– Я сама люблю сядзець пры акне, асабліва ў добрае надвор’е, калі чыстае неба, бо тады паўстае мне ў памяці мой нябожчык муж, як жывы…
– Так, – ціха прамовіў я, – пані нагадвае пра яго неба, дзе ён знаходзіцца цяпер.
– Не толькі таму, пане Жэцкі, – запярэчыла яна. – Што ён на небе, я ведаю, бо куды мог трапіць гэткі рахманы чалавек? Але, калі я гляджу на неба і на сцяну гэтае камяніцы, адразу прыгадваецца мне шчаслівы дзень нашага шлюбу… Нябожчык Клеменс тады апрануты быў у сіні фрак ды жоўтыя нанкавыя штаны, дакладна такога колеру, як наша камяніца… О, пане Жэцкі, – заплакала старая, – павер мне, што такім, як мы, акно часта замяняе тэатр, канцэрт і знаёмствы. Бо што мы яшчэ бачым!
Не здолею апісаць, як маркотна мне зрабілася, калі з-за нейкага там сядзення пры акне давялося выслухаць гэтакую драму… Раптам у другім пакоі зашамацела. Вучаніцы пані Стаўскае скончылі ўрок і збіраліся дадому, а іх цудоўная настаўніца ашчаслівіла мяне сваім з’яўленнем.
Вітаючыся з ёю, я заўважыў, што рукі ў яе былі халодныя, а на боскім твары – стомленасць і смутак. Але яна адразу заўсміхалася мне. (Бясцэнны анёл! Нібы яна здагадвалася, што яе салодкая ўсмешка на цэлы тыдзень асвятляе мне цемру жыцця.)
– Мама ўжо расказала пану, які мы сёння мелі гонар? – спытала пані Стаўская.
– А, праўда, я і забылася… – азвалася пані Місевічова.
Дзве паненкі ў гэты момант зрабілі рэверанс і выйшлі. Мы засталіся адны, нібы ў сямейным коле.
– Можа пан сабе ўявіць, – пачала расказваць пані Стаўская, – зрабіла нам сёння візіт баранеса… Я спачатку аж спалохалася, бо ў яе, гаротніцы, не надта прыемная знешнасць: бледная, заўсёды ў чорным, і позірк нейкі такі… Але яна адразу раззброіла мяне, бо, калі ўбачыла Гэлюню, дык са слязьмі ўпала перад ёю на калені ды загаласіла: “Гэткая ж была і мая небарака, ды ўжо няма яе!..”
Непамысна мне зрабілася, калі я гэта пачуў, але, не жадаючы палохаць пані Стаўскую, я не наважыўся падзяліцца сваімі прадчуваннямі, а толькі спытаў:
– І чаго яна хоча ад пані?
– Яна прыйшла прасіць, каб я дапамагла ўпарадкаваць яе бялізну, сукенкі, карункі, словам – увесь гардэроб. Яна спадзяецца, што хутка да яе вернецца муж, і хоча тое-сёе асвяжыць, тое-сёе дакупіць. Але, як сама кажа, бракуе ёй густу, дык звярнулася да мяне па дапамогу і абяцае плаціць па два рублі за тры гадзіны працы.
– І што пані?
– Божа, што ж мне было рабіць?.. Вядома, я згадзілася з удзячнасцю. Праўда, гэта часовы занятак, але ён вельмі дарэчы, бо я страціла адзін з урокаў музыкі (нават не ведаю чаму), а гэта пяць злотых за гадзіну…
Я ўздыхнуў, бо мільганула здагадка, што прычынаю страты ўрока мог быць ананімны ліст, у пісанні якіх пані Кшэшоўскай не было роўных. Але не сказаў нічога. Ці ж мог я параіць пані Стаўскай, каб яна адмовілася ад двух рублёў дзённага заробку?
Ой, Стаху, Стаху!.. Чаму б табе не ажаніцца з ёю?.. Убілася табе ў галаву тая панна Ленцкая!.. Каб не давялося табе шкадаваць.
З таго дня, як толькі прыходзіў я да маіх шаноўных прыяцелек, пані Стаўская падрабязна расказвала, як яны ладзяць з баранесай Кшэшоўскаю. Яна бывае там штодня і, вядома, замест трох працуе пяць, а то і шэсць гадзін за тыя ж самыя два рублі.
Пані Стаўская вельмі паблажлівая кабета, але, паводле яе нязначных заўваг, у мяне склалася ўражанне, што яе дзівілі ды прыкра ўражвалі і памяшканне баранесы, і ўвесь лад яе жыцця.
Перадусім баранеса зусім не карыстаецца сваімі прасторнымі апартаментамі. Салон, будуар, спальня, сталовы пакой, пакой барона – у поўным запусценні. Мэбля і люстры закрытыя чахламі, на месцы раслін, якія былі там раней, тырчаць адны дубцы або ў вазонах з нейкаю парахнёю замест зямлі зусім нічога няма, а на каштоўных аздобах ляжыць пыл. Харчуецца яна таксама Бог ведае як, часам па некалькі дзён запар не маючы ніякае гарачае стравы, бо на гэткі вялікі дом трымае толькі адну служанку, якую ганіць распусніцаю ды зладзейкаю.
Калі пані Стаўская запыталася ў яе, ці не сумна ёй жыць у гэтакай пустэчы, тая адказала:
– Што ж мне рабіць, беднай сіраціне і амаль удаве? Хіба калі майго вартага асуджэння мужа добры Бог натхніць, каб ён раскаяўся ў сваім бясчынстве ды вярнуўся да мяне, можа, тады крыху зменіцца маё жыццё самотніцы. І як я магу меркаваць з прадчуванняў ды сноў, якія неба пасылае мне пасля маіх гарачых малітваў, муж мой мусіць вярнуцца з дня на дзень, бо ўжо ні грошай, ні крэдыту няма ў таго непапраўнага шаленца…
Пані Стаўскай падумалася тады, што лёс барона па вяртанні можа аказацца вельмі незайздросны.
Асобы, якія наведвалі баранесу, таксама не выклікалі сімпатыі ў пані Стаўскае. Часцей за ўсё бывалі ў яе нейкія старыя, брыдкія кабеты, з якімі ў вітальні яна паўшэптам вяла гутаркі пра свайго мужа. Часам з’яўляўся Марушэвіч або нейкі адвакат у аблезлым футры. Гэтых паноў баранеса прымала ў сталовым пакоі, але падчас размовы плакала і сварылася гэтак гучна, што чуваць было на ўвесь дом.
На нясмелае пытанне пані Стаўскае, чаму яна не жыве ў згодзе з раднёю, баранеса адказала: