Яна прысела на краёк аксамітнага сядзення і яшчэ больш засаромелася. Вейкі ў яе дрыжалі, на іх бліснулі слязінкі, яна не падымала вачэй ад падлогі. Зусім іншы выгляд быў у яе два месяцы таму.
– Дык пані навучылася кравецтву, панна Марыя?
– Так.
– І куды ж пані мае намер уладкавацца?
– Можа, каб у які магазін або на паслугі… у Расію…
– Чаму ж туды?
– Там, падобна, мне лягчэй будзе знайсці працу, а тут… хто ж мяне прыме? – ціха прамовіла яна.
– А каб тут нейкі склад браў ад пані бялізну, ці не лепш тут застацца?
– О, так… Але трэба мець сваю машынку швейную ды кватэру, і ўсё… У каго няма гэтага, мусіць ісці на паслугі.
Нават голас у яе змяніўся. Вакульскі пільна ўзіраўся ў яе і, нарэшце, сказаў:
– Застанецца пані пакуль у Варшаве. Жыць пані будзе на Тамцы, у сям’і фурмана Высоцкага. Гэта вельмі добрыя людзі. Пакой у пані будзе асобны, сталавацца пані будзе ў іх, а машынка ды ўсё патрэбнае для шыцця бялізны таксама знойдзецца. Я дам пані рэкамендацыю на склад бялізны і праз пару месяцаў пабачым, ці здолее пані зарабляць сабе на жыццё. Вось адрас Высоцкіх. Прашу пані ісці адразу туды, купіць разам з Высоцкаю мэблю, дапільнаваць, каб прыбралі пакой. Машынку я прышлю пані заўтра… А вось грошы на выдаткі. Я іх пазычаю, верне іх пані ў растэрміноўку, калі пачне ўжо працаваць.
Ён падаў ёй пару дзясяткаў рублёў разам з цыдулкаю да Высоцкага. А калі яна завагалася, ці можа іх узяць, ён уціснуў скрутак ёй у руку і прамовіў:
– Я вельмі прашу зараз жа ісці да Высоцкіх. Праз пару дзён ён прынясе пані ліст на склад бялізны. Калі што, прашу звяртацца да мяне. Развітваюся з пані…
Ён пакланіўся ёй і вярнуўся ў свой кабінет.
Дзяўчына крыху яшчэ пастаяла сярод залы, потым выцерла слёзы і выйшла, ахопленая нейкім урачыстым здзіўленнем.
“Пабачым, як яна дасць рады ў новых умовах,” – сказаў сабе Вакульскі ды зноў пачаў чытаць.
А першай Вакульскі пайшоў да барона Кшэшоўскага, дарогаю дакараючы сябе, што раней не выбраўся зрабіць візіт свайму экс-праціўніку.
“Нічога, – апраўдваўся ён. – Раней я не мог яго наведаць, бо ён быў хворы. А візітоўку я даслаў”.
Набліжаючыся да дому, у якім кватараваў барон, Вакульскі мімаходзь заўважыў, што сцены камяніцы маюць гэткае ж нездаровае адценне зялёнага колеру, як Марушэвіч – жоўтага, і што жалюзі ў вокнах Кшэшоўскага паднятыя.
“Відаць, паздаравеў ужо, – падумаў ён. – Не варта, аднак, адразу пачынаць распытваць яго пра даўгі. Я зраблю гэта падчас другога або трэцяга візіту, потым заплачу ліхвярам, і бедны барон уздыхне з палёгкаю. Я не магу быць абыякавым да чалавека, які перапрасіў панну Ізабэлу…”
Ён падняўся па лесвіцы і пазваніў. У памяшканні чуліся крокі, але адчыняць не спяшаліся. Ён пазваніў другі раз. Тупат і нават перасоўванне мэблі чуваць было за дзвярыма па-ранейшаму, але не адчынялі. Ён нецярпліва шморгнуў званок, які ледзь не абарваўся ад рэзкага руху. Толькі тады нехта падышоў да дзвярэй і пачаў флегматычна здымаць ланцужок, паварочваць ключ ды адсоўваць засаўку з мармытаннем:
– Відаць, свой… Жыд бы гэтак не званіў…
Дзверы, нарэшце, адчыніліся, на парозе паўстаў слуга Канстанты. Калі ён убачыў Вакульскага, дык прыжмурыўся, адтапырыў ніжнюю губу ды запытаўся:
– А што такое?..
Вакульскі здагадаўся, што не цешыцца ласкаю ў вернага слугі, які быў сведкам двубою.
– Пан барон дома?
– Пан барон ляжыць хворы і нікога не прымае, бо прыйшоў доктар.
Вакульскі дастаў сваю візітоўку і два рублі.
– Калі можна адведаць пана?
– Вельмі, вельмі не зараз… – крыху лагодней адказаў Канстанты. – Пан захварэў, бо быў падстрэлены, і доктар згадаў яму не сёння, дык заўтра ехаць у цёплыя краі або на вёску.
– Перад ад’ездам, хіба, няможна будзе нам пабачыцца?..
– О, зусім няможна… Дактары строга забаранілі прымаць каго-небудзь. У пана трымаецца гарачка…
Два картачныя столікі, адзін з якіх меў зламаную ножку, а другі – спрэс спісанае сукно, а таксама кандэлябры з недапаленымі васковымі свечкамі, бачныя з вітальні, прымушалі ўсумніцца ў дакладнасці паталагічных ацэнак, якія даваў слуга. Але Вакульскі даў яму яшчэ рубель і пайшоў, моцна незадаволены прыёмам.
“Можа, барон, – думаў ён, – не жадае майго візіту? Ну, у такім разе, няхай сам разлічваецца з ліхвярамі і зачыняецца ад іх аж на чатыры замкі…”
Ён вярнуўся да сябе.
Барон, сапраўды, меў намер ехаць у вёску і быў нездаровы, але не аж так моцна. Праўда, рана на твары гаілася вельмі павольна, але не з-за таго, што была цяжкая, а з прычыны агульнае хваравітасці пацыента. Хоць у момант візіту Вакульскага барон і быў абвязаны, як старая баба на марозе, але ён не ляжаў у ложку, а сядзеў у фатэлі і пры сабе меў не доктара, а графа Ліціньскага.
Ён якраз скардзіўся графу на сваё вартае жалю здароўе.
– Хай яго д’ябал возьме, – казаў ён, – якое нягоднае жыццё! Бацька, праўда, пакінуў мне ў дзяцінстве паўмільёна рублёў, але разам з гэтым – чатыры хваробы, кожная з якіх вартая мільёну… Як нязручна без пенснэ!.. Ну, і можаш сабе ўявіць, граф, грошы разышліся, а немачы засталіся. Ды я сам яшчэ пару хвароб зарабіў, залез у даўгі, дык сітуацыя ясная – мушу паклапаціцца пра труну ды натарыуса.