– Ужо ніяк, – адказала яна і пачырванела. – Пані Кшэшоўская зрабіла мне сцэну, бо яна мусіла заплаціць сто тысяч за камяніцу, а я не дапамагла ёй з пратэкцыяй у пана Вакульскага, ну і гэтак далей, дык я… развіталася з ёю і ўжо ніколі больш да яе не пайду. Вядома, яна адмовіла нам у кватэры з Новага года.
– А ці заплаціла яна пані?
– Ах, – уздыхнула пані Стаўская і выпусціла з рук муфту, якую Клейн паспяшаўся падняць.
– Значыць, не?
– Не… яна сказала, што ў яе цяпер няма грошай, і яна не ўпэўненая, ці дакладныя мае падлікі.
Пасмяяліся мы з пані Стаўскаю з дзівацтваў баранесы ды развіталіся, поўныя надзеі на лепшае. А калі яна выходзіла, Клейн адчыніў ёй дзверы гэтак галантна, што адно з двух: або ён ужо лічыць яе нашаю гаспадыняю, або сам закахаўся ў яе. Палена дурное!.. Ён таксама жыве ў доме баранесы і заходзіць часам да пані Стаўскае, але падчас візітаў сядзіць гэтакі смутны, што Гэлюня аднойчы спытала ў бабулі: ці не прымаў пан Клейн сёння рыбін тлушч?.. Фантазёр! І яму думаць пра гэткую кабету…
А зараз апішу трагедыю, якая выклікае ў мяне такі гнеў, што аж дыхаць цяжка, калі яе прыгадваю.
Напярэдадні Калядаў 1878 г. сяджу я ў краме, а тут пасля абеду атрымліваю ад пані Стаўскае ліст, каб увечары прыйшоў да іх. Почырк мяне ўразіў, бо прыкметная была ўзрушанасць, дык я падумаў: можа, яна атрымала вестку пра мужа.
“Пэўна, вяртаецца, – падумаў я. – І трасца ж не возьме гэтых прапашчых мужоў, якія праз столькі гадоў гатовыя раптам апамятацца”.
Пад вечар прыбягае Вірскі, задыханы і збянтэжаны, цягне мяне ў мае пакоі, замыкае дзверы і проста ў футры кідаецца ў фатэль ды кажа:
– Ведаеш, пан, чаго ўчора Кшэшоўская сядзела ў Марушэвіча да паўночы?..
– Да паўночы ў Марушэвіча?..
– Так, ды яшчэ з тым сваім лотрам адвакатам. Прайдзісвет Марушэвіч угледзеў са сваіх вокнаў, што пані Стаўская апранае ляльку, дык баранеса пайшла да яго з ларнеткаю, каб спраўдзіць…
– І што? – пытаю я.
– А тое, што ў баранесы некалькі дзён таму прапала лялька нябожчыцы дачкі, і цяпер гэтая вар’ятка падазрае пані Стаўскую…
– У чым?
– У крадзяжы лялькі!..
Я перажагнаўся.
– Смех дый годзе, пане, лялька ў нас купленая…
– Я ведаю, – адказаў ён. – Але сёння а дзявятай пані баранеса прыйшла з паліцыянтам да пані Стаўскае, загадала забраць ляльку і напісаць пратакол. Ужо пайшла скарга ў суд.
– Ашалеў ты, пане Вірскі! Лялька ж у нас…
– Я ведаю, ведаю, але што з таго, бо ўжо скандал, – кажа Вірскі. – Горш за ўсё (вядома гэта ад паліцыянта), што пані Стаўская, не жадаючы, каб Гэлюня пачула пра ляльку, спачатку не хацела яе паказваць, прасіла, каб гаварылі цішэй, а потым заплакала… Паліцыянт сам не ведаў, што рабіць, бо баранеса не сказала, навошта цягне яго ў кватэру пані Стаўскае. Але як нарабіла ведзьма крыку: “Яна абакрала мяне! Лялька знікла ў той самы дзень, калі Стаўская апошні раз была ў мяне… Арыштуйце яе, бо я ўсім маёнткам адказваю за слушнасць скаргі!..” Тады паліцыянт забраў ляльку ва ўчастак і запрасіў з сабою пані Стаўскую… Скандал, страшны скандал…
– А вы што? – закрычаў я, раз’юшаны.
– Мяне не было дома. Служанка пані Стаўскае яшчэ пагоршыла справу, калі на ўсю вуліцу пачала сварыцца на паліцыянта, і сядзіць, праўда, за гэта ў арышце. А гаспадыня парыжскае пральні, каб паддобрыцца да баранесы, сварылася на пані Стаўскую… Адно добра, пачцівыя студэнты вылілі на галаву баранесе гэткую брыдоту, што век бы не падумаў…
– Але ж суд!.. Але ж справядлівасць!.. – крычаў я.
– Суд пані Стаўскую апраўдае, – сказаў ён. – Гэта ясна. Але што скандал, дык скандал… Прапала бедная кабета. Ужо сёння адправіла яна сваіх вучаніц і сама не пайшла на ўрокі. Равуць разам з маткаю.
Вядома, не чакаючы закрыцця крамы (цяпер гэта здараецца са мною ўсё часцей), пабег я да пані Стаўскае, нават узяў брычку.
Дарогаю прыйшла мне ў галаву добрая думка: расказаць усё Вакульскаму, да якога я вырашыў заехаць, не ведаючы нават, ці ён дома, бо той часта цяпер адбывае службу ў панны Ленцкае.
Вакульскі быў у сябе, але нейкі засмучаны. Жаніхоўства, відавочна, не ішло яму на карысць. Калі ж я распавёў, што здарылася з пані Стаўскаю, пра баранесу і пра ляльку, дык дзяцюк ажывіўся, падняў галаву і з’явіўся ў яго вачах бляск. (Я не раз заўважаў, што найлепшыя лекі ад нашых уласных клопатаў – гэта чужая бяда.)
Ён выслухаў мяне ўважліва (уласныя смутныя думкі неяк выветрыліся ў яго з галавы) і сказаў:
– Зух-баба з гэтае баранесы… Але пані Стаўская можа спаць спакойна, справа ясная, як божы дзень. Не першая яна стала ахвяраю чалавечае подласці!
– Добра табе гэтак казаць, – запярэчыў я, – бо ты мужчына, а перадусім маеш грошы… Тым часам яна, гаротніца, у выніку гэтага скандалу ўжо страціла ўсе ўрокі, хутчэй, сама ад іх адмовілася. Дык як цяпер ёй жыць?..
– А! – стукнуў сябе па лбе Вакульскі. – Я і не падумаў пра гэта…
Ён прайшоўся па пакоі (і моршчыў пры гэтым лоб), штурхануў крэсла, пабарабаніў пальцамі па шыбе і раптам спыніўся перада мною.
– Добра! – кажа ён. – Едзь да тых паняў, а я буду там праз гадзіну. Здаецца мне, зладзім мы справу з пані Мілер…