Я ўжо паспеў забыцца на той ганебны іск пані Кшэшоўскае да тае нявіннае, тае чыстае, тае цудоўнае пані Стаўскае, як ў канцы студзеня грымнулі над нашаю галавою два перуны: вестка пра тое, што ў Вятлянцы227
выбухнула чума, і позва ў суд Вакульскаму ды мне на заўтра. У мяне ногі здзервянелі, і гэта здзервяненне падымалася ўсё вышэй – ад пятак да каленяў, потым да страўніка, імкнучыся, вядома, да сэрца. Думаю: “Чума гэта або паралюш?..” Але Вакульскі прыняў позву гэтак абыякава, што і я абнадзеіўся.Вось іду я ўвечары, усё гэтак жа поўны надзеі, да тых паняў ужо на новую іх кватэру, як раптам чую – пасярод вуліцы бжык-бжык, бжык-бжык!.. О, раны Боскія, гэта ж арыштантаў вядуць!.. Якое страшнае супадзенне…
Авой, якія ж маркотныя думкі апанавалі мяне: “А калі суд не паверыць нам (бо памылкі ж таксама здараюцца) і тую шляхетную кабету кінуць у вязніцу, хоць на тыдзень, хоць на адзін дзень, тады што?.. Яна гэтага не перажыве, і я таксама… А каб і перажыў, дык дзеля таго толькі, каб бедная Гэлюня не засталася без апекі…”
Так! Я мушу жыць. Але што гэта будзе за жыццё!..
Заходжу я да тых дам… Зноў бязладдзе! Пані Стаўская сядзіць збялелая на ўслончыку, а ў пані Місевічовай галава абвязаная хусткаю, змочанай у растворы ад галаўнога болю. Смярдзіць старая камфарай і лямантуе:
– О, шляхетны пане Жэцкі, ты не саромеешся няшчасных, зганьбаваных кабет… Уяві сабе, якая бяда: заўтра суд над Гэленкаю… Падумай толькі, што будзе, калі суд памыліцца і засудзіць няшчасную кабету ў арыштанткі?.. Але супакойся, Гэленка, будзь адважная, Бог цябе, хіба, не пакіне… Хоць уночы сёння мела я жахлівы сон…
(Яна мела сон, я спаткаў арыштантаў… Не абыдзецца без катастрофы).
– Але што гэта! – кажу я. – Справа наша надзейная, нібы золата, выйграем…
І, каб скіраваць думкі пані Місевічовай на іншае, дадаў:
– Зрэшты, што тая справа, калі горшае дзеецца – чума…
– Чума?.. Тут?.. У Варшаве?.. А што, Гэленка, не казала я! Ааа! Усе загінем!.. Гэта ж падчас чумы кожны зачыняецца ў сваім доме… харч падаюць на кіях… трупы сцягваюць у яму крукамі…
Ууу… Бачу, разышлася старая не на жарт, дык, каб спыніць яе разважанні пра чуму, я зноў нагадаў пра суд, на што тая каханая пані адказала мне доўгаю прамоваю пра ганьбу, якая пераследуе іх сям’ю, пра магчымае зняволенне пані Стаўскае ды пра тое, што распаяўся самавар…
Карацей кажучы, апошні вечар перад працэсам, калі гэтак неабходна было падбадзёрыцца, апошні той вечар мінуў у нас у размовах пра чуму і смерць ды пра ганьбу і крымінал. У галаве ў мяне пачало шумець, і калі я апынуўся на вуліцы, дык аж не ведаў, куды мне ісці: налева ці направа.
На другі дзень (справа павінна была пачацца а дзясятай) ужо а восьмай гадзіне паехаў я да маіх паняў і не заспеў іх дома. Усе пайшлі да споведзі: маці, дачка, унучка і кухарка, – ды лучыліся з Богам да паловы на дзясятую, а я, гаротнік (гэта ж быў студзень), шпацыраваў на марозе перад брамаю і думаў:
“Добрая справа! Спозняцца яны ў суд, калі яшчэ не спазніліся, суд выдасць завочны вырок і, вядома, не толькі асудзіць пані Стаўскую, але яшчэ палічыць яе ўцякачкаю ды разашле загад схапіць яе… Гэтак з бабамі!..”
Нарэшце, усе чацвёра прыйшлі разам з Вірскім (няўжо і гэты набожны чалавек хадзіў сёння да споведзі?), і ў двух брычках паехалі мы ў суд: я з пані Стаўскаю і Гэлюняй, а Вірскі – з пані Місевічовай і кухаркай. Шкада, што не пабралі з сабою яшчэ чыгункі, самавар ды прымус!.. Перад будынкам суду стаяла ўжо каляска Вакульскага, у якой ён прыехаў разам з адвакатам. Яны чакалі нас на прыступках гэткіх брудных, нібы прайшоў па іх батальён пяхоты, і твары ў іх былі абсалютна спакойныя. Я гатовы нават паспрачацца, што гутарылі яны пра нешта зусім іншае, а не пра пані Стаўскую.
– О, шаноўны пане Вакульскі, ты не саромеешся бедных кабет, зганьбаваных… – завяла было пані Місевічова.
Але Стах падаў ёй руку, адвакат – пані Стаўскай, Вірскі ўзяў за ручку Гэлюню, а я – у пары з Марыянаю – увайшлі мы да міравога суддзі.
Зала нагадала мне школу: суддзя сядзеў на ўзвышэнні, нібы на прафесарскай кафедры, а насупраць яго ў двух шэрагах лавак размяшчаліся ўдзельнікі працэсу і сведкі. У гэты момант гэтак жыва паўсталі мне ў памяці маладыя гады, што міжволі кінуў вокам я ў бок печы, упэўнены, што ўбачу слугу з дубцамі ды лаўку, на якой нас лупцавалі. Ад узрушэння ледзь не закрычаў: “Больш ніколі ў жыцці, пане прафесар!..” Але своечасова апамятаўся.
Пачалі мы ўсаджваць нашых дам на лаўкі і паспрачаліся з гэтае нагоды з жыдкамі, якія, як мне пазней растлумачылі, з’яўляюцца самымі нястомнымі слухачамі судовых спраў пра крадзяжы ды ашуканства. Знайшоў я месца і пачцівай Марыяне, якая ўселася з такою мінай, нібы мела намер перахрысціцца і адмовіць пацеры.
Вакульскі, наш адвакат і я размясціліся на першай лаўцы побач з ягамосцем у падраным паліто і з падбітым вокам, на якога нядобра пазіраў адзін з паліцыянтаў.
“Пэўна, зноў нейкае непаразуменне з паліцыяй,” – падумалася мне.