— Вось бачыш, Вячаслаў,— сказаў Пугацэвіч.— Факты быццам ёсць. Давай паспрабуем асвятліць іх знутры. Які ты зрабіў бы вывад? — Шульжык быў з тых супрацоўнікаў, якія вельмі не любілі прымаць рашэнне, і капітан спакваля стараўся прывучыць яго да самастойнасці.
Шульжык памуляўся, перш чым сказаць:
— Меркаванняў два, а на каторым спыніцца?..
— Ну што ж, паспрабуем разам. Слухаю цябе.
— Усё-такі нехта па хлопца з рэчамі павінен быў прыехаць. Не стаў бы ён проста так чакаць. Думаю, рэчы не крадзеныя, не спяшаўся змыцца.
— Слушна,— пагадзіўся капітан.
— Прыехаць павінен быў або той самы шафёр «пікапа», або знаёмы таксіст, з якім была дамоўленасць і які чамусьці затрымаўся. Ці прыязджаў ён пазней, я не змог устанавіць. Месца бойкае, таксі снуюць туды-сюды.
— I гэта праўдападобна. Хаця адна хіба ў версіі ёсць. Чаго хлопец ашываўся ў чужым двары? Сапраўды, каб з крадзеным, то не стаў бы садзіцца ў выпадковую машыну. Выпадковы шафёр не будзе маўчаць, каго і куды вёз, пабаіцца, калі справа да міліцыі дойдзе.
— Чаго невінаватаму баяцца? А хлопец падазроны. Таму я яшчэ папрацую вакол вадзіцеля «пікапа».
— Толькі асцярожна, каб не кінуць цень на чалавека.
— Вядома,— адказаў Вячаслаў.— Гарбаценка што-небудзь выявіў?
— Багемнічае. А вынікі?.. Надта хутка хочаш.
Шульжык зноў адправіўся на Падлесную.
Пугацэвіч застаўся ў кабінеце. Гартаючы блакнот, ён узнаўляў у памяці людзей, з якімі бачыўся, размаўляў. Напісана было быццам нямала, а вынікі здаваліся мізэрнымі. А можа, ён проста іх не ўлоўлівае?
3 тых, з кім Пугацэвіч сустракаўся апошнімі днямі, найбольш яму спадабаўся Валодзя Гаруновіч — сябра сына Канапацкага. Спатканне адбылося ў інстытуце. Абмяняўшыся такімі-сякімі рэплікамі, звычайнымі паміж раней не знаёмымі людзьмі, Сяргей Антонавіч раптам злавіў сябе на тым, што надта пільна прыглядаецца да маладога чалавека. Ці не таму, што пра яго казалі як пра здольнага даследчыка? Усміхнуўся — Гаруновіч з выгляду быў, як многія ў гэтым інстытуце. Вышэй сярэдняга рост, спартыўнае, трэніраванае цела, прадаўгаваты з высокім ілбом твар, пад шырокімі доўгімі бровамі крыху запалыя сінія вочы. Позірк сур’ёзны, цвёрды. Адчуваецца моцны характар. 3 такім чалавекам хочацца гаварыць не толькі пра службова-неабходнае, і Сяргей Антонавіч пацікавіўся:
— Над чым працуеце, калі не сакрэт? — Ён пасунуўся з крэслам бліжэй да стала, заваленага дэталямі, інструментам, кавалкамі дроту.— Я ў такой лабараторыі ўпершыню.
— Ды ўжо ж, у вас лабараторыі іншыя, хаця, думаю, па-свойму не горшыя. А працуем? Хочам кібернетычнага робата стварыць, з праграмай, якая забяспечвала б пэўную самастойнасць у рашэннях.
— Фантастыка?
— Ужо не зусім. Сяго-таго дамагліся,— Гаруновіч падышоў да шафы, адчыніў дзверцы, пстрыкнуў тумблерам.
3 шафы на капітана ўтаропіліся зеленаватыя вочы-ліхтарыкі, яны ўспыхнулі на жоўтай панелі. Секунду-другую ў вачах пераліваліся агеньчыкі, нібы яны паміргвалі, як пасля сну, а тады пад імі прабегла і засталася двайная хвалепадобная палоска, і ў пакоі прагучала: «Чалавек мне незнаёмы».
Пугацэвіч шчыра рассмяяўся:
— Малайчына, робат!
А ў робата вочы-ліхтарыкі пацямнелі да густога зялёнага колеру, і ён прамовіў: «Прашу назваць сябе».
— От здорава,— Сяргей Антонавіч быў у захапленні.
— Хочам яму чалавечыя формы надаць,— Гаруновіч адключыў робата, зачыніў шафу і вярнуўся да капітана.— Прабачце, вы ж не на экскурсію да мяне? Усё пра Канапацкіх?
Капітан развёў рукамі: маўляў, што паробіш, служба.
— Агідная гісторыя,— перад Пугацэвічам быў ужо не лагодны хлопец, які з задавальненнем дэманстраваў тварэнне сваіх рук, а сухаваты, абураны чалавек.— На якія суткі з’ехалі — і на табе! Цікавалі за імі, ці што?
Ён нібы глядзеў у корань, і ў капітана раптам з’явілася прадчуванне, што на гэты раз размова будзе плённай.
— Мне думаецца, што так,— сказаў Сяргей Антонавіч.— Злачынцы ведалі, што гаспадароў няма і не хутка будуць.
— Вашы таварышы ўжо ў мяне пыталі, ці не меў я падазроных сувязей,— Гаруновіч не іранізаваў, не абураўся самім такім меркаваннем — ён прымаў яго неабходнасць.— Колькі ні думаў, не магу прыпомніць, што наогул гаварыў каму-небудзь, кім працуе і куды ездзіць Леў Сідаравіч. А што Канапацкія былі ў гасцях, толькі пазней ад Косці даведаўся…
Усё гэта амаль слова ў слова было запісана яшчэ следчым райаддзела ў пратаколе. Валодзя не дадаў ніводнай новай дэталі. Пугацэвіч, збіраючыся ў інстытут да Гаруновіча, дапускаў такое. Стандартныя пытанні не будзяць думкі сведак. Таму рашуча, не заўважаючы, што перайшоў на «ты», перабіў:
— Давай, Валодзя, падыдзем да праблемы крыху інакш. Нас цікавіш не ты, як пункт уцечкі інфармацыі, не твае сябры, а твая назіральнасць. Садзейнічалі кражы, магчыма, добра знаёмыя і табе, і Канапацкім. Яны, магчыма, і цяпер сутыкаюцца з табой, з абрабаванымі. Табе думка ясная?
— Здаецца, так.— Гаруновіч сядзеў засяроджаны, уважлівы.