– Што?.. – здзівіўся адвакат.
– Той скупы ліцвін дае не восемдзесят, а дзевяноста тысяч за мой дом, а пан прапануе мне менш, каб самому зарабіць.
– Га-га-га! – зарагатаў адвакат. – Хто б зрабіў іначай, шаноўны пан Вакульскі?
– Дык скажы, пан, свайму ліцвіну, – перабіў яго Стах, – што я прадам камяніцу, але за сто тысяч рублёў. І гэта толькі да Новага года. А пасля Новага года кошт падыму.
– Але ж не па-людску тое, што пан кажа!.. – закрычаў госць. – Пан хоча ў тае няшчаснае кабеты вытрасці апошні грош… Што людзі скажуць, падумай, пане!..
– Што скажуць людзі, мяне не турбуе, – заявіў Вакульскі. – А калі хто пажадае чытаць мне мараль, як пан, я пакажу таму на дзверы. Вунь там дзверы, бачыш, пане адвакаце?
– Даю пану дзевяноста дзве тысячы рублёў і ні на грош болей, – адказаў адвакат.
– Няхай пан апране сваё футра, бо змерзне на падворку…
– Дзевяноста пяць… – гукнуў адвакат і спехам пачаў апранацца.
– Ну, я развітваюся з панам… – сказаў Вакульскі і адчыніў дзверы.
Адвакат нізка пакланіўся і выйшаў, а з парога саладжавым тонам дадаў:
– Дык я зайду праз пару дзён. Можа, шаноўны пан будзе ў лепшым гуморы.
Стах зачыніў дзверы ў яго перад носам.
Пасля візіту абрыдлага адваката мае думкі праясніліся. Пані баранеса, дакладна, купіць камяніцу Стаха, але спачатку з дапамогаю ўсіх сродкаў будзе збіваць цану. Ведаю я гэтыя сродкі! Адным з іх быў той ананімны ліст, у якім яна бэсціць пані Стаўскую, а пра мяне кажа, што я ссівеў з распусты.
А як толькі яна купіць камяніцу, адразу выганіць з яе студэнтаў, ды, пэўна, і пані Гэлену. Каб жа толькі гэтым абмежавалася яе нянавісць…
Цяпер галопам магу расказаць пра іншыя выпадкі, якія здарыліся пазней.
Дык вось, пасля візіту таго адваката торкнула мяне кепскае прадчуванне. Пастанавіў я ў той жа дзень наведаць пані Стаўскую і перасцерагчы яе наконт баранесы. А перадусім каб яна менш сядзела пры акне.
Бо тыя пані, нягледзячы на ўсе іх цудоўныя якасці, маюць фатальную звычку падоўгу сядзець пры вокнах. Пані Місевічова – сабе, пані Стаўская – сабе, Гэлюня – сабе, і нават кухарка Мар’яна – таксама. І не досыць, што сядзяць яны гэтак удзень, дык яшчэ і вечарамі, пры лямпе, нават не апускаючы ралеты, хіба толькі калі ўжо кладуцца спаць. Дык і відаць усё, што робіцца ў іх кватэры, як у ліхтары.
Для пачцівых суседзяў гэткі спосаб баўлення часу мог быць найлепшым довадам іх шляхетнасці: сядзяць навідавоку цэлы дзень, бо не маюць чаго ўкрываць. Але варта было мне прыгадаць, як тых кабет шпегуе Марушэвіч ды пані баранеса, і падумаць, як баранеса ненавідзіць паню Стаўскую, дык ахапілі мяне найгоршыя прадчуванні.
У той самы вечар хацеў я бегчы да маіх шляхетных прыяцелек ды прасіць напрамілы Бог, каб не сядзелі яны цэлымі днямі пры вокнах ды ўнікалі вачэй баранесы. Тым часам, акурат а палове на дзявятую адчуў я смагу і замест таго, каб ісці да паняў, пайшоў на куфель піва.
Быў ужо там радца Вянгровіч і Шпрот, гандлёвы агент. Яны якраз гутарылі пра той дом, што абрынуўся на вуліцы Успульнай, а тут раптам Вянгровіч стукае сваім куфлем у мой ды кажа:
– Не адзін яшчэ дом абрынецца да Новага года!
А Шпрот падміргвае.
Не спадабалася мне яго падміргванне, бо ніколі не падабалася мне пераміргвацца з рознымі блазнамі, дык я і пытаюся:
– Што гэта? Што азначае панская пантаміма?
Той дурасліва рагоча і кажа:
– Але ж пану лепш ведаць, што гэта значыць. Вакульскі прадае краму.
Раны Хрыстовы!.. Ледзьве я не ўлупіў яму куфлем у лоб, аж сам сабе дзіўлюся. На шчасце, удалося мне стрымаць першы імпэт, выжлукціў я адзін за адным два куфлі піва ды пытаюся ў яго нібы спакойна:
– Навошта ж Вакульскаму прадаваць краму, ды і каму?
– Каму?.. – перапытвае Вянгровіч. – Ці мала жыдоў у Варшаве? Складуцца ўтрох або і ўдзесяцёх ды запаршывяць Кракаўскае Прадмесце з ласкі яснавяльможнага пана Вакульскага, які завёў уласную каляску і ездзіць да арыстакратыі ў летнія апартаменты. Божа мілы!.. Я памятаю яшчэ, як мне гэты гарапашнік падаваў ростбіф у Гопфера… Няма як ужо ездзіць на вайну ды лезці ў турэцкія кішэні.
– Але навошта яму прадаваць краму? – пытаю я, а сам шчыкаю сябе за нагу, каб не накрычаць на гэтага дзеда.
– Добра і робіць, што прадае! – адказаў Вянгровіч ды ўзяў чарговы, не ведаю ўжо які, куфель піва. – Чаго яму з купцамі важдацца, гэткаму пану, гэткаму… дыпламату, гэткаму… наватару, які нам сюды новыя тавары дастаўляе?..
– Здаецца мне, ёсць іншая прычына, – уставіў Шпрот. – Вакульскі дамагаецца панны Ленцкае, і хоць адразу яму не пашанцавала, аднак ён зноў туды ходзіць, мусіць, мае спадзяванні… А панна Ленцкая не выйшла б за галантарэйнага купца, нават каб ён быў дыпламатам і наватарам…
У вачах у мяне ўсё паплыло. Грукнуў я куфлем па стале і закрычаў:
– Хлусня, пан, усё гэта хлусня, пане Шпрот!.. І вось мой адрас… – дадаў я ды шпурнуў візітку на стол.
– Нашто мне, пан, твой адрас? – адказаў Шпрот. – Прыслаць пану партыю корту, ці што?..
– Жадаю сатысфакцыі ад пана, – закрычаў я і зноў загрукаў па стале.