— Прабачце, вы мяне не так зразумелі, Ніна Іванаўна. Проста выпадковыя наведвальнікі пасля кражы, як вы разумееце, мяне не цікавяць,— каб пацягнуць час, Пугацэвіч вырашыў крыху абвастрыць сітуацыю.— Ніхто нічога не ведае. Ну, Канапацкія — зразумела, яны не могуць падазраваць людзей, якіх прымаюць, іначай не прымалі б. А вось іх сябры такой умоўнасцю не звязаны, сябры глядзяць на ўсё больш цвяроза, аб’ектыўна. Напэўна ж, і ў вас, Ніна Іванаўна, свая думка пра кражу ёсць?
— Я не следчы! — дзяўчына зноў зазлавала.
— Дочачка, чалавек не для сябе стараецца,— маці з дакорам паглядзела на Ніну.
— Без цябе здагадалася! — Яна чагосьці завялася.
Бацька як не заўважыў гэтай грубасці дачкі, а можа, не хацеў заўважаць? Дык не Пугацэвічу, старонняму тут, рэагаваць на яе. Ён толькі падумаў, што Павел не зусім дакладна ахарактарызаваў дзяўчыну. Дома яна не слабавольная, тут ёй слова насуперак не кажуць. Ні тады, калі патрабуе па-сучаснаму кватэру абстаўляць, ні тады, калі ноч прагуляе. Вось і зараз маці не паказала крыўды, не абарвала, а толькі з жалем паглядзела і пайшла ў калідор. I ў гэты момант зазваніў тэлефон — працягла, як міжгародні.
Ніна сарвалася з месца. Але маці была побач з апаратам і ўзяла трубку раней.
— Дай сюды! — крыкнула дзяўчына.
— На, на,— сказала маці і вярнулася ў гасціную, асцярожна прычыніўшы за сабой дзверы. На нямое запытанне мужа перасмыкнула плячамі: — Вырвала трубку… 3 Нікалаевам, сказала тэлефаністка.
Пугацэвіч, спачуваючы жанчыне, папрасіў:
— Калі ласка, яшчэ паўкубачка… Не, не, дзякую. Не прызнаю салодкага.— Ён мог ужо ісці адсюль. Аднак трэба было развітацца і з Нінай.
9
Уначы прашумеў кароткі буйны дождж. Гарачыня апала. Заціхлая, прыгнечаная прырода адразу ажыла. Выпрастала паніклыя сцяблінкі трава на газонах і ў скверах, паднялі галовы, зайгралі пазелянелай лістотай кусты і дрэвы. Павесялелі і людзі, высыпалі на вуліцы. У старым цэнтры горада, забудаваным даўно, стала нават цеснавата.
Не знаю, як каму, а мне падабаецца шматгалосая, вірлівая вуліца. Міжволі пераймаю яе бесклапотны няспын-ны рытм, расслабляюся. Аднак агеньчык трывогі ўсё роўна не згасае ў грудзях. Пакуль ён маленькі, няпэўны. Нічога, некалі ён успыхне, запалае, разальецца зарывам — усяму свой час. I пакуль ён не настаў, я павольна плятуся па сонечным баку Дняпроўскага праспекта і лыпаю на сустрэч-ных прыгажунь. А што, не магу сабе гэтага дазволіць?
Па-першае, я халасцяк, і нават не закаханы; па-другое, у мяне зараз канікулы — на службу хадзіць не маю права, а тых, на каго скіравана мая ўвага, яшчэ няма, нават Грыгаровіч не паказваецца. Дык чаму мне не паспрабаваць і не сустрэць на гэтых гарадскіх вуліцах сваё неспадзяванае шчасце?
Паблукаўшы з гадзіну, выходжу да ракі. Па пругкай драўлянай лесвіцы, там-сям ужо спарахнелай, спускаюся ўніз. Пляж на тым, усходнім, беразе. Тут жа вузенькая, парослая дзірваном палоска сырой зямлі, за якой адчуваецца абрывістая глыбіня — вада цёмная, цяжкая, бяздонная. У ёй, як у люстэрку, адбіваецца высокі пагорблены бераг з вытыркнутым дзе-нідзе знявечаным, стаптаным вербалозам. Быццам і не відно нічога ў гэтай лянівай вадзе, а я люблю глядзець у яе запаволеную паваротам рухомасць і думаць. Думаецца тут, побач са спакойнай ракой, разважліва, грунтоўна, няспешна. Пра што ў галаву прыйдзе. Толькі вось дзіўна: на ўспамін заўсёды прыходзіць нешта такое, што неўзабаве аказваецца патрэбным. Відаць, гэта ўсё той самы агеньчык у глыбіні, які цепліцца і ніколі не згасае.
Выбіраю вялікі плоскі зверху валун, саджуся і з прыемнасцю выцягваю доўгія ногі. Вада зусім блізка. Не хапае падмачыць новыя з чырвона-чорным пералівам сандалеты. Заплямяцца, што тады скажуць пра мяне дзяўчаты-афіцыянткі ў кафэ? Пакуль яны, калі не памыляюся, высокай думкі пра мой густ. На мне не «фірма», але не менш дарагое і прыгожае, і гэтым я выдзяляюся між астатніх джынсовак і вельветак, у якіх, нібы ў форме гандлёва-бытавой абслугі, выхваляюцца адзін перад адным большасць пастаянных наведвальнікаў кафэ. Як мне здаецца, афіцыянткі былі б расчараваныя, калі б і я нацягнуў на сябе якую-небудзь «фірму». Усё-такі я ў іх установе першы паэт і мушу чымсьці адрознівацца ад іншых. Стараюся.
А ўвогуле ў кафэ да мяне хутка прывыклі, прымаюць як свайго чалавека. Ва ўсякім разе, мне хочацца ў гэта верыць. Мяне дзяўчаты ўжо амаль не саромеюцца і пры мне хіба толькі свае туалеты не дэманструюць, і то, баюся, да пары. Праўда, асабіста я не буду ў прэтэнзіі, калі акажуся ў ролі той самай чаканкі, што з выдумкай развешана на сценах. Чым непрыкметней буду, асабліва для сваіх падапечных, тым для справы лепш.