Я зірнуў на яго з любасцю. Пані Мілер страціла нядаўна мужа, гэткага ж, як і мы, галантарэйнага купца, а ўвесь ягоны маёнтак, крама і крэдыт былі ў залежнасці ад Вакульскага. Дык я ўжо амаль здагадваўся, што Стах зробіць для Стаўскае…
Бягу я тады рыссю на вуліцу, бухаюся ў брычку, еду, нібы тры лакаматывы цягнуць, і ўрываюся, як кангрыўская ракета226
, да тае прыгожае, тае шляхетнае, тае няшчаснае, тае ўсімі пакінутае пані Гэлены. Грудзі ў мяне поўняцца вясёлымі воклічамі і, адчыняючы дзверы, я хачу ўжо закрычаць: “Смех, пані, дый годзе!..” Але як толькі ўвайшоў, дык увесь мой добры гумор застаўся за парогам.Бо ўявіце сабе, што я там убачыў. У кухні – Марыяна з абвязанаю галавою і апухлым тварам – несумненны доказ, што была яна сёння ва ўчастку. У печы не гарыць, посуд пасля абеду не памыты, самавар халодны, а каля апухлае бядачкі сядзяць вартаўнічка, дзве служанкі ды малочніца, і твары ва ўсіх, як на хаўтурах.
Мароз прадраў мяне па скуры, але ўваходжу ў салон.
Амаль тое ж відовішча. Пасярэдзіне ў фатэлі сядзіць пані Місевічова, таксама з абвязанаю галавою, а вакол яе – пан Вірскі, пані Вірская, гаспадыня парыжскае пральні, якая зноў пасварылася з баранесаю, і яшчэ некалькі дам, якія размаўляюць напаўголасу, затое шморгаюць носам на цэлую актаву вышэй, чым у звычайных абставінах.
Словам, атмасфера, як у рымскіх катакомбах, твары збялелыя або зжаўцелыя, вочы заплаканыя, насы чырвоныя. Толькі Гэлюня так-сяк трымаецца. Сядзіць яна пры фартэп’яне са сваёю старой лялечкай і яе рукамі час ад часу стукае па клавішах, кажучы:
– Ціха, Зосю, ціха, не іграй, бо ў бабулі галава баліць.
Дадайце да гэтага яшчэ цьмянае святло лямпы, якая копціць, і… адчыненыя ралеты, дык кожны зразумее, якія пачуцці мяне ахапілі.
Пабачыўшы мяне, пані Місевічова пачала выліваць, хіба, апошні ўжо запас слёз.
– Ах, але ж прыйшоў, шляхетны пане Жэцкі… Не саромеешся бедных кабет зганьбаваных?.. Ох, не цалуй жа мне рукі!.. Няшчасная наша сям’я… Нядаўна Людвічак быў пад падазрэннем, а цяпер і да нас дайшла чарга… Мусім з’ехаць адсюль, хоць на край свету… У мяне пад Чанстаховам ёсць сястра, туды і паедзем бедаваць да скону…
Я шапнуў Вірскаму, каб той далікатна выправіў адсюль гасцей, і падышоў да пані Стаўскае.
– Лепш бы мне не жыць… – адказала яна на прывітанне.
Прызнаюся, за тыя некалькі хвілін, якія я тут знаходзіўся, ахапіла мяне поўнае здранцвенне. Прысягнуў бы нават, што пані Стаўская, яе матка і нават прысутныя тут прыяцелькі сапраўды зганьбаваныя, і што ўсім нам не застаецца нічога іншага, як толькі памерці. Прага смерці не перашкодзіла мне, аднак, паправіць лямпу, якая курэла і брудзіла пакой далікатнаю, але вельмі чорнаю сажаю.
– Ну, мае пані, – рашуча азваўся Вірскі, – пойдзем ужо, бо пан Жэцкі мусіць пагутарыць з пані Стаўскаю.
Дамы, у якіх спагадлівасць не аслабіла цікаўнасці, заявілі, што і яны могуць з намі пагутарыць. Але Вірскі гэтак рашуча пачаў падаваць ім салопы, што прысаромленыя небаракі пацалавалі пані Стаўскую, пані Місевічову, Гэлюню і пані Вірскую (я ўжо баяўся, каб не пачалі яны цалаваць крэслаў) ды, нарэшце, хацелі ўжо ісці, але пачалі і Вірскіх прымушаць ісці разам з імі.
– Як сакрэт, дык сакрэт, – сказала самая разважлівая з іх. – Панства таксама тут не патрэбныя.
Пачалася новая атака развітанняў, цалаванняў ды суцяшэнняў, і ледзь яны выкаціліся за парог усёю хеўраю, яшчэ і тут працягваючы свае цырымоніі. Ат гэтыя бабы!.. Часам я думаю, што пан Бог толькі на тое стварыў Еву, каб спаскудзіць Адаму жыццё ў раі.
Засталіся мы, нарэшце, у сямейным коле, але салон быў ужо такі закуродымлены ды прасякнуты смуткам, што я страціў апошнюю энергію. Жаласным голасам папрасіў я пані Стаўскую, каб дазволіла мне адчыніць фортку, і не стрымаўся, каб не нагадаць тонам вымовы пра неабходнасць зачыняць ралеты, хоць бы ўжо надалей.
– Памятае пані, – звярнуўся я да пані Місевічовае, – як я папярэджваў пра гэтыя ралеты?.. Каб яны былі зачыненыя, пані Кшэшоўская не магла б віжаваць, што ў паняў тут робіцца.
– Праўда, але хто ж мог падумаць? – адказала пані Місевічова.
– Гэткае ўжо наша шчасце, – ціха дадала пані Стаўская.
Сеў я ў фатэль, счапіў пальцы так, што косці затрашчалі, і з роспачнаю пакораю слухаў жальбы пані Місевічовай пра тую ганьбу, якая валіцца на іх сям’ю ўжо некалькі гадоў запар, пра смерць, якая з’яўляецца канцом людскіх пакутаў, пра нанкавыя штаны пана Місевіча і пра мноства падобных рэчаў. Не мінула і гадзіны, як я ўжо не сумняваўся, што справа з лялькаю скончыцца нейкім масавым самагубствам, а я, канаючы ў нагах пані Стаўскае, насмелюся прызнацца ёй у каханні.
Потым нехта моцна пазваніў у дзверы з боку кухні.
– Паліцыянт! – крыкнула пані Місевічова.
– Пані прымаюць? – запытаўся нехта ў Марыяны гэтакім упэўненым голасам, што мне адразу стала лягчэй.
– Прыйшоў Вакульскі, – сказаў я пані Стаўскай і падкруціў вус.
На цудоўным твары пані Гэлены паказалася чырвань, падобная на пяшчотны пялёстак ружы на снезе. Боская кабета!.. Чаму я не Вакульскі?.. Вось тады б…
Увайшоў Стах. Пані Гэлена паднялася яго прывітаць.