Дык вось, калі разабрацца, гэтых фактаў пакуль не густа. Па сутнасці, нават не факт, а палавіна ёсць, і то выпадак паспрыяў — у час апынуўся ля дома Шумейкаў капітан Пугацэвіч. Усё астатняе, у тым ліку, куды ездзілі Лебедзеў з Самсонавым, устанаўлівалі без мяне. Правільна, я не магу быць адначасова ўсюды. А хочацца. Бо працуючы на агульны вынік, не можаш не думаць пра ўласны ўклад.
Але вярнуся да сённяшняга вечара. Што мы маем, акрамя прызнання майго паэтычнага таленту?
Былі ў рэстаране «Сосны». Без жанчын. Сямён і Алег мала сядзелі за сталом. Толькі пад канец нагналі ўпушчанае. А паколькі Грыгаровіч не Цыцэрон, я таксама не пільнаваў свайго месца. Што люблю падрыгаць нагамі, хлопцы ведаюць. Лебедзеў быў амаль увесь час на маіх вачах. Сустракаўся ён шмат з кім, я нават усіх не запомніў. Адна размова была даволі працяглай, з вядомым мне Васькам ад ГУМа. Сур’ёзная, у закутку сам-насам. Хто б ні падыходзіў, Сямён сплаўляў прэч. Нават свайго прыяцеля, з якім мяне пазней пазнаёміў. Зрабіў гэта бы на дыпламатычным прыёме: «Павел — паэт, Руслан — навуковы супрацоўнік». Не ведаю, які ён супрацоўнік у інстытуце, але не ўпэўнены, што хапае з неба зоркі. Фанабэрысты і, галоўнае, відаць, сябра Лебедзева. Мне здалося, што паездка Лебедзева не была для яго тайнай. Прамільгнуў у словах Руслана намёк. Толькі навошта напускаць туману? Ды, можа, наогул таямнічасць, недагаворанасць — умоўны ў гэтым асяроддзі грым, які надае гультаям і абібокам значнасць хаця б ва ўласных вачах?
Такім чынам, падсумоўваючы свае здабыткі, бачу, што падкіну хлопцам на распрацоўку «настаўніка моладзі» і Руслана. Нагрузка…
10
Чым болей Пугацэвіч думаў над размовай з шафёрам Самасейкам, тым мацнелі ў ім сумненні. Урэшце давялося Шульжыку зноў наведаць трэст сталовых і рэстаранаў. Праўда, цяпер у яго ў адрозненне ад мінулага разу былі не агульныя меркаванні, а зусім канкрэтныя пытанні. Аднак атрыманыя на іх адказы не надта праяснілі сітуацыю.
У той дзень, як высветлілася, Самасейка перад абедам павінен быў везці прадукты ў рэстаран «Дняпро». На базу прыехаў раней, зайшоў да дыспетчара.
— Нешта вы сёння ранні? — пажартавала дыспетчар.
— Другая радавалася б,— у тон ёй адказаў Самасейка.— I ўвага пані начальніцы, і рэзерв на выпадковую прарэху.
Звычайныя словы, але яны чамусьці ўзлавалі жанчыну, магчыма, таму што з раніцы ёй званілі і званілі, патрабуючы транспарт, а машын, як на тое, не было. Яна і сказала Самасейку:
— Калі ты такі свядомы, то бярыся за руль. Трэба на Маякоўскага і Падлесную.
— Бяру Падлесную,— шафёр не стаў спрачацца, хаця звычайна лішняга на сябе не ўзвальваў.— Заадно да знаёмага па дарозе заскочу, пракладку абяцаў. Так ты, калі трохі затрымаюся…
3 запчасткамі ў трэсце было не густа, і дыспетчар толькі махнула рукой.
Вядома, дачаснае з’яўленне Самасейкі ў дыспетчарскай і знаёмы недзе ў раёне Падлеснай яшчэ ні пра што не сведчылі, усё бывае. Ды Пугацэвічу раптам захацелася пабачыцца з тым шчодрым уладальнікам пракладкі. Капітан адправіўся на базу.
Пугацэвіч падгадаў так, каб сустрэча з Самасейкам выглядала выпадковай. Таму, выехаўшы за вароты, вадзіцель «пікапа» ледзь не натыкнуўся на старшага оперупаўнаважанага. Прытармазіў, высунуўся з кабіны:
— Што гэта вы, Сяргей Антонавіч?..
— Напэўна, думы адолелі,— развёў рукамі Пугацэвіч.
— А ўжо ж, у каго іх няма. Садзіцеся, падкіну,— Самасейка прачыніў правыя дзверцы.— На службу?
— У нас заўсёды служба, Міхаіл Дзмітрыевіч,— усміхнуўся капітан, сеўшы побач з вадзіцелем.— Газуйце наперад, а там удакладнім маршрут.
Самасейка скоса зірнуў на Пугацэвіча і паправіў перад сабой люстэрка, нібы хацеў бачыць у ім не толькі дарогу ззаду, але і твар суседа. Машына пакаціла па пыльнай і вузкай Чыгуначнай вуліцы, забудаванай доўгімі і нізкімі складамі-баракамі.
Пугацэвіч маўчаў.
Самасейка зноў пакасіўся на яго, памацаў тумблер прыёмніка, але не ўключыў. Было прыкметна, што яму ніякавата побач з насупленым старшым оперупаўнаважаным. Ён пакруціўся на сядзенні, паўздыхаў і нарэшце знайшоў тэму:
— Усё, лету канец…
— Пара,— капітан азваўся ахвотна.
Тым часам «пікап» выехаў на Першамайскую вуліцу — шырокую, светлую, зялёную.
Самасейка прытармазіў, хіхікнуў:
— Дык куды вас? А то завязу ў рэстаран…
— Увогуле супраць такой установы нічога не маю,— Пугацэвіч павярнуўся да шафёра.— Але рэстараны некалі потым. Сёння давайце завітаем да аднаго вашага знаёмага.
— Гэта якога? — Самасейка ўскінуў галаву, а нага міжволі націснула на стартэр. Машына тузанулася і замерла зноў.
— Гэтак вы мне шышку паставіце на самым прыкметным месцы,— Пугацэвіч нават памацаў лоб.— Якога, пытаецеся? Таго самага, які пракладку мае. Вы да яго заязджалі ў той дзень, калі левака на Падлеснай бралі.
Самасейка адкрыў рот, аднак сказаў не адразу:
— Колькі іх у нас, шафёраў, левакоў. Ці помніш усіх?
— Ну, тут выпадак асобы. Па-першае, не кожны дзень вам пракладкі зычаць; па-другое, на таго левака вы нам тлумачэнне пісалі. Успомнілі?
— Пасажыра — так, а знаёмага…