Читаем Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі полностью

— Ды хліпкія зусім... — задумліва прамовіў разумны хлопец Карусь. Абышоў няспешна карэту, нахіліўся над яшчэ цэлым колам — Пранціш пастараўся стаць так, каб прыкрыць яго спінай... Нешта ціха грукнула... Вырвіч кінуў хуткі погляд: пушчанскі дзяцюк хаваў нешта ў рукаве.

Ну вось цяпер можна развітвацца!

Рыдван ірвануў з месца, бы запрэжаны гарцукамі. Вырвіч пачуў, як Мануцы крычыць на слуг, спадзеючыся не адстаць ад экіпажа з гэткімі цікавымі пасажырамі... Ну, далёка не ад’едзецца. Карусь — сапраўдны мацак, выцягнуў з восі чаку...

Сафійка сядзела надзьмутая — відаць, атрымала нязвыклую вымову за няправільныя паводзіны. Ясна, што абое старэйшыя Лёднікі пералякаліся за сваю кветачку. Вырвіч з сорамам успомніў, як сам калісьці ўюном віўся вакол такіх красунек, не думаючы пра наступствы i сур’ёзныя намеры.

— Што цяпер рабіць, пан Вырвіч?

Вочы пані Саламеі хваравіта блішчэлі. Пранціш не стаў далікатнічаць, даўно не падманваўся куртуазнымі галантнасцямі так званага «вышэйшага свету».

— Не адпускаць паненку адну. Нікуды.

Сафійка ўскінулася:

— Я вялікая!

— Менавіта, — хмыкнуў Вырвіч. — Таму параю тое, што сказаў бы кожны. Неадкладна знайсці панне жаніха. З дастаткова ўплывовага роду. Абвясціць заручыны. Не абавязкова гэтаму скончыцца вяселлем. Але розныя самазваныя графы сто разоў падумаюць, перш чым звязвацца.

Сафійка горача пратэставала, але ейныя бацькі прыгнечана маўчалі. Абое цудоўна ведалі жахлівыя выпадкі. Сябручок Мануцы, авантурыст Казанова, нярэдка знаходзіў гожанькіх цнатлівак дванаццаці-трынаццаці гадоў, дамаўляўся з бацькамі пра цану — мог нават жаніхом прыкінуцца, а то і выкрасці анёлачка, — а потым выхаваную адпаведным чынам дзяўчынку падсоўваў у гарэмы манархаў альбо багатых князькоў... Часам такія дзяўчаткі вельмі някепска прыстройваліся. А Казанова меў добры даход. Мануцы быў нічым не лепшы. I таксама ведаў уладароў, гатовых адсыпаць нямала золата за такі дыямент, як Сафійка Лёднічанка. Вядома, з шляхцянкай так абысціся няпроста... Але на тое і злодзей, каб да кожнага дыямента пралезці.

Саламея Рэніч у юнацтве была не менш прыгожай за дачку... Але і тады ёй была ўласцівая дзіўная веліч і здольнасць утаймоўваць віхуры і злых мужчын. З яе наўрад хто ўзяўся б ляпіць патэнцыйную фаварытку. Такая хутчэй кінжалам ткне, на любыя пакуты пойдзе, але не скарыцца.

Цяпер жа пані Саламея гэтак жа ліхаманкава расчырванелася, як і апоены мікстурай сужонак.

А мікстура ўжо страчвала моц. Лёднік пачаў дыхаць усё больш хрыпла, збялеў, пот каціўся па твары... Чырвоныя кроплі ад наступстваў цуд-лекаў цалкам тыя наступствы прыбраць не маглі. Добра, да Гародні заставалася вёрстаў трыццаць. Таму што Бутрым загадаў не спыняцца на начлег. Толькі коней памяняць.


***

У Гародню заехалі, калі добра сцямнела. Колы падскоквалі на брукаванцы. Саламея трымала спалатнелага мужа за руку, Лёднік сціскаў зубы, Сафійка адмярала цвёрдай рукой кроплі, то празрыстыя, то чырвоныя, то балотна-зялёныя, не зважаючы на дарожную гайданку.

Паколькі той дом, які быў вылучаны Лёдніку як прафесару медычнай акадэміі, Тызенгаўз забраў, скіраваліся адразу да Жылібера. Пакуль даехалі, Чорны Доктар ужо трохі ачомаўся, але яшчэ не меў дастаткова моцы, каб пярэчыць супраць уладкавання ў агіднае крэсла на колах і бясслаўныя ўлазіны ў чужы дом.

У доме пахла... Не, хутчэй смярдзела вынікамі хімічных доследаў. Да наступстваў рэакцый салетры ды нітратаў дадаваўся густы водар парфумы з вярбенай.

У канцы доўтага калідора, асветленага двума простымі масянжовымі свяцільнікамі са свечкамі, нешта грукнула, заскрыгатала... Насустрач госцю ў крэсле сунулася амаль такое ж крэсла, з атручаным гаспадаром, якое штурхала энергічная прыгожанькая чарнявая пані з самым заклапочаным выглядам. Вярбенай пахла якраз ад мадам. Карусь, які вёз Лёдніка, няветліва скрывіўся пры поглядзе на дэкальтэ францужанкі.

Шаноўныя дактары нейкі час бязмоўна сузіралі адзін аднаго... А потым дружна зарагаталі. Смех быў з добрым дамешкам горычы і некаторай няёмкасці, але Вырвічу стала лягчэй на сэрцы. Нічога, усё яшчэ наладзіцца! Каб два такія моцныя чалавекі — ды з характараў абодвух дактароў можна шаблі каваць — і не далі рады сваім хворасцям!

Адсмяяўшыся, Жылібер паспрабаў павярнуцца і працяць злым позіркам жоначку.

— Ты масье Лёдніка выклікала? Хіба я не забараніў табе?

У мадам на вочы шчырыя слёзы крыўды навярнуліся. Аказалася, калі забойца з’ехаў, знайшлі ў ягоным пакоі на стале аркуш з формулай і надпісам па-французску: «Шчырая падзяка доктару Барталамеюсу Лёдніку, найлепшаму вынаходніку атрутаў!»

Жылібер, калі пра тое даведаўся, адразу загадаў жонцы аркуш з імем сябра спаліць і нікому пра тое не гаварыць. Бо гэта, зразумела, пастка, спроба ачарніць бязвіннага чалавека. Але мадам Жанна правільна вырашыла: забойца намякаў, што толькі доктар Лёднік ведае, як вылечыць яе мужа. Вось і паслала яму праз пана Вырвіча паперку з формулай, якую загадзя паспела перапісаць.

Вырвіч глядзеў у трохі спалоханыя цёмныя вочы францужанкі і не мог зразумець, прыкідваецца яна ці сапраўды ні ў чым не вінаватая...

Перейти на страницу:

Похожие книги

Святой воин
Святой воин

Когда-то, шесть веков тому вперед, Роберт Смирнов мечтал стать хирургом. Но теперь он хорошо обученный воин и послушник Третьего ордена францисканцев. Скрываясь под маской личного лекаря, он охраняет Орлеанскую Деву.Жанна ведет французов от победы к победе, и все чаще англичане с бургундцами пытаются ее погубить. Но всякий раз на пути врагов встает шевалье Робер де Могуле. Он влюблен в Деву без памяти и считает ее чуть ли не святой. Не упускает ли Робер чего-то важного?Кто стоит за спинами заговорщиков, мечтающих свергнуть Карла VII? Отчего французы сдали Париж бургундцам, и что за таинственный корабль бороздит воды Ла-Манша?И как ты должен поступить, когда Наставник приказывает убить отца твоей любимой?

Андрей Родионов , Георгий Андреевич Давидов

Фантастика / Приключения / Альтернативная история / Попаданцы / Исторические приключения