Дарэмнымі былі мае апасенні неасцярожным словам параніць яе шматпакутную душу. Мадам Лебедзеву, бадай, ужо нічым не проймеш. Як манумент. А гэта азначае, што я маю маральнае права хітрыць не аглядваючыся. Сыну яна знойдзе апраўданне ў любым выпадку.
— Цяпер многія разводзяцца,— не магу я абмяркоўваць з ёю іх высокае становішча ў горадзе, не вытрымаю, сарвуся. Выбіраю прасцейшую тэму.— Пошасць нейкая, ці што. А Сямён ажэніцца. Мужчына ў халасцяках не заседзіцца. I тады забудзе на свае няўдачы.
— Сеня мой, як гэта цяпер называецца, камунікабельны,— усміхаецца жанчына.— Гэта ў яго даўно праявілася. Умеў падысці да чалавека, калі хацеў. Мы дома ніколі не адчувалі нястачы, і я ў школу яму давала грошай на сняданні колькі хацеў. А ён, бывала, заплоціць за адзін сняданак, а тады так падлашчыцца да буфетчыцы, што яму другі бясплатна дадуць. Я не сварылася. Хіба ён вінаваты, што выклікае ў людзей сімпатыю?
Я маўчу, проста не ведаю, што сказаць. Але Лебедзевай, бадай што, не патрэбна маё адабрэнне. Яна атрымала слухача і не хутка спыніцца.
— Яно адчуваецца, што вы з Сенем нядаўна пазнаёміліся,— жанчына вяртаецца ў сённяшні дзень.— Не зразумелі яшчэ майго сына. У яго натура не толькі далікатная, але і складаная, што не адразу кідаецца ў вочы. Сеня мае высокія духоўныя запатрабаванні. А цяперашнія дзеўкі — эгаісткі, ім, бачыце, трэба, каб муж яе спадніцы трымаўся. У Сені ёсць і асабістае жыццё, яму хочацца сустрэцца з сябрамі, пагаварыць пра нешта такое цікавае, пасядзець за бакалам віна, ці ж гэта грэх?
— Можа, жонка вельмі сумавала без яго? — нясмела спрабую аспрэчыць погляд на статус мужа ў сям’і.
Мяне не слухаюць.
— Я ўсё жыццё была адна і заўсёды, разумеючы мужа, знаходзіла сабе клопат. У жонкі, вядома, добрай жонкі, столькі абавязкаў!
Бадай, час вярнуць гэту пыхлівую кабету на грэшную зямлю, і я нявінна зазначаю:
— Не ўсе жанчыны гэта прымаюць. Шкада, што ў вас няма дачкі, вы былі б ідэальнай цешчай.
Яна ўскідвае галаву і падазрона глядзіць на мяне. Захаваць нявінны выгляд пад такім пранізлівым позіркам не проста, але мне гэта, напэўна, удаецца, бо Лебедзева суха паведамляе:
— У мяне ёсць дачка, і я сапраўды з зяцем ладжу.
Наша гамонка працягваецца ўжо гадзіну, пара, як кажуць, і гонар мець, тым болей што Сямёна мне зусім неабавязкова бачыць. Я ўстаю, прашу прабачэння.
— Заходзьце, малады чалавек,— запрашае гаспадыня.— У сына так мала сяброў яго ўзроўню.
Напэўна, я павінен задраць нос ад такой высокай ацэнкі, але я чалавек сціплы і таму толькі пытаюся заклапочана:
— Дзе ж Сямён можа быць?
— Ці не на пляжы,— маці спачувальна ўсміхаецца.— Вада для нерваў — першы сродак. Мора, канечне, лепей. Ды хто мяне слухае. Сеня ўсяго тыдзень і пабыў у маёй сястры ў Нікалаеве.
Апошні ўдар аглушыў мяне.
12
Заходзілі асцярожна, коратка віталіся і рассаджваліся далей ад начальніка аддзела. Толькі капітан Акулік, як заўсёды, заняў крэсла ў самым пачатку стала, прызначанага для выкліканых на нараду. Ён следчы, у яго сваё кіраўніцтва, і тыя горкія словы, якія, напэўна, сёння пачуюць супрацоўнікі крымінальнага вышуку, яго зачэпяць ускосна. Але і ён, прадчуваючы навальніцу, нібы ўціснуўся ў крэсла, і яго мажная постаць зрабілася нават меншай. Ва ўсякім разе, не выдавала, як звычайна, што Акулік займае палавіну пакоя.
Пугацэвіч не зайздросціў сябру. Зрэшты, кожнаму сваё. А заўваг і вымоў у іх з Акулікам службе нахапаць не фокус. Не ўгадаеш, за якім паваротам што цябе напаткае. Як вось гэты раз. Здаецца, усё робяць правільна, і думалася, што хвост жар-птушкі блізка, засталося ўхапіць яго. А яна махнула крыльцамі і пакінула ў руках вышукнікоў аблезлае пер’е. I цяпер шмат што давядзецца пачынаць спачатку.
Пакуль Сяргей Антонавіч скардзіўся сам сабе на нялёгкі сышчыцкі хлеб, Янушкевіч скончыў чытаць прынесеныя сакратаром, відаць, тэрміновыя паперы і, зняўшы акуляры, абвёў позіркам таварышаў. На Гарбаценку затрымаўся, і яго стомленыя пачырванелыя вочы крыху пацяплелі:
— Няблага выглядаеш, лейтэнант.
Павел ускочыў.
— Сядзі, сядзі. Ты свой хлеб недарма ясі.
У Пугацэвіча заныла пад лыжачкай. Калі хваляць аднаго, для астатніх гэта гучыць замаскіраваным папрокам.
— Гэта не ў крыўду вам,— Янушкевіч як здагадаўся пра думкі старшага оперупаўнаважанага і зноў павёў вачамі: — Паўлу цяжэй як каму.— Усміхнуўся: — Хацеў бы вярнуцца, га?
— Сёння як ажыў,— прызнаўся Гарбаценка.
— Ну-ну, пацярпі ўжо. Не доўга.
Пугацэвіч ускінуўся, злавіў позірк падпалкоўніка.
— Так, так, капітан. Думаеш, я табе яшчэ месяц дам на гэту справу? Новыя падпіраюць,— ён узяў акуляры за дужкі, але не надзеў.— Што там у нас з Нікалаевам?
— Баюся, пустышка. Кірыльчук, які адбываў пакаранне з Калядкам і да якога, мы меркавалі, адправіліся Лебедзеў з Самсонавым, дадому яшчэ не вярнуўся. Так што або хлопцы ездзілі да цёткі Лебедзева, або…— Ён на імгненне запнуўся, нібы толькі што ўзнікла новая думка.— Або ездзілі не туды. Заўважце, без вялікіх, як устаноўлена рэчаў, з адной дарожнай сумкай.