Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Потым падумалася яму, што гэта не такі ўжо і каштоўны падарунак панне Ізабэле – ашчаслівіць толькі аднаго чалавека. Цэлы свет, хіба, не… Але збліжэнне з паннаю Ізабэлаю вартае было дапамогі хоць бы некалькім асобам.

“Другім будзе Кшэшоўскі, – разважаў ён, – але выратаванне гэтакіх зухаў – малая заслуга… Ага!..”

Ён стукнуў сябе па лбе, адсунуў англійскія практыкаванні і дастаў архіў прыватнае карэспандэнцыі. Была гэта саф’янавая папка, куды складаліся лісты ў адпаведнасці з датамі, а спіс знаходзіўся на пачатку.

“Ага! – паўтарыў Вакульскі. – Ліст ад маёй магдаленкі і яе апякунак, старонка шэсцьдзясят тры…”

Ён знайшоў патрэбную старонку і ўважліва прачытаў два лісты: адзін – напісаны каліграфічна, а другі – быццам накрэмзаны дзіцячаю рукою. У першым яму паведамлялася, што такая і такая Марыя, некалі дзяўчына кепскіх паводзінаў, цяпер навучылася шыць бялізну, стала краўчыхаю і вызначаецца набожнасцю, паслухмянасцю, лагоднасцю і добрымі манерамі. А ў другім лісце сама гэтая Марыя… дзякавала яму за дапамогу і прасіла толькі пра адно – знайсці ёй нейкі занятак.

“Няхай ужо вяльможны і добры пан, – пісала яна, – калі з ласкі Божае мае гэтак шмат грошай, на мяне грэшную іх не траціць. Бо я сама зараз дам сабе рады, абы мела за што рукі зачапіць, а людзей, якім дапамога трэба больш, чым мне – няшчаснай ды зганьбаванай – у Варшаве хапае…”

Вакульскаму зрабілася прыкра, што гэтая просьба некалькі дзён чакала адказу. Ён зараз жа адпісаў і паклікаў слугу.

– Гэты ліст занясеш раніцаю да магдаленак…

– Зробіцца, – адказаў той, стрымліваючы пазяханне.

– Паклічаш мне таксама фурмана Высоцкага, таго, з Тамкі, ведаеш?..

– О! Як не ведаць... Але пан чуў…

– І каб ён прыйшоў мне сюды раніцаю…

– О! Чаму ж не. Але пан чуў, што Аберман згубіў кучу грошай? Быў ён тут увечары і бажыўся, што застрэліцца або яшчэ што сабе зробіць, калі пан над ім не злітуецца. Я кажу яму: “Не рабіце дурное, не забівайцеся, пачакайце… У нашага старога мяккае сэрца…” А ён кажа: “Я на гэта і разлічваю, але і так няўпраўка, бо яны ж хоць трохі, але спагоняць, а тут і сын ідзе на медыка, а тут і старасць ужо чалавека за карак хапае…”

– Зрабі ласку, ідзі спаць, – спыніў яго Вакульскі.

– Пайду, пайду, – прабурчэў слуга, – але ў пана такая служба, што горш, як у турме: нават не паспіш, колькі хочацца…

Ён забраў ліст і пайшоў.

На другі дзень а дзявятай раніцы слуга пабудзіў Вакульскага і паведаміў, што Высоцкі ўжо чакае.

– Ну дык няхай зойдзе.

Праз хвіліну ўвайшоў фурман. Быў ён чыста апрануты, меў свежы выгляд і пазіраў весела. Ён наблізіўся да ложка Вакульскага і пацалаваў яму ў руку.

– Мой Высоцкі, здаецца, у цябе ёсць вольны пакой?

– Так, вяльможны пане, бо дзядзька памёр, а паскуднікі кватаранты не жадалі плаціць, дык я іх выгнаў. На гарэлку ў круцяля заўсёды хапае, а за кватэру заплаціць няма…

– Я арандую ў цябе гэты пакой, – сказаў Вакульскі, – толькі трэба яго прыбраць…

Фурман глядзеў на Вакульскага здзіўлена.

– Там будзе жыць маладая швачка, – працягваў Вакульскі. – Няхай сталуецца ў вас, няхай твая жонка мые ёй бялізну… Няхай паглядзіць, чаго ёй не стае. На мэблю і на бялізну я дам грошай… Але будзеце сачыць, каб не вадзіла нікога дадому…

– Ні-ні! – ажывіўся фурман. – Як толькі яна вяльможнаму пану спатрэбіцца, я сам яе прывяду, але каб хто з горада – то ні-ні!.. Каб з-за гэтага ў вяльможнага пана бяды не было…

– Дурань ты, Высоцкі. Мне бачыцца з ёю няма патрэбы. Абы яна сціпла сябе паводзіла, была акуратная ды працавітая, і няхай ходзіць, дзе хоча. Толькі каб да яе ніхто не хадзіў. Дык ты зразумеў? Трэба ў пакоі асвяжыць сцены, памыць падлогу, купіць мэблю танную, але новую і добрую. Абазнаны ты ў гэтым?..

– Уга! Колькі я за жыццё мэблі перавазіў…

– Добра. А твая жонка няхай паглядзіць, што ёй трэба з бялізны ды з адзежы, і паведаміць мне.

– Я ўсё разумею, вяльможны пане, – адказаў Высоцкі, зноў цалуючы яго ў руку.

– Але… А як твой брат?..

– Ніштавата, вяльможны пане. Сядзіць, дзякуй Богу і вяльможнаму пану, у Скернавіцах, на сваёй зямлі, наняў парабка, дык цяпер з яго вялікі пан. Праз пару гадоў яшчэ зямлі дакупіць, бо сталуецца ў яго адзін чыгуначнік, вартаўнік ды два змазчыкі. Чыгунка яму нават заробак падвысіла…

Вакульскі развітаўся з фурманам і пачаў апранацца.

“Хацеў бы я праспаць увесь той час, пакуль зноў яе не ўбачу,” – думаў Вакульскі.

Ісці ў краму яму не хацелася. Ён узяў нейкую кніжку і пачаў чытаць, бо пастанавіў, што да барона Кшэшоўскага пойдзе паміж першаю і другою.

Аб адзінаццатай у вітальні празвінеў званок, і бразнулі дзверы. Увайшоў слуга.

– Нейкая панна чакае…

– Прасі яе ў залу… – прамовіў Вакульскі.

У зале зашамацела сукенка кабеты. Вакульскі ўбачыў на парозе сваю магдаленку.

Здзівіла яго незвычайная ў ёй перамена. Дзяўчына была апранутая ў чорнае, твар у яе быў белы, але свежы, і сарамлівы позірк. Яна ўбачыла Вакульскага, пачырванела і захвалявалася.

– Прашу сядаць, панна Марыя, – запрасіў ён і паказаў на крэсла.

Перейти на страницу:

Похожие книги