра зданяў. То Чорная панна, то Белая, то Чорны мніх, то Белы... А бываюць жа яшчэ і шэрыя здані. Вунь у беларускіх Гальшанах цэлы набор маецца!

I ўвесь, лічы, пры іх уладальніку Паўлу Сапегу накалбаціўся з жорсткасці, жаху і туману.

Калі абрушвалася сцяна фундаванага Сапегам кляштара, дойліды па старажытным звычаі вырашылі замураваць кагось жыўцом, каб каменні трымаў. А менавіта тую з жонак, што першая абед прынясе... Самая маладзенькая і патрапіла ды прыняла смерць пакутніцкую. А былі ж яшчэ тры Сапегавы жонкі, якіх адну за адной сужэнец паатручваў, і яны таксама камусь у прывідным выглядзе мсціліся. Ці проста млява луналі, ці скуголілі жаласна, ці імкнуліся вочы мінаку выняць прывіднымі пальцамі — сведчанні разыходзіліся.

Праўда тое ці не, шаноўны падкаморы Менскага павета Пранціш Вырвіч не ведаў, але страшнае надмагілле Паўла Стафана Сапегі і ягоных сужонак бачыў. I аб тым шкадаваў — у жаху начным могуць прымроіцца такія безуважныя пляскатыя зеленаватыя твары...

Вырвіч азірнуўся на сваіх спадарожнікаў, што разам з ім злосна стукаліся ў браму маленькага капуцынскага кляштара ў аўстрыйскіх гарах. Калі і не было тут легендаў пра прывідаў, то цяпер могуць з’явіцца. У туманісты лістападаўскі вечар прывалакліся невядома адкуль трое паноў у брудных падраных кашулях, мокрыя, босыя, трасуцца ад холаду, лаюцца на невядомых мовах. Ці вупыры, ці вадзяныя духі. I просяцца на начлег.

А куды было падзецца? Вылезлі з падземнай ракі — апынуліся паміж гор ды ўзгоркаў, вакол ніводнае жывое душы, вечарэе, дзе Бадэн — невядома, ніякага жытла... Толькі агеньчык на ўзгор’і гарыць, каменная будыніна святлее... Ідэя перці туды і выдаць сябе за ахвяраў грабежнікаў належала Пранцішу. Ну не замярзаць жа ў лесе, толькі што пазбегнуўшы смерці ў вадзе!

Але толькі здавалася, што кляштар блізка — рукой дастаць. А як палезлі па горнай сцежцы, да цемры караскаліся. Лёднік яшчэ падганяў, каб не змерзлі. Сам толькі на ногі стаў, не зусім цвёрда, і давай яму трэнінг... Так што абыякавасць мніхаў да просьбаў аб ратунку была як горкая рэдзька на закуску часныку. Толькі крыкі, што сярод прыхадняў — спрактыкаваны доктар і ўмелы механік, якія гатовы свае паслугі ў аплату за начлег прадаставіць, змусіла кагось заварушыцца за дыхтоўнай дубовай брамай.

Пранцішу так і карцела дадаць: і паэт тут маецца, але, на жаль, паслугі паэтаў не каштуюць і меднага шэлега ў гэтым грубым матэрыяльным свеце.

Так, не дужа падобныя цяперашнія капуцыны да свайго духоўнага настаўніка Францыска Асізскага — які нават чарвяка з дарогі прыбіраў, каб не раздушыць, і гімны Сонцу складаў.

Праўда, насцярогу мніхаў зразумець можна: Бог ведае, хто тут бадзяецца, разбойнікі, дэзерціры, ці мала яны тых кляштараў папалілі, павыразалі...

Перейти на страницу:

Похожие книги

Святой воин
Святой воин

Когда-то, шесть веков тому вперед, Роберт Смирнов мечтал стать хирургом. Но теперь он хорошо обученный воин и послушник Третьего ордена францисканцев. Скрываясь под маской личного лекаря, он охраняет Орлеанскую Деву.Жанна ведет французов от победы к победе, и все чаще англичане с бургундцами пытаются ее погубить. Но всякий раз на пути врагов встает шевалье Робер де Могуле. Он влюблен в Деву без памяти и считает ее чуть ли не святой. Не упускает ли Робер чего-то важного?Кто стоит за спинами заговорщиков, мечтающих свергнуть Карла VII? Отчего французы сдали Париж бургундцам, и что за таинственный корабль бороздит воды Ла-Манша?И как ты должен поступить, когда Наставник приказывает убить отца твоей любимой?

Андрей Родионов , Георгий Андреевич Давидов

Фантастика / Приключения / Альтернативная история / Попаданцы / Исторические приключения