Сафійка на хвілю адарвалася ад лацінскіх радкоў, кінула скептычны позірк цёмных вачэй на бацьку ды дзядзьку, хмыкнула і зноў занурылася ў антычную мудрасць.
Спадарожнікі замаўчалі. Загаварыў дождж. Ды не тое каб проста загаварыў, а нібы заліўся празрыстым рогатам. Карусь і Сцяцко захуталіся ў плашчы з башлыкамі, Бутрым стараўся як мага непрыкметней размінаць калені і не моршчыцца — пэўна, ад макрыні суставы балелі яшчэ больш.
За акенцам карэты цягнуліся палі, шэрыя і шурпатыя, як вывернуты кажух. Заначаваць вырашылі ў бліжэйшым жа мястэчку, на паўдарозе да Глыбокага. Доктар касавурыўся на сваю доктарскую валізку — але Саламея папярэдзіла Вырвіча пільнаваць, каб ганарысты муж не спакусіўся ўжыць свае адмысловыя лекі. Былі такія ў Бутрыма, што маглі на нейкі час паставіць на ногі нават смяротна хворага, змусіць забыцца на боль і вярнуць ранейшыя сілы. Але Вырвіч бачыў гэтыя лекі ў дзеянні — праз пару гадзінаў боль і знясіленне вярталіся шматкроць, ды яшчэ і сэрца магло не вытрымаць... А Лёднік зараз страшэнна не хоча, каб яго на руках з рыдвана выносілi на вачах незнаёмых людзей.
Каб менш было гонару дурнога — меней шнараў на спіне меў бы.
Але калі спыніліся ля дома з дзвюма драўлянымі калонамі на ганку, дзе падарожным паабяцалі начлег, у прыцемку ды дажджы не было каму назіраць за недастаткова трыумфальным з’яўленнем Чорнага Доктара. Дзякуй богу, хоць прытулак знайшлі пасля некалькіх няўдалых спробаў. Месціч у нацягнутай на вушы шапцы-магерцы падазрона радасна параіў папрасіцца да пана вознага Міхасюка. Той нізавошта не адмовіцца ад магчымасці займець лішнюю капейчыну. Бо за шэлег блыху прутком пагоніць да Смаргоні.
За начлег гаспадар, шчуплы, тонкагалосы і вастраносы, як згаладалая мыш з чорнымі вусамі, заламіў як за гасцяванне ў палацы. Але выбіраць не выпадала... Да таго ж суцяшала ўрачыстае «пярыну пуховую дам!»
Сцяцко згрузіў прымацаванае разам з куфрамі крэсла на колах, якое перад ад’ездам удасканалілі як маглі, Бутрым быў туды ўсаджаны, насунуў на вочы капялюш, ухапіўся за шаблю...
— Фурманаў хіба на гарышча... А хворага пана з сям’ёй у кутні пакой, там ложак зручны, — абыякавы голас прыслугі, таксама худой як жэрдка цётухны, змусіў Баўтрамея сціснуць вусны... Звык на людзей страх наганяць, а не шкадобу выклікаць «хворы пан».
Свечкі неахвотна разганялі цемру. Пранціш ішоў праз сенцы і вузкі пусты калідор за Карусём, які цягнуў куфар. Пахла сухімі яблыкамі, падгарэлым тлушчам i палыном. Дом небагаты, але i не мужыцкі. Вунь у вылучаным менскаму падкамораму пакоі паблісквае на століку масянжовая чарніліца з засохлым атрамантам, валяюцца два абгрызеныя гусіныя пяры і пашарпаная кніга... Вырвіч нават з цікавасці разгарнуў: рымскае права. Нудоцце.
На вячэру разлічваць не выпадала, госці абышліся ўласнымі прыпасамі. Галоўнае, каб крывасмокаў у ложку выявілася не зашмат... Пранціш не паленаваўся ўласнаручна шчодра пасыпаць абяцаную пуховую пярыну персідскім парашком вытворчасці Лёдніка.
Ад пярыны патыхала гніллю.
Падкаморы дзьмухнуў на свечку. Шкрэбліся мышы, завіхаўся дождж, мроіліся нечыя здушаныя стогны. Маленькае беларускае мястэчка, назвы якога Вырвіч нават не запомніў (Нача, здаецца) паглыблялася ў лянівыя і халодныя восеньскія сны...
Але самому заглыбіцца ў той сон не атрымалася.
Жанчына крычала так, нібыта яе катавалі. Змучана, безнадзейна, хрыпата...
Пранціш высунуўся са свайго пакоя. Саламея размаўляла з гаспадаром, чыя лысая галава нагадвала востры канец яйка, а чорныя вусы звісалі панылымі шнуркамі. Свечка ў руцэ пана вознага трэслася, і здавалася, што разам з ценямі гайдаецца ўвесь калідор.
— Выбачаюся, панове. Божая воля. У сужонкі роды пачаліся.
У голасе спадара гучала разгубленасць і нейкае раздражненне, нават страх.
— На Зімовага Міколу мусіла нараджаць. Але... захварэла. I вось... Паслаў жа Гасподзь выпрабаванне. Немаладыя мы ўжо, старэйшыя дзеці самі сем’і маюць, злезлі з бацькоўскіх шыяў... Нязручнасці шаноўным гасцям, выбачайце. Вы не бойцеся, Магда ў прыбудове, там уваход асобны...
Саламея зараз жа запатрабавала правесці яе да парадзіхі — яна ж у Медычнай акадэміі выкладала на курсе для павітух. I платы не трэба...
Пры звестцы пра бясплатную паслугу твар пана Miхасюка прасвятлеў. Але возны вагаўся.
— З ёю дзве кабеты. Справяцца...
— Заўчасныя роды, парадзіха ва ўзросце... I вы казалі, яна хворая. Як без лекарскай дапамогі? — абурылася Саламея. — Дарэчы, што за хвароба?
Гаспадар адвёў вочы.
— Ліхаманка нейкая...
Пані Саламея заскочыла за мужнінай валізкай з лекамі і доктарскім інструментарыем. Прыкрыкнула на дачку, што высунулася за ёй следам, — бацьку, маўляў, глядзі — і бегма туды, дзе чуліся крыкі. Прыцемак хаваў зморшчынкі, сляды стомы і сівізну, і пані Лёднік, вялікавокая, беласкурая, станістая, зацягнутая ў цёмную сціплую сукенку, здавалася ўсё гэткай жа прыўкраснай Сільфідай.