— Калі вы такая здагадлівая, то мне лягчэй будзе…
Кватэра Шумейкаў выглядала зусім інакш, чым Канапацкіх, хаця ў абедзвюх жылі людзі прыкладна адных матэрыяльных магчымасцей, аднаго пакалення і, відаць, аднолькавых поглядаў на жыццё, што і вызначала іх працяглае сяброўства. У Шумейкаў было багацей — гарнітуры, дываны, хрустальная люстра ў гасціным пакоі, паркетная падлога. Усё новае, сучаснае, моднае. Толькі кніг было меней і былі яны выпадковыя, купленыя, пэўна, каб запоўніць гарнітурную паліцу. А можа, ён, Пугацэвіч, раптам страціў аб’ектыўнасць — учора ж у яго такога адчування не ўзнікала.
Гаспадыня, невысокая, паўнаватая і вельмі рухавая жанчына, сустрэла капітана як старога знаёмага. Ён не паспеў і двух слоў вымавіць, а стол ужо быў накрыты чыстым светла-зялёным, у тон абіўкі мэблі, абрусам, і на ім з’явіліся квятастыя, з нямецкага сервіза кубкі, сподачкі, бліскучы электрычны самавар. Учора яго сустракалі больш стрымана. Ці не Ніна пакамандавала?
— Не адмаўляйцеся, малады чалавек,— прыгаворвала гаспадыня, аглядаючы стол.— Калі чалавек у дзевяць гадзін вечара на службе, то, значыць, яшчэ не вячэраў. Вось і пасядзіце з намі.
На стол тым часам ставіліся талерачкі і вазачкі з прысмакамі да чаю.
— Мама,— дачка сядзела ў крэсле, падпершы рукой галаву,— чай — гэта для вас з бацькам, старых.
— Вось так,— збянтэжылася гаспадыня.— Можа, сапраўды каву? Не саромейцеся, я зараз.
Пугацэвічу было няёмка — ён прыйшоў не ў госці, нават з каменьчыкам за пазухай. А тут яшчэ Ніна камандуе маці. I ён аднекваўся:
— Не турбуйцеся, калі ласка. Мы з вашай дачкой спачатку пагаворым… Справа ж адкладу не церпіць…
— Адно другому не пашкодзіць, можна і чай-каву піць, і гамонку гаманіць,— прыгаворвала гаспадыня.
— Не манежся, капітан, не манежся,— далучыўся да жонкі гаспадар Іван Сямёнавіч. На сваім заводзе ён займаў немалую адміністрацыйную пасаду, прывык, каб яго слухаліся, і з Пугацэвічам таксама гаварыў уладарна.— У нас па-простаму,— ён распасцёр рукі над сталом, запрашаючы: — Прыйшоў у хату — госць. Так, дачка?
Ніна і бацьку адрэзала, скрывіўшы капрызна губы:
— Чалавек сам вырашыць, не маленькі.
Гэта прагучала не надта тактоўна, і Сяргей Антонавіч на злосць Ніне перасеў да стала.
Гаспадыня падала кубак моцна заваранага пахучага чаю, прысела да стала.
— Мама, ты зноў забылася!.. Лыжачкі для цукру дзе?
— Ой,— падхапілася жанчына, кінулася да серванта.— Калі ласка, астатняе перад вамі, Сяргей Антонавіч частуйцеся.
— Не клапаціцеся, дзякуй, я не з сарамлівых,— папрасіў Пугацэвіч. Глынуў густога карычневага напітку і неяк краем вока заўважыў, што Ніна паглядзела на гадзіннік. Ну што ж, яму таксама не было куды спяшацца — гадзіннік паказваў толькі дзесяць мінут дзесятай. Адно было кепска — узбуджаная чаканнем дзяўчына будзе не надта ўважліва прымаць яго пытанні. Ён падняў галаву і, як вінячыся за назойлівасць, сказаў: — Увогуле, у мяне да вас, Ніна Іванаўна, усё тое: ці не падазраяце вы каго ў кражы ў Канапацкіх?
Дзяўчына паківала галавой.
— Ясна,— сурова ўмяшаўся Іван Сямёнавіч.— I сёння зладзеі гуляюць, прапіваюць крадзенае.
Пугацэвіч маленькімі глыткамі цягнуў пахучы гарачы чай, прыслухоўваючыся, як па целе бяжыць прыемная цеплыня. У адказ на выпад уздыхнуў:
— Глуха. Вось і непакоім людзей з адным і тым жа. Раптам хто што прыгадае.
— Спадзявацца на грамадскасць — гэта правільна. Але… Мы ўжо і самі не раз абмяркоўвалі,— Іван Сямёнавіч пагладзіў чыста паголеную загарэлую галаву, упэўнена, як дасведчаны чалавек, папракнуў: — Не тую версію распрацоўваеце.
Быў Шумейка з тых, хто ведае ўсё пра ўсё — ад праблем футбола да шляхоў уздыму сельскай гаспадаркі. Такі не прапусціць выпадку, каб не павучыць. Аднак учора ён, Пугацэвіч, таксама з гэтым звяртаўся, і гаспадар быў спакайнейшы. Не падабаецца, што дачку распытвае? Шчыра спачувае Канапацкім? I яго тон азначае, што можна чакаць чарговай скаргі. Калі такі чалавек, як Шумейка, палічыць, што здольны некага накіраваць па шляху ісціны, то не пашкадуе ні сілы, ні часу. Лішняя скарга вышуку была непатрэбная, бо давядзецца не справай займацца, а тлумачэннямі і апраўданнямі, і Сяргей Антонавіч сціпла пагадзіўся:
— Інакш і быць не магло, вы ж сябры. Ды ў нас, перш чым адкінуць версію, мусіш давесці яе да канца. Парадак такі.
— То-та! — падняў палец гаспадар і засмяяўся:— Даводзьце, даводзьце сваю версію, малады чалавек.
— Дзякую, Іван Сямёнавіч,— Пугацэвіч умеў быць ветлівым цераз край. Павярнуў галаву да Ніны: — Вы ў Канапацкіх часам бываеце, так? Пры вас хто-небудзь заходзіў? Я маю на ўвазе не блізкіх, а проста знаёмых, суседзяў.
— Пры мне, здаецца, нікога не бывала. Сама я ў іх гады ў рады бываю. Ці не ў тым месяцы апошні раз заходзілі з татам,— яна зірнула на бацьку.— Брату пасылку прыносілі, ён у часці старэйшага сына Льва Сідаравіча.
— Перад кражай заходзілі, пасля?
Дзяўчына сярдзіта адказала:
— Неяк не злучала гэтыя дзве падзеі!