Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Не пагарджае пан намі?.. – спытала яна даўкім голасам.

Вакульскі са здзіўленнем зірнуў ёй у вочы і… два разы, раз за разам – каб я так здаровы быў – два разы пацалаваў ёй у руку. А сведчаннем таму, што зрабіў ён гэта з пяшчотаю, была адсутнасць звычайнага ў такіх выпадках цмокання.

– Ах, дык прыйшоў, шляхетны пан Вакульскі, не саромеешся няшчасных зганьбаваных кабет?.. – завяла, не ведаю ўжо які раз, сваю прывітальную прамову пані Місевічова.

– Прашу прабачэння, – спыніў яе Вакульскі, – пані, сапраўды, у прыкрым становішчы, але я не бачу прычын адчайвацца. Праз некалькі тыдняў справа высветліцца, і тады ўжо давядзецца ўпадаць у роспач, але не паням, а той вар’ятцы баранесе. Як ты, Гэлюня? – дадаў ён, цалуючы дзяўчынку.

Голас яго быў такі спакойны і ўпэўнены, а паводзіны гэткія нязмушаныя, што пані Місевічова перастала енчыць, а пані Стаўсакая трохі жвавей зірнула на мяне.

– Дык што ж нам рабіць, шаноўны пане Вакульскі, які не стаў пагарджаць… – зноў пачала была пані Місевічова.

– Трэба чакаць суду, – не даў ёй працягваць Вакульскі. – Трэба даказаць у судзе, што пані баранеса хлусіць, абвінаваціць, у сваю чаргу, яе самую ў паклёпніцтве і, калі яна пойдзе ў вязніцу, не дараваць ёй аніводнае гадзіны. Нейкі месяц, праведзены ў турме, пойдзе ёй на карысць. Зрэшты, я ўжо гаварыў з адвакатам, ён заўтра прыйдзе да паняў.

– Бог цябе паслаў, пане Вакульскі!.. – ужо сваім звычайным голасам выгукнула пані Місевічова, зрываючы з галавы хустку.

– Я прыйшоў сюды па больш важнай справе, – сказаў Стах, звяртаючыся да пані Стаўскае (карцела яму, відаць, хутчэй развітацца, гэтаму ёлупню!). – Пані адмовілася ад сваіх урокаў?

– Так.

– Няхай пані адмовіцца ад іх раз і назаўсёды. Гэта цяжкая і малааплатная праца. Няхай пані зоймецца гандлем.

– Я?

– Так, пані. Умее пані лічыць?

– Я вучылася бухгалтэрыі… – ціха прамовіла пані Стаўская.

Яна была гэтак узрушаная, што аж села.

– Цудоўна. Тут на мяне звалілася яшчэ адна крама разам з яе гаспадыняю, удавою. Але капітал амаль цалкам належыць мне, дык я мушу мець там свайго чалавека, і лепш, каб гэта была кабета, з увагі на гаспадыню крамы. Дык ці згодзіцца пані на месца касіркі з заробкам… пакуль што семдзесят рублёў у месяц?

– Чуеш, Гэленка? – звярнулася да дачкі пані Місевічова з адчаем на твары.

– Пан гатовы даверыць касу мне, падсуднай… – прамовіла пані Стаўская і заплакала.

Аднак хутка абедзве дамы супакоіліся, а праз паўгадзіны мы ўжо пілі гарбату і не толькі гаманілі, але нават жартавалі…

Вакульскі гэта справіў… Адзіны на свеце чалавек! І як яго не любіць! Праўду кажучы, можа, і ў мяне было б гэткае ж добрае сэрца, толькі не стае мне нейкае драбязы… паўмільёна рублёў, як у каханага Стаха.

Адразу пасля Божага нараджэння ўладкаваў я паню Стаўскую ў краму да пані Мілер, якая прыняла новую касірку вельмі сардэчна і паўгадзіны чаўпла мне, які Вакульскі шляхетны, разумны, прыемны… Як ён выратаваў краму ад банкруцтва, а яе і дзяцей – ад жабрацтва, і як бы добра было, каб такі чалавек ажаніўся.

Гуллівая кабетка на свае трыццаць пяць гадоў!.. Не паспела аднаго мужа завезці на Павонзкі, а ўжо (руку б даў адсячы) другі раз гатова выскачыць замуж. Вядома, за Вакульскага. Далібог, ужо палічыць немагчыма, колькі гэтых баб уганяецца за Вакульскім (ці за ягоным багаццем).

А пані Стаўская тым часам захапляецца ўсім: і пасадаю з такім заробкам, якога яна ніколі не мела, і новаю кватэраю, якую зняў для яе Вірскі.

Сапраўды, ніштаватая кватэрка. Маюць яны цяпер вітальню, кухню, водаправод і каналізацыю, тры ўтульныя пакойчыкі, а яшчэ – агародчык. Растуць у ім пакуль тры высахлыя кійкі ды ляжыць кучка цэглы, але пані Стаўская ўяўляе сабе, як ператворыць яго за лета ў рай. Рай, які можна накрыць насоўкаю!..

Год 1879 пачаўся перамогаю англічан у Афганістане, якія пад камандаваннем генерала Робертса ўвайшлі ў Кабул. Пэўна, соус “кабул” падаражэе!.. Але Робертс хват! Без аднае рукі, а б’е афганцаў, аж пер’е ляціць… Хоць такім дзікунам даць дыхту няцяжка, а паглядзеў бы я на цябе, пане Робертс, як бы ты даў рады з венгерскаю пяхотаю!..

У Вакульскага таксама была пасля Новага года баталія з тою суполкаю, якую ён заклаў для гандлю з імперыяй. Думаю, яшчэ адна нарада – і разгоніць ён сваіх супольнікаў на ўсе чатыры бакі. Што за дзіўныя людзі, хоць і спрэс інтэлігенцыя: прамыслоўцы, купцы, шляхта, графы! Ён аб’яднаў іх у суполку, а яны лічаць яго ворагам гэтае суполкі, а ўсе заслугі прыпісваюць сабе. Ён дае ім сем працэнтаў за паўгода, а яны яшчэ касавурацца ды хацелі б зменшыць заробкі працаўнікам.

А тыя каханыя працаўнікі, бараніць якіх гэтак кідаецца Вакульскі!.. Чаго толькі яны не нагаворваюць на яго, нават абзываюць яго эксплуататарам (NB: у нас найбольшыя заробкі ды прэміі!), а як яны адзін аднаму ямы капаюць…

Са смуткам заўважаю я, што з пэўнага часу сярод нашых людзей расквітнелі невядомыя раней звычкі: менш працаваць, гучна наракаць і паціху заводзіць інтрыгі ды пляткарыць. Але што мне да чужых спраў…

А цяпер з надзвычайнаю хуткасцю скончу аповед пра трагедыю, якая не магла пакінуць абыякавым аніводнае шляхетнае сэрца.

Перейти на страницу:

Похожие книги