Юнген
. Ці-ха!
Шум сціхае.
Ч аму зборышча? Якая прычына? Чаму з сякерай?
Чортаў Бацька
. Жанюся, паночак, выпі, не пагрэбуй. (Падносіць Юнгену чарку.)Вастравух
(шэптам). Здурэў, ёмашнік стары... Вада ж...Юнген
(жорстка ўсміхаецца). Каму прапануеш, хам? Стайню забыў? П’яныя напіліся, халеры.
Чортаў Бацька далікатна дыхае ўбок.
Хто чалавек з сякерай? Што робіць?
Гарэліха
(падкаціўшыся да яго). Госць... Аднадворац! Калок вострыць!Юнген
. нашто?Гарэліха
. А л-любенькі. Вядома нашто... (I засаромелася.)Яўхіміха
. Забіваць ля хаты жаніха будзем. Каб трымаўся моцна, як кол, – усё жыццё, аж пакуль не спарахнее.Юнген
. Дзікуны.
I тут успыхвае сумная, прыгожая песня.
Яўхіміха
.Прывяжу я свайго коня
Да ліповага кола,
Яўхім.
А сам пайду да каханай
У вясёлае кола.
Яўхіміха
.Прывяжу я свайго коня
Да адрыннай плятушкі,
Вастравух
.А сам пайду да каханай
На белы падушкі.
Юнген
. Ціха! Што за тлум? Які кол, мужыцкія морды? Як забіваць?
Каліноўскі падносіць кол блізка да салдат, торкае ў зямлю – у вачах ягоных небяспечная гарэзлівасць – і абухам пачынае заганяць яго глыбей.
Кастусь
. Вось як!
У вачах у Яўхіма злосць змянілася чымсьці чартоўскім, помсліва-вясёлым. Ён падыходзіць, нахіляе кол.
Яўхім
. Не лезе! Вады падліць.
Яўхім хапае цэбар і вылівае пад кол. Цяпер яны б’юць з Кастусём у дзве сякеры. Пасля першага ж удару пырскае гразь. Удары мацнеюць. I раптам страшэнны струмень гразі ляціць на салдат і афіцэра.
Юнген
. Но!
Толькі хвіліну людзі стаяць страшна і сурова. Потым натоўп завірыў. А гразь пырскае і пырскае.
Чортаў Бацька
. Жыве-е! Каб вам, бабачкі, Барданос сасніўся.
Закруцілася кола. Вяршыцца язычаскі страсны абрад “калка”. Урэшце ўсё змяшалася. Хто скача, хто коціцца па зямлі. Вось ужо ўтварылася “куча малая”. I грукаюць, грукаюць сякеры, пырскае гразь. I староняцца, староняцца салдаты і Юнген. I раптам, у той момант, калі салдаты ўжо зусім збіраліся пайсці, – глухі далёкі стрэл перарваў і вяселле, і музыку, і ўсё. Людзі застылі хто як быў.
Юнген
. Што гэта?
Паўза.
Салдаты, у ружжо!
Салдаты выбеглі.
Яўхім
. Ну, хлопцы, іншай дарогі нам цяпер няма... У ружжо!!!
КАРЦІНА СЁМАЯ
Кабінет Аляксандра ў Зімнім палацы. За вокнамі пахмурая асенняя Нява. Гарыць камін. Мякка прабіў недзе англійскі гадзіннік. У кабінеце граф Мураўёў
і жандарскі палкоўнік Лосеў. I раптам варухнуўся, зрабіў крок наперад чалавек на партрэце цара. Толькі тады, толькі ў гэты момант мы разумеем, што перад намі не партрэт, а дзверы і жывы імператар, які заходзіць у пакой.
Аляксандр
. Сядайце, панове. (У яго завучаны ветліва-абыякавы тон і сляпуча халодная ўсмешка.) Я задаволены разведкай і не задаволены ўладай. Я задаволены вамі, палкоўнік Лосеў, і не задаволены вамі, граф.Лосеў
. Я раблю сваю справу для вас, ваша вялікасць.Мураўёў
(паморшчыўся). А я раблю сваю справу не для вас, ваша вялікасць. Я раблю яе для ідэі імператарскай улады, якая – увесь ваш род і, адначасова, ніхто з вас... Магчыма, палкоўніку будзе няёмка чуць такое, але яна вышэй, бо яна – сімвал, ідэя.
Лосеў пачаў пакручвацца на месцы.
I таму я, напэўна, дрэнна раблю сваю справу для вас, але для яе – добра.
Аляксандр
. Ідэйны чалавек... Прадстаўнік дзяржаўнай ідэі ў Заходнім краі... I ён кажа: “Хацелі неба на зямлі. Цяпер палова з іх у зямлі, а палова – паміж небам і зямлёй”.