Читаем Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі полностью

— Мая жонка ніякай шкоды не ўчыніла. Я — дыпламаваны доктар, магу засведчыць, — Лёднік усё-ткі ўхітрыўся нагнаць на сябе дастаткова важнасці.

Гаспадар нервова пакруціў тонкі вус.

— Не абвяргаю словы вашае мосці, але адбылося жахлівае. Памерла мая верная сужонка і нованароджанае дзіця. Ваша пані пры гэтым прысутнічала. Грамада захоча пачуць, як усё было... Дачакайцеся світання, панове.

— Нам тэрмінова трэба ехаць па запрашэнні ягонай мосці падскарбія Антонія Тызенгаўза, — раўнуў Вырвіч. — Мы выконваем загад яго мосці падскарбія. Вы насмеліцеся перашкаджаць волі пана Антонія?

Возны змізарнеў, гучна пракаўтнуў сліну, але не саступіў дарогі.

— Мы так высока не лётаем, панства, мы — шляхта небагатая. Не вяльможная. Але ў нас свой гонар, свой герб i права захаваць сваю маёмасць. А мне зараз трэба выдаткоўвацца на годнае пахаванне...

Жмінда і ў пекле са смалы грошай наробіць.

— Мы гатовыя ахвяраваць пану на жалобныя выдаткі, — перабіў Вырвіч, якому надакучылі гэтыя начныя вупырскія гульні. — Дваццаць дукатаў дапамогуць пану?

У маленькіх цёмных вачах вознага, што яшчэ больш прыпадабнялі яго да мышы, загарэўся прагны інтарэс.

— Нябожчыкі два...

— Значыць, сорак дукатаў, — рашуча заявіў падкаморы.

На твары доктара застыла грэблівасць. Саламея прыгнечана маўчала.

Калі манеты былі адлічаныя і адцягнулі кішэню ўдаўца, госці нарэшце атрымалі магчымасць дабрацца да свайго рыдвана, куды Сцяцко ўжо загрузіў куфры.

— Дзе бабы кнігі чытаюць, там людзі мруць... — падвёў вынік дзікай ночцы не менш дзікай высновай Карусь.

Дождж, на шчасце, суняўся. Затое падымаўся такі туман, быццам цэлы легіён зайцоў узяўся варыць піва для хаўтураў. Каламутнае сівое паветра віхурыла, як сапраўдны дым, і ў ім можна было ўгледзець фантомы і стрыгаў, і стрыгавых дзетах, і спадароў інквізітараў...

А вось і яны... Інквізітары местачковыя, паляўнічыя на вупыроў. Варта было экіпажу выехаць з двара, на нябачным храме ўдарыў звон, тужліва-пагрозна, і далёкія галасы заспявалі малітву. Сцяцко сцебануў коней, і клятае мястэчка засталося ззаду разам з туманам, смерцю і вупырамі. Пранціш уявіў, чым зараз будуць тут займацца сучаснікі Жылібера і Жана Жака Русо, перахрысціўся і выдыхнуў з палёгкай. Скасавурыўся на збляднелую Саламею, што зашылася ў кут карэты, захутаўшыся ў дарожны плашч, на Лёдніка, які, унурыўшыся, паціраў калені, на Сафійку, якая проста спала, падкурчыўшы ногі... Што ж іх усіх чакае ў гэтым падарожжы, якое толькі пачалося, а ўжо далося ў знакі?

Раздзел другі

ЯК ЛЁДНІКІ 3 ГРАФАМ МАНУЦЫ

ПАЗНАЁМІЛІСЯ

Як сведчаць летапісы, у лета шэсць тысяч шасцісотае ад стварэння свету было на Полацак нашэсце наўяў. Гойсалі мерцвякі па вуліцах, саміх не відаць было, а вось сляды капытоў іхніх коней палачане бачылі выразна. Можа, прывідныя коні проста занадта хутка несліся для вока чалавечага, як умеюць гарцукі, чорныя духі, якія возяць па небе агромністы вогненны жоран з паганскім Перуном?

Чацвёрка сытых чорных коней пёрла па старажытнай Альгердавай дарозе між Полацкам і Вільняй шыкоўную карэту, пазалочаную, з гербамі, так імкліва, нібыта ў ёй выправіліся на зладзейскую справу наўцы альбо хтосьці зацугляў перуновых гарцукоў. Лужыны ператвараліся ў феерверкі бруду, гасцінец ажно дрыжэў...

Ніхто не прытрымаў чорных коней, нават бачачы, што наперадзе валюхаецца грувасткі рыдван. Дарэмна два фурманы, што кіравалі ім, чарнявы дзяцюк з квадратнымі плячыма і бялявы хлапец-мацак, спрабавалі адвесці свой экіпаж убок... Шалёная залачоная карэта дагнала рыдван якраз у самым нязручным месцы дарогі, калі з аднаго боку было густое кустоўе, а з другога — узгорак, на які ўскараскваліся танклявыя бярозкі.

Хрась!.. Залаты бок карэты ледзь не прыхіліўся да чорнай сценкі рыдвана, заднія колы экіпажаў сутыкнуліся, быццам няўважліваму шкаляру аднакласнік спрытна падставіў нагу... Вось і прыехалі. Без кола засталіся. А да Гародні ўсяго два пераезды!

Красамоўства фурманаў абедзвюх павозак змусіла б вядомага грэка Дэмасфена тэрмінова набраць у рот каменьчыкаў і зноў бегчы на бераг мора, трэніравацца ў вымаўленні складаных сінтаксічных фігур, няхай не дужа прыстойных.

Сітуацыю маглі ўладзіць толькі гаспадары. Пакуль Саламея супакойвала раз’юшанага Лёдніка, які ад штуршка ледзь не паляцеў на падлогу, Пранціш самавіта выйшаў з пахіленага рыдвана, паклаўшы руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра. Гаспадар залачонай карэты не зрабіў ласку выйсці, але ягоны слуга ў венгерцы з залатымі галунамі расчыніў дзверцы, каб пан мог высунуцца вонкі і пакараць дзёрзкі сусвет.

Пан быў даволі гожы гэткай саладжавай пекнатой, якую цэняць у куртуазных свецкіх салонах: чорныя выразныя вочы, акуратны нос, не кірпаты і не дзюбаты, румяныя шчокі, невялікі капрызны рот. Парыс, каб яго цапамі малацілі. Праўда, цяпер гожае аблічча псавала злосць.

— Вашыя фурманы мусілі збочыць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Святой воин
Святой воин

Когда-то, шесть веков тому вперед, Роберт Смирнов мечтал стать хирургом. Но теперь он хорошо обученный воин и послушник Третьего ордена францисканцев. Скрываясь под маской личного лекаря, он охраняет Орлеанскую Деву.Жанна ведет французов от победы к победе, и все чаще англичане с бургундцами пытаются ее погубить. Но всякий раз на пути врагов встает шевалье Робер де Могуле. Он влюблен в Деву без памяти и считает ее чуть ли не святой. Не упускает ли Робер чего-то важного?Кто стоит за спинами заговорщиков, мечтающих свергнуть Карла VII? Отчего французы сдали Париж бургундцам, и что за таинственный корабль бороздит воды Ла-Манша?И как ты должен поступить, когда Наставник приказывает убить отца твоей любимой?

Андрей Родионов , Георгий Андреевич Давидов

Фантастика / Приключения / Альтернативная история / Попаданцы / Исторические приключения