Беручы па адной, Гаруновіч уважліва прыглядаўся да картачак, адкладваў, потым падсоўваў зноў. Нарэшце запытальна ўзняў вочы на Пугацэвіча:
— Падказкі не будзе, Валодзя. Сведчанне патрэбна праўдзівае.
— Вось гэтага помню дакладна,— Гаруновіч упэўнена выцягнуў з ужо складзенага ім веера фатаграфію пад пятым нумарам.— Ён стаяў тады ў тралейбусе, справа ад Ніны Шумейка.
— Ты ж, здаецца, казаў, што Нініных суседзяў з твару не разглядваў.
— Позірк запомніў. Цяжкі, злосны, напэўна, таму і твар у памяці захаваўся, падсвядома.
— Та-ак,— працягнуў капітан,— ён, канечне, мог ехаць, жыве ў тым раёне. А больш нікога не пазнаеш?
Гаруновіч зноў прайшоўся вачамі па фатаграфіях і адмоўна паківаў галавой.
— Дзякую і за гэта,— Сяргей Антонавіч паціснуў Валодзеву руку, правёў хлопца да дзвярэй.— А пра дамоўленасць не забывай. Некалі зайду ў тваю лабараторыю, проста так, экскурсантам. Вельмі твой робат-гаварун спадабаўся.
— Чакаю. Косцю заходзіць?
Сяргей Антонавіч выглянуў у калідор следам за Гаруновічам, сказаў:
— Заходзьце, Канстанцін Львовіч.— Усадзіўшы хлопца за стол, дадаў: — Давайце знаёміцца. Прозвішча і званне маё вы ведаеце, як і тое, што мне даручана расследаваць кражу ў вашай кватэры. 3 бацькам я пагаварыў ужо ў вас дома. Дзякуй, што вы прыйшлі да мяне.
Хлопец усміхнуўся, і ў ягоных вачах прамільгнула лёгкая іронія:
— Каб я знаў, хто краў!
— Я таксама не ведаю злачынцаў, Канстанцін Львовіч. Пакуль!
— Абнадзейваеце?
— Бачыце,— Пугацэвіч цярпліва вёў сваё,— расследаванне злачынства нагадвае творчы працэс. Калі, у які момант настае азарэнне — вытлумачыць не магу. Як, напэўна, і вы. От і збіраю факты, штрышкі. I назбіраў ужо. А што з гэтага спатрэбіцца, што — не, калі колькасць пяройдзе ў якасць, сказаць яшчэ не магу. Таму і сябе не шкадую, і людзей, можа, лішне тузаю. Вас таксама патурбавалі другі раз.
— Мяне — няважна…
— Не, Канстанцін Львовіч, важна. У людзей, асабліва абрабаваных, нервы не з дроту. Аднак не крыўдуйце,— ён памаўчаў, папрасіў: — Назавіце ўсіх — знаёмых, суседзяў, сяброў. Не бойцеся, не абвінавацім нікога без прычыны.
— Значыць, вывады за вамі? — Канстанцін ужо быў сур’ёзным. Ён, відаць, улавіў думку старшага оперупаўнаважанага.
— Натуральна, бо ведаю больш за вас, хаця, разумееце, дзяліцца сваімі ведамі не маю права.
— Разумею,— хлопец задумаўся.— Тут да нас мала хто заходзіць. Сябры бацькоў засталіся ў старым раёне, а ўзрост іх не той, каб па гасцях хадзіць.— Ён назваў некалькі вядомых Пугацэвічу прозвішчаў і павініўся: — Вось і ўсе…
— Хто прыносіў перадачу для сына Шумейкаў?
— Ну-у! — ускінуўся хлопец.— Мы з Шумейкамі як сваякі.
— Не пярэчу. Я нагадваю, што вы не ўсіх называеце. Валодзю Гаруновіча, між іншым, таксама не ўспомнілі. Правільна?
— Служба ж у вас,— паківаў Канапацкі галавой.
— Дакладнасцю не толькі тэхніка вызначаецца. Вашым знаёмым-блізкім таксама такія пытанні задаём.
— Прабачце… Пасылку прыносілі Іван Сямёнавіч з Нінай. Ён у брата пра свайго сына распытваў. Ніна з маёй маці шапталіся, маці спіць і бачыць, што Ніна замуж пайшла…
Бол ён нічога не ўспомніў. Калі Канстанцін Канапацкі пайшоў, у Сяргея Антонавіча раптам пагоршыўся настрой, ён ліхаманкава заляпаў па кішэнях. Цыгарэты аказаліся ў шуфлядцы стала, побач з тэлефонным даведнікам. Сяргей Антонавіч некалькі імгненняў глядзеў на тоўстую кніжку ў зашмальцаваным сінім пераплёце, а тады, забыўшыся на цыгарэты, таропка разгарнуў даведнік і схапіў тэлефонную трубку.
— Ніна Іванаўна? Прашу прабачыць, Пугацэвіч з крымінальнага вышуку турбуе. Так, так, быў учора ў вас, з бацькамі пагаварыў. Хацеў бы з вамі, пра тое ж самае. Калі можна, лепш у вас дома. Ведаеце, вы ж гандлёвы работнік… Даказвайце потым, што выклік у міліцыю з вашай працай не звязаны. То ў дзевяць вечара,— ён асцярожна апусціў трубку на рычаг і нарэшце ўзяў у рот цыгарэту. Але прыкурыць не паспеў. Зазваніў тэлефон. Цяпер ужо нехта дамагаўся яго, Пугацэвіча.
Пазіраючы на трапяткі жоўты агеньчык над кнотам запальнічкі, Сяргей Антонавіч павольна зняў трубку, назваўся. Якую хвіліну ўважліва слухаў, а потым узмаліўся:
— Хоць ты дай мне спакой, паэт. Выдумляй сабе вершы, заляцайся да дзяўчат… Што? Не, сёння яна мая. Дома. Ну, калі ясна, будзь здароў…
Дзверы расчыніліся раней, чым Пугацэвіч націснуў кнопку званка. На парозе стаяла высокая, у целе дзяўчына. Апранутая не па-хатняму — празрыстая белая нейлонавая блузка і чорная караткаватая спадніца. На шыі — драўляныя карычневыя каралі. Каралі былі буйныя, на дзяўчыне не глядзеліся. Путацэвіч спытаў:
— Можна да вас?
— Заходзьце, я ў акно ўбачыла: ідзе незнаёмы мужчына, няйначай вы Сяргей Антонавіч?
Пугацэвіч падумаў, што сапраўды дома сцены памагаюць. Ніна адчувала сябе раскавана і за адно імгненне нагаварыла болей, чым пры Лебедзеве, калі верыць Гарбаценку, за цэлы вечар. Праўда, з Паўлам надоечы яна не была маўклівая. Аднак Павел — не ён, старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, які прыйшоў сюды з афіцыйнай нагоды і тым самым наўрад ці прынёс Ніне радасць. 3 Паўлам можна было і пакакетнічаць, а з сышчыкам?
Бесклапотна ўсміхнуўся: