— Значыць, Нікалаеў пад вялікім пытаннем, так я цябе зразумеў? — Янушкевіч з вывадам не спяшаўся.— Хлопцы з замашкамі, шык любяць, маглі ўсё-такі катануць.
— Дазвольце, Пётр Пятровіч? — уключыўся ў размову Акулік.— Нікалаеў у нашых прыкідках, можа, і лішні. Аднак без грошай не пашыкуеш. Не выклікае Лебедзеў даверу. Заходнегерманскія маркі прапаноўваў жа. I рэстараны, кафэ, таксі…
— У Самсонава левыя заробкі, Лебедзеў за чатырыста рублёў магнітафон прадаў, маці магла падкінуць трохі,— сказаў Гарбаценка.— На маіх вачах вялікіх трат не рабілі.
— Асцярожнічаюць,— не згадзіўся Акулік з Гарбаценкам.
— Сваіх поглядаў Лебедзеў ад мяне не хавае. «Злодзей той, хто папаўся»,— вось яго філасофія.
— Выхоўвае цябе, Павел,— усміхнуўся Янушкевіч, не надта прыняўшы лейтэнантаў аргумент.— Паддаешся?
— Упіраюся.
— Ты там глядзі, не вельмі задзірай галаву, ты яшчэ патрэбны,— Пётр Пятровіч павярнуўся да Пугацэвіча.— Сяргей Антонавіч, што ў вас на Ніну Шумейка?
— Незадоўга да кражы была ў Канапацкіх, сама сказала, ніхто за язык не цягнуў. Асоба цікавая, наравістая, але ад гэтага да злачынства…
— Павел, магла Шумейка свядома навесці сваіх дружкоў на кватэру Канапацкіх? — Янушкевіч павярнуўся да лейтэнанта.
Гарбаценка хацеў быў адказаць і раптам адчуў, што вагаецца. Пытанне было не простае. Грунтуючыся не на фактах, а толькі меркаваннях, вельмі лёгка памыліцца.
Падпалкоўнік як адобрыў Паўлаву нерашучасць, паспачуваў:
— Разумею цябе. Але трэба, лейтэнант, трэба. Дзяўчыну ты лепш за нас ведаеш, і ў тваёй аб’ектыўнасці сумненняў няма.
Павел нахмурыўся, жорстка сказаў:
— Лебедзеву яна ні ў чым не адмовіць. Каб утрымаць.
— 3 Сяргеем Антонавічам яна паводзіла сябе спакойна,— Янушкевіч дамагаўся дакладнасці ў вывадах.— Як ты думаеш, Павел, сыграць яна можа?
— Са мной яна заўсёды сціплая. 3 Лебедзевым… Пакорлівая, бо яму гэтага хочацца. А дзе яна сапраўдная — не ведаю.
— Карацей кажучы,— удакладніў падпалкоўнік,— прытворшчыца.
— Трэба вельмі апусціцца, каб добрым сябрам такую свінню падкласці,— з сумненнем прамовіў Акулік.— Не магу паверыць.
— I мне не хацелася б,— пагадзіўся са следчым Пугацэвіч.
— Ну што ж, працягвайце распрацоўку, калі да пэўнай думкі не прыйшлі,— Пётр Пятровіч разгарнуў папку са следчымі дакументамі і, не заглядваючы ў паперы, сказаў: — Цяпер Калядка. Як там Лебедзеў ахрысціў яго? Васька ад ГУМа? Смяхач. Дык вось на гэтага «гуманітарыя» мы таксама з двух бакоў выходзім. 3 Лебедзевым ён, бадай што, блізкі, нават у нечым залежыць ад яго. Інакш не сцярпеў бы даволі зняважлівай мянушкі.
— Пуб-лі-ка,— паківаў галавой Акулік,— куды ні кінь, пацэліш, як кажуць, у шалудзівага сабаку. Менавіта гэта мяне пераконвае, што мы на правільным шляху.
— Магчыма, і так, а магчыма, і не,— Янушкевіч памасажыраваў лоб, быццам хацеў разгладзіць глыбокія маршчынкі.— Яны могуць быць звязаны паміж сабой спосабам жыцця: штовечар рэстараны, размовы пра выпіўку, жанчын, дзе хто і што перахапіў, купіў-прадаў. А гэта яшчэ не само злачынства ў крымінальным сэнсе. Каб кваліфікаваць паводзімы як злачынныя, трэба доказы мець...— Ён падняў палец.— Доказы!
— Па таго хлопца на Падлесную Самасейку паслаў Калядка,— нагадаў Акулік.
— Тут можа быць і такі варыянт,— Пётр Пятровіч узяў адну з нядаўна прынесеных яму папер.— Калегі з аддзела барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці атрымалі сігнал, што ў сталовай на Падлеснай з чорнага ходу выносяць прадукты, не прапускаючы іх праз кухню. Магло быць, што Самасейка падвёз аднаго з несуноў.
— Па просьбе Калядкі,— стаяў на сваім Акулік.
— Калядка не святым духам корміцца. На гэты раз, сам не паехаў,— усміхнуўся падпалкоўнік.— Машына сапсавалася, паленаваўся або яшчэ што.
— Зноў пустышка,— засмуціўся Пугацэвіч.
— Прывык ты, Сяргей Антонавіч, да лёгкіх перамог, разбэсцілі цябе злачынцы,— Янушкевіч умеў спалучаць жарт з сур’ёзным.— Пабочны прадукт, як называюць гэта на вытворчасці, і ў нашай з табой справе — з’ява натуральная. Кантынгент, якім мы цікавімся, звычайна сумленнасцю не вызначаецца. Не адно, дык другое пацягнецца.
— Разумею, Пётр Пятровіч…
— Ведаю, што разумееш, не трэба мяне запэўніваць. Лепш давайце памазгуем разам, ці нельга з гэтай акалічнасці якую выгоду займець?
— А што? — ажывіўся Акулік.— Мы цяпер з Калядкам можам зусім проста пазнаёміцца. Повад — прадукты раскрадаюць. Калегі дазволяць?
— Не пярэчаць, Вадзім Аляксандравіч,— кіўнуў Янушкевіч.— Ды нам трэба асцерагацца, каб часам свой мурашнік не разварушыць. Тонка падысці.
— Зробім асцярожненька, Пётр Пятровіч. Ні аб чым не здагадаецца гэты… як яго, Павел?
— Васька ад ГУМа.
— Вось-вось. Не так сабе яму знатную клічку навесілі. Чуе маё сэрца. Сяргей Антонавіч, часам не правяраў, што было з яго машынай? — пацікавіўся следчы.
— Даўняя гісторыя…
Акулік хацеў спытаць пра падрабязнасці, Янушкевіч апярэдзіў:
— Ох, і настырны ты, Вадзім Аляксандравіч, далёка кручок закідваеш.
— Рыба таго вартая, Пётр Пятровіч.
— Як, Сяргей Антонавіч? — Янушкевіч пастражэў. Гэта азначала, што абмен думкамі скончаны, настала пара канкрэтных вывадаў і заданняў.— Пацешым чуйнае сэрца таварыша следчага?