— Ёсць адна ідэйка, нават разам з ім пайду.
— Добра. Так і зазначым. Цяпер другое. Ці не аднабакова ты вядзеш пошук, Сяргей Антонавіч? Ціха, выслухай спачатку да канца. Па кражы ў Канапацкіх прэтэнзій не маю. А вакол Падлеснай працуеце недастаткова. Адна група дзейнічала, дзве — істотнага значэння для нас пакуль не мае, раскрываць усё роўна трэба. Так? Дык вось, вы там не ўсё выкарысталі. Паліклініку, можа, сталовую. Прыкладны час крадзяжу вядомы. Устанавіце хворых, якія ў тую раніцу ішлі праз двор нашага дома. Раён абслугоўвання паліклінікай вялікі, у патрэбны нам бок цягнецца аж да ракі. Аўтобусным прыпынкам ля паліклінікі пацікаўцеся. Часу прайшло нямала. Значыць, трэба ў кожным выпадку знаходзіць нейкую дэталь, якая памагла б чалавеку ўспомніць той дзень. Можа, з гісторыі хваробы. Свае балячкі людзі помняць доўга.
— Рукі не дайшлі,— пагадзіўся Пугацэвіч.— Збіраліся ж…
— Не кайся, веру. Кажу, каб ты на вус намотваў. Мог бы ты ўсё сам, за што я зарплату атрымліваў бы. Ну і трэцяе. У Нікалаеў яшчэ адно запытанне пашліце. Пачалі правяраць, не спыняйцеся. Згодзен, Вадзім Аляксандравіч? Так. Ёсць пытанні?
— Няма,— за ўсіх адказаў Акулік. Сёння яму было лягчэй за астатніх. На ўпушчэнні ўказвалі не яму.
— Будзем закругляцца. Сышчыкаў да мэты не пасяджэнні вядуць, а ногі,— Пётр Пятровіч памаўчаў і зусім не па-начальніцку дадаў: — Шукайце рэчы, хлопцы. Без іх нашым здагадкам грош цана.
Выйшаўшы ад начальніка аддзела, на хвілінку сабраліся ў Пугацэвіча, каб удакладніць дэталі далейшай працы.
— Не вешайце насы, сябры! — Акулік падбадзёрваў хмурых калег. Ён спыніўся на парозе, прыхіліўшыся да вушака, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што ўжо гатовы дзейнічаць.
— Не звярні нам сценку,— усміхнуўся Сяргей Антонавіч.
Акулік памацаў вушак, нібы сапраўды мог яго пасунуць сваёй немалой масай, горача сказаў:
— Я сур’ёзна. Ёсць добрая праграма дзеяння.
— От мы зараз і разбяжымся. Гарбаценка ў кафэ вершы выдумляць, Шульжык — у паліклініку на Падлеснай, возьмеш, Вячаслаў у райаддзеле сабе падмогу. А я, калі не пярэчыш, Вадзім, наведаю з табой працаўніка мятлы і лапаты. Усё, знікаем.
Калядка жыў побач з домакіраўніцтвам, у якім працаваў. Гэта было недалёка ад упраўлення, і Пугацэвіч з Акулікам пайшлі да яго пяшком. Зноў устанавілася добрая пагода, хаця нядаўняй спякоты ўжо не адчувалася. Лета паварочвала на восень: пажаўцелі, парадзелі кроны ліп, абвіслі лісці-крыжы на прыгажунах каштанах. Адно таполі не здаваліся, трымалі галовы высока, але і іх колішні бляск пагас.
Нядаўнія дажджы асвяжылі паветра, і было яно чыстае, празрыстае, не набрынялае яшчэ пылам, перамешаным з аўтамабільным чадам.
— Лета прамільгнула,— не аглядзеўся,— з сумам прамовіў Акулік.
Паміж дрэвамі ўдалечыні бліснула серабрыстая рака з палоскай жоўтага пясчанага берага. Пугацэвіч паспачуваў:
— Ты сёлета, мабыць, і на пляжы не быў.
— Памыляешся,— Вадзім Аляксандравіч ужо як не тужыў пра мінулае лета,— аж два разы. Перад службай…
— Рэкардсмен,— засмяяўся Сяргей.— А я дык і разу не выбраўся. Звечара набегаешся — раніцай уставаць не хочацца. Пакуль пакрэкчаш, пасоўваешся, і на работу пара.
— А ты ў групу здароўя запішыся,— параіў Вадзім.— 3 аднаго боку маладзіцы фасоністыя побач, з другога — сам паскачаш, рукамі памахаеш, нырнеш-вынырнеш і, глядзіш, памаладзееш.
— Табе смешкі, а тут…
— Кражы, Сяргей, і на маёй шыі вісяць. Справу да выканання я прыняў, не забывай.
— Прыняў ты — гэта праўда,— уздыхнуў Пугацэвіч.— Аднак пакуль шышкі мне дастаюцца… А-а, што ныць, працаваць трэба.
— Залатыя словы і ў час сказаны, старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Вунь якраз домакіраўніцтва,— Акулік паказаў на двухпавярховы асабнячок, на дзвярах якога красавалася адпаведная шыльда.— Так што пачынай працу.
— Можа, лепш у хату зойдзем да Калядкі, паглядзім канкрэтна на мясцовасці?
— У яго асабістым пакоі хіба голыя сцены ды сціплая канапка, не той матэрыял для вывучэння. А жончыны апартаменты нас не тычацца. Заглянеш — год апраўдвацца прыйдзецца. Яна кабета пісьменная, языкатая. У мінулай Калядкавай справе сведкай выступала. Цыцэрон у спадніцы. I бацька клапатлівы, і чалавек спакойны, і ўсё такімі мудрагелістымі слоўцамі. Ты пачытай справу, адразу моўны запас папоўніш. Ну і Калядку, насуперак ёй, зразумееш. Думаю, сустрэчу з гэтым працаўніком камунальнага фронту абставім напаўафіцыйна, у роднай яму канторы.
Акулік быў сёння надта шматслоўны. Пугацэвіч здагадваўся, што сябра такім чынам хоча маральна падтрымаць яго. I быў удзячны за гэта. А дзе гутарыць з Калядкам, гэта сапраўды вялікага значэння не мела. Сустрэча з міліцыяй для яго была не навіной.