Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Як гэта кабета кампраметуе сябе, – прашаптаў наш адвакат. – Цягаецца па судах, бярэ гэткага мярзотніка за дарадцу…

– Але мы маем да пані прэтэнзіі за шкоды і страты! – азваўся Малескі. – Ці чуў хто, каб гэтаю парою выганяць прыстойных людзей з кватэры?.. Каб мы нават і знайшлі сабе памяшканне, дык будзе яно такое паганае, што двое з нас, прынамсі, захварэюць на сухоты і памруць…

Пан Паткевіч, напэўна, каб надаць большае вагі гэтым словам, пачаў варушыць вухам ды скураю галавы, што выклікала ў зале новую хвалю весялосці.

– Першы раз бачу нешта падобнае! – сказаў наш адвакат.

– Гэткую справу? – спытаў Вакульскі.

– Не, каб чалавек гэтак варушыў вухам. Артыст!..

Суддзя тым часам напісаў і пачаў чытаць вырок, паводле якога панове Малескі і Паткевіч былі асуджаныя заплаціць дванаццаць рублёў і пяцьдзясят капеек за кватэру і вызваліць памяшканне да 8 лютага.

Тут здарылася нешта надзвычайнае. Пан Паткевіч, пачуўшы вырок, гэтак узрушыўся, што твар яго пазелянеў, і ён самлеў. На шчасце, падаючы, ён трапіў у абдымкі пана Малескага, іначай мог бы моцна вытнуцца, небарака.

Вядома, у зале загучалі спагадлівыя галасы, кухарка пані Стаўскае заплакала. Жыдкі пачалі паказваць пальцам на баранесу і гергетаць. Заклапочаны суддзя спыніў паседжанне, кіўнуў Вакульскаму (адкуль ён яго ведаў?) і пайшоў у свой пакой, а два паліцыянты амаль вынеслі на руках беднага маладзёна, які гэтым разам сапраўды нагадваў нябожчыка.

У калідоры, калі паклалі яго на лаву, а нехта з прысутных закрычаў, што трэба лінуць на яго вады, хворы раптам ускочыў і гучна сказаў:

– Ну, ну, толькі без дурных жартаў…

Пасля чаго сам апрануў паліто, энергічна нацягнуў галёшы і лёгкім крокам выйшаў з суда, пакідаючы ўдзельнікаў працэсу і сведак у здзіўленні.

У гэты момант падышоў да нашае лаўкі нейкі судовы чыноўнік і ціха сказаў Вакульскаму, што суддзя запрашае яго на сняданне. Стах выйшаў, а пані Місевічова пачала рабіць мне роспачныя знакі, просячы да сябе.

– Езус! Марыя! – пачала яна. – Не ведаеш, пан, навошта суддзя паклікаў гэтага найшляхетнейшага з людзей?.. Пэўна, хоча сказаць яму, што прапала Гэленка!.. О, у гэтае непачцівае баранесы мусяць быць вялікія сувязі… Ужо адну справу яна выйграла, відаць, будзе тое самае і з Гэленкай… Ах, я бедная ды няшчасная! Ці няма ў цябе, пане Жэцкі, кропляў ад нерваў?

– Пані кепска?

– Яшчэ не, хоць тут вельмі душна… Але я страшна баюся за Гэленку… Раптам яе засудзяць, дык яна самлее і можа памерці, калі мы хутка не вернем яе да прытомнасці… Як думаеш, каханы пане, можа, варта было б мне кінуцца суддзі ў ногі ды ўпрошваць яго?

– Але ж, пані, гэта лішняе… Наш адвакат казаў, што баранеса і хацела б, напэўна, забраць скаргу, ды ўжо позна.

– Але ж мы саступім! – выгукнула старая.

– О, шаноўная пані, што не, то не, – адказаў я крыху раздражнёна. – Або мы выйдзем адсюль апраўданыя, або…

– Памром, хочаш сказаць? – не дала мне скончыць старая. – Авой, не кажы гэтак… Пан не ведае, як прыкра ў маім веку чуць пра смерць…

Я пакінуў усхваляваную старую і падышоў да пані Стаўскае.

– Як пачуваецца пані?

– Выдатна! – адказала яна рашуча. – Яшчэ ўчора я страшна баялася, але пасля споведзі стала мне лягчэй, а як прыйшла сюды, адчуваю сябе зусім спакойна.

Я паціснуў ёй руку доўга… доўга… так, як паціскаюць толькі тыя, хто сапраўды кахае, і пабег да свае лаўкі, бо Вакульскі, а за ім і суддзя вярнуліся ў залу.

Сэрца ў мяне бухала, як молат. Я агледзеўся. Пані Місевічова з заплюшчанымі вачыма відавочна малілася, пані Стаўская была бледная, але рашуча настроеная, пані баранеса скубла свой салоп, а наш адвакат пазіраў у столь і стараўся не пазяхаць.

У гэты момант Вакульскі таксама азірнуўся на пані Стаўскую і няхай мяне д’яблы возьмуць, калі я не заўважыў у яго вачах выразу замілавання, які рэдка там быў заўважны!..

Яшчэ пару такіх працэсаў, і я ўпэўнены, што закахаўся б ён насмерць.

Суддзя пару хвілін нешта пісаў, а калі скончыў, абвясціў прысутным, што зараз будзе разглядацца справа Кшэшоўскае супраць Стаўскае пра крадзеж лялькі.

І ён паклікаў бакі працэсу і сведак на сярэдзіну.

Я стаяў побач з лаўкамі дык пачуў размову дзвюх кумак. Малодшая, з чырванню на твары, тлумачыла старэйшай:

– Вось, бачыць пані, тая красуня скрала ў тае пані ляльку…

– Было там на што спакусіцца!..

– Уга! Не кожнаму прасы красці …

– Гэта пані скрала прас, – азваўся ззаду грубы голас. – Не той злодзей, хто забірае сваю ўласнасць, а той, хто дае пятнаццаць рублёў задатку і ўжо думае, што купіў…

Суддзя пісаў і пісаў, а я прыгадваў тую прамову, што склаў учора на абарону пані Стаўскае і на зганьбаванне баранесы. Але змяшаліся мне ўсе словы ў галаве, дык я пачаў разглядацца па зале.

Пані Місевічова працягвала ціха маліцца, а Марыяна, якая сядзела за ёю, плакаць. У пані Кшэшоўскае твар зрабіўся шэры, яна прыкусіла вусны і апусціла вочы, але з кожнае складкі яе адзення праглядала злосць… Каля яе стаяў Марушэвіч, утаропіўшыся ў падлогу, а за ім – служанка баранесы, гэткая спалоханая, нібы яе збіраліся весці на эшафот…

Наш адвакат змагаўся з пазяханнем.

Перейти на страницу:

Похожие книги