— Ясна, Міхаіл Дзмітрыевіч. Тады я вам скажу: не было знаёмага з пракладкай, вы яго прыдумалі. Таму пытанне паставім інакш: хто вас прасіў узяць на Падлеснай чалавека з рэчамі?
— Чэснае слова, выпадкова атрымалася,— занепакоіўся Самасейка.— Выпадкова…
— Падумайце, Міхаіл Дзмітрыевіч. Рана ці позна мы гэта ўсё роўна высветлім без вас. Але тады вы ўжо, можа, станеце не сведкам, а саўдзельнікам. Улоўліваеце розніцу?
— Сяргей Антонавіч, чэснае слова…
— Ваша справа,— перапыніў яго капітан і ўзяўся за ручку дзверцаў.
Аднак перш чым ён адчыніў іх, Самасейка адчайна выгукнуў:
— Калядка!..
Пугацэвіч павольна адпусціў ручку, насмешліва паглядзеў на шафёра:
— Што гэта за Калядка?
— У нашым доме за дворніка.
— Так і папрасіў?
— Не верыце? — У голасе Самасейкі прагучала роспач, і ён зачасціў: — Папрасіў падвезці знаёмага. Сам не мог, у ягоных «Жыгулях» каробка перадач паляцела.
— Чаму адразу не сказалі? — капітан спытаў абыякава, быццам яго больш цікавіў сам гэты факт, а не той дворнік, які, нягледзячы на свае сціплыя пасаду і заработак, мае даволі дарагі аўтамабіль.
— Баяўся, падумаеце, што я калымшчык…
— I сусед, мабыць, прасіў, га? — Пугацэвіч падміргнуў: — Не выдаваць яго…
— Было. А мне што — цяжка, тым болей што і час дакладны сказаў. Пад’ехаў і забраў…
— Добра,— выбіраючыся з машыны, прамовіў Пугацэвіч. Затрымаўся і папярэдзіў: — Каб дарэмна людзі не занепакоіліся, аб нашай размове прашу нікому не расказваць. А пасля працы зайдзіце да нас. Можа, прыйдзецца пратакол складаць.
Самасейка, як баючыся, каб не затрымалі, імкліва сарваў «пікап» з месца. Капітан паглядзеў яму ўслед і падумаў, што ў гэтай гісторыі нешта не так.
Са свайго кабінета Сяргей Антонавіч пазваніў у ДАІ, пацікавіўся, ці няма ў іх якіх прэтэнзій да аўтаўласніка Калядкі. I тут яму давялося за сённяшнюю раніцу здзівіцца другі раз. Уладальнік аўтамашыны пад такім прозвішчам у горадзе не значыўся. Аднак машына ў яго напэўна была, Самасейка не хлусіў. Значыць, нешта круціць сам Калядка. А гэта ўжо цікава.
Пугацэвіч задаволена ўсміхнуўся. Непрыкметна, спакваля яго папка поўнілася фактамі, звесткамі, дакументамі. Кожны паасобку яны быццам бы нязначныя. А ўсе разам ствараюць пэўную аб’ёмную карціну. Праўда, у ёй яшчэ шмат чаго не хапае. Ды ён, Пугацэвіч, цярплівы вышукнік. Вось і дворнік з дома Самасейкі, можа, дадасць да ўжо выяўленага нешта важнае.
Васіль Васільевіч Калядка меў за плячамі сорак гадоў і сярэднюю адукацыю. Працоўную дзейнасць пачынаў на заводзе, набыў кваліфікацыю, ды неспадзявана для многіх кінуў прадпрыемства. 3 таго часу прэстыжнай рабочай пасады не шукаў. Быў адзін час кладаўшчыком, за махлярствы выгналі. Уладкаваўся вартаўніком на лесасклад. Тут за службу заўваг не меў. Нутро выявілася ў іншым — спекуляваў прамысловымі таварамі, купленымі ў магазінах, за што і быў асуджаны. 3 будоўлі народнай гаспадаркі вярнуўся нядаўна — паводзіў сябе станоўча і вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Цяпер працуе дворнікам. Папракаць яго за гэта падстаў не было. Мужчына-дворнік, на жаль, сустракаецца рэдка, больш тут працуюць жанчыны. Аклад невялікі, затое час ёсць на сям’ю, на сумяшчальніцтва. Калядка пра заробкі не дбаў. Ці спадзяваўся на жонку-настаўніцу, ці наогул вялікіх прэтэнзій да жыцця не меў, бо і з жонкай перад судом развёўся.
Жонка кватэру не мяняла. Былога мужа, калі яго асудзілі, не выпісала. Суседзям тлумачыла, што пакінуць яго без кватэры з яе боку быў бы негуманны ўчынак. Выкладала яна мову і літаратуру і розныя вучоныя словы ведала. Зусім натуральна, што Калядка вярнуўся ў сваё жытло. Брак з жонкай не аднавілі, але адносіны падтрымлівалі нармальныя. I машына ў Калядкі была, цесцева, якую ён вадзіў па даверанасці, выдадзенай яшчэ да яго асуджэння. Наўрад ці цесць-пенсіянер мог сам купіць «Жыгулі», ды гэта меркаванне да справы не прыкладзеш, хіба для ўскосных доказаў спатрэбіцца.
У матэрыялах следства былі намёкі, што Калядка перапрадаваў не толькі купленае ў магазінах, але і крадзенае. Следчаму не ўдалося распрацаваць гэту версію. Пугацэвіча ж сам гэты факт насцярожыў. Пасля паказанняў Самасейкі капітан ужо не надта верыў, што Калядка вярнуўся дадому чыстым ад мінулых грахоў і перавыхаваным. У турму ён трапіў невыпадкова, усё яго папярэдняе жыццё вяло да такога фіналу. А закладзенае на працягу гадоў адным махам не разбурыш, не вытравіш. I тое, што пры сваім гуманізме Калядкава жонка не спяшалася з мэтай маральнай падтрымкі даваць грамадзянскую пэўнасць адносінам з былым мужам, таксама наводзіла на роздум.
Адміністрацыя будоўлі, дзе Калядка адбываў пакаранне, дала яму неблагую характарыстыку. Ды адзін факт Пугацэвічу не спадабаўся: на будоўлі дружыў Калядка з нейкім Кірыльчуком, асуджаным таксама за спекуляцыю. У гэтым не было б нічога такога, каб не адна ўвогуле дробязная акалічнасць,— Кірыльчук быў родам з Нікалаева. 3 таго самага горада, адкуль некалькі дзён таму назад Лебедзеў званіў сваёй Вялесьцы. А як паведамілі з будоўлі, Кірыльчук павінен быў ужо знаходзіцца дома.