Ружовыя вусны ўладальніка залачонай карэты ганарыста крывіліся, пальцы правай рукі, унізаныя пярсцёнкамі паўзверх тонкай шаўковай пальчаткі, барабанілі па сценцы. А камзол парчовы, карункі галандскія, панчохі белыя, чаравікі на чырвоных абцасах з дыяментавымі спражкамі, парычок пудраны з акуратнымі буклямі, мушка на правай шчацэ... Лыткі, мусіць, накладныя, як цяпер модна. Нібыта не ў дарогу выправіўся, а на баль. Што за фацэт? Вырвіч зірнуў на герб на баку карэты: залаты леў, вельмі падобны да венецыянскага, вежа, якар, рука з трыма ружамі... Падобна, гэткі стракаты герб нядаўна зацвердзілі. I ўладальнік нетутэйшы, з акцэнтам гаворыць і звычаяў сармацкіх не ведае — не прадставіўся пану-брату. Пранціш паклаў руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра, другой рукой паправіў шапку сабаліную з дыяментавым гузам, выпрастаўся, каб аксамітная дылея лягла прыгожымі складкамі паўзверх жупана.
— Франтасій Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр, старэйшая лінія роду, падкаморы Менскага павета. З кім маю гонар размаўляць?
Фацэт падумаў, неахвотна выйшаў з карэты, грэбліва пераступіўшы па беларускай гразі, якая адразу засмактала ягоныя чырвоныя абцасы.
— Граф Нікола Антоній Мануцы, староста Опсаўскі.
А Бож-жачкі, гонару колькі ў італьянчыка, як блохаў у бадзяжнага сабакі... Вырвіч ветліва схіліў галаву, стрымліваючы паблажлівую ўсмешку. Дык вось ён які, Мануцы, самазваны графчык! Прыехаў у Польшчу з Венецыі некалькі год таму, укруціўся ў давер да Панятоўскага, выконваючы самыя слізкія даручэнні... Дапамагчы з упадабанай красунькай сустрэцца, таго, хто перашкаджае, настрашыць, скалечыць ці са свету прыбраць... Хаця на першы погляд Мануцы мала быў падобны да брэцёра. Нарэшце, венецыянец аказаў Цялку такую паслугу, якую не забываюць: ажаніўся з Ядвігай Струтынскай, амараткай караля, што трапіла ў цікавае, але непрыемнае становішча. Пані Ядвіга шылахвосткай была вядомай, першы яе муж, Цеханавецкі, з ёй са скандалам развёўся, праз гожыя вочкі паненкі тады ў Рэчыцы цэлае пабоішча выйшла, з ахвярамі... I караля акруціла. Цяпер у сям’і графа гадаваўся маленькі Станіслаў Мануцы, па водгуках усіх — выліты Цялок. Сам Мануцы выдаваў сябе за нашчадка старажытнага венецыянскага роду, вось і змайстрачылі яму герб... А паралельна самазваны граф пасябраваў з расейскім паслом Штакельбергам і наладзіў сувязь з каханкам расейскай імператрыцы Пацёмкіным. Так што шпегаваў увішны італьянчык, сябручок такога ж падлючага авантурыста Казановы, на абодва бакі, а мо на тры ці чатыры. Такога ў бутэльку закаркуй — выслізне.
Між тым слугі абодвух экіпажаў узяліся правіць папсаваныя колы. А размова Пранціша з графчыкам набыла небяспечны паварот. Вырвіч справядліва лічыў, што вінаваты ў прыкрым сутыкненні ўладар залачонай карэты. Гэта ягоныя слугі мусілі прытрымаць коней.
Мануцы намякнуў, што спяшаецца ў інтарэсах караля.
Пранціш ганарыста заявіў, што яны выконваюць загад падскарбія, знакаміты доктар Баўтрамей Лёднік мусіць як найхутчэй з’явіцца ў Гародню.
Пачуўшы імя Чорнага Доктара, Мануцы змяніўся. Цёмныя вочы загарэліся азартам, ноздры вытанчанага носа драпежна разадзьмуліся, рука ў шаўковай пальчатцы сціснула дзяржальна шпагі... I раптам заміж спешчанага хатняга сабачкі перад вамі — ікласты хорт, які лёгка ўчэпіцца ў загрывак. А ці праўда, што доктар Лёднік такі выбітны фехтавальшчык, што можа адзін выстаяць супраць дваццаці чалавек? А як ён па сценах скача? Забіць няўзброенай рукой, не дакранаючыся, — таксама можа? Ці гэта плёткі? А ці згодзіцца пан доктар нешта прадэманстраваць?
Мануцы настойліва заглядаў у акно рыдвана, і ясна было — не адчэпіцца. Ну а Лёднік хутчэй зноў кулаком карэту прадзіравіць, чым пакажацца скалечаным.
Раптам акно рыдвана расчынілася, высунулася Сафійка.
— Няхай яснавяльможны граф прабачыць, але мой пан-бацька пачуваецца не надта добра. У яго... чорная меланхолія. Ён не ў змозе дэманстраваць свае фехтавальныя ўмельствы.
I броўку чорную прыўзняла, маўляў, што за несамавітыя паводзіны.
Вось жа няправільна шляхцюкі па патэнце Лёднікі сваіх дзяцей выхоўвалі... Ну хіба можа шляхетная дзяўчынка з незнаёмым панам першай загаварыць, ды яшчэ так дзёрзка?
Вырвіч скасавурыўся на Мануцы... I ўбачанае яму яшчэ больш не спадабалася. I чортава семя, і воўкава племя.
Граф ажно рот раскрыў, i дыханне, падобна, заняло... Вочы пашырыліся, не раўнуючы дзве манеты. Аж захацелася яго локцем у бок стукнуць, як аднакласніка, што разявіўся на пірог на прылаўку пільнай гандляркі.
— О Мадонна! — нарэшце прашаптаў граф і кінуўся зрываць з сябе капялюш, ледзь з парыком не зняў. —
А Сафійка на чысцюткім італьянскім:
Венецыянец ззяў ад захаплення, як пазалочаны стод на сонцы.
Халера... Добра, што Лёднік таго не бачыць.
Відаць, адчуўшы нядобрае, з рыдвана выйшла пані Саламея. Утаропілася ўладна ў авантурыста вялікімі сінімі вачыма.