Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Як сотні ды тысячы іншых! Прыгожая, распешчаная, але бяздушная. Для яе Вакульскі варты столькі, колькі ў яго грошай ды сувязяў. Вядома, і на мужа надаецца, калі нічога лепшага не патрапіцца. Але ўжо каханкаў яна абярэ паводле свайго густу.

– А той, – правіў далей Шуман, – ці ў склепе Гопфера, ці ў тайзе гэтак задурыў сабе галаву Альдонамі, Гражынамі, Марылямі ды ім падобнымі хімерамі, што і ў панне Ленцкай бачыць боства. Ён ужо не проста кахае, ён абагаўляе яе, моліцца на яе, упаў бы ніцма перад ёю… Прыкрае чакае яго абуджэнне!.. Бо хоць і рамантык да апошняе кроплі крыві, але ён не пойдзе следам за Міцкевічам, які не толькі прабачыў той, што яму здрадзіла, але яшчэ і тужыў па ёй пасля здрады. Уга! Ён нават абяссмерціў яе… Добрая навука нашым паненкам: як хочаш праславіцца, дык здраджвай тым, хто цябе мацней кахае!.. Мы, палякі, асуджаныя быць дурнямі нават у такой простай справе, як каханне…

– Мяркуеш, доктар, што і Вакульскі будзе гэтакім блазнам?.. – спытаў я, адчуваючы, як закіпае ўва мне кроў, нібы пад Вілагас.

Шуман аж падскочыў на крэсле.

– Ой, не, да ліха! – закрычаў ён. – Ён шалее, пакуль кажа сабе: “А раптам яна мяне кахае, а раптам яна такая, як я думаю?..” Але каб ён не працверазеў, калі заўважыць, што стаў пасмешышчам, я… я першы – не будзь я жыдам – гатовы плюнуць яму ў вочы… Гэтакі чалавек можа быць няшчасным, але нельга яму прыніжацца…

Даўно ўжо не бачыў я, каб Шуман гэтак усхадзіўся. Жыд-то ён жыд, з галавы да пят, але верны сябра і чалавек з пачуццём гонару.

– Ну, – сказаў я, – супакойся, доктар. Ёсць у мяне для Стаха лекі.

І расказаў яму пра пані Стаўскую, а напрыканцы дадаў:

– Не дажыць мне веку, доктар, не дажыць мне веку, калі не ажаню я Стаха з пані Стаўскаю. Гэта кабета, у якой ёсць і розум, і сэрца, якая на любоў адкажа любоўю, а яму такая і трэба.

Шуман хітаў галавою і варушыў брывамі.

– Уга! Паспрабуй, пан… На жаль, лекамі на адну кабету можа быць толькі другая кабета. Хоць баюся, ці не спозненая ўжо дапамога…

– Гэта жалезны чалавек, – заўважыў я.

– У тым і небяспека, – адказаў доктар. – Цяжка будзе сцерці тое, што выразана, і цяжка склеіць тое, што трэснула.

– Пані Стаўская зробіць гэта.

– Дай Бог.

– І Стах будзе шчаслівы.

– Ого!..

Развітаўся я з доктарам усцешаны. Кахаю я пані Гэлену, але дзеля яго… выракуся яе.

Абы не позна яшчэ было!

Але не…

Назаўтра апоўдні зайшоў у краму Шуман. Яго крывая ўсмешка падказала мне, што ён занепакоены і настроены іранічна.

– Быў доктар у Стаха? – спытаў я. – Як ён сёння?

Той пацягнуў мяне за шафы і з’едлівым тонам пачаў:

– Бачыш, пан, да чаго бабы даводзяць нават такіх людзей, як Вакульскі! Ведаеш, пан, чаго ён гэтакі засмучаны?..

– Пераканаўся, што панна Ленцкая мае каханка…

– Хаця б ён пераканаўся!.. Можа і вылечыўся б тады радыкальна. Але яна надта спрытная, каб гэткі наіўны закаханы разгледзеў, што робіцца за кулісамі. Зрэшты, я пра іншае. Смех сказаць, сорам прызнацца! – бушаваў доктар.

Ён ляснуў сябе па лысіне і працягваў цішэй:

– Заўтра баль у князя, дзе, ясная рэч, будзе панна Ленцкая. Ці вядома пану, што князь да гэтае пары не запрасіў Вакульскага, хоць іншым разаслаў запрашэнні ўжо два тыдні таму?! А ці паверыць пан, што Стах захварэў з-за гэтага?..

Доктар захіхікаў, вышчэрваючы гнілыя зубы, а я, далібог, пачырванеў ад сораму.

– Цяпер разумееш, пан, на якім адхоне можа апынуцца чалавек? – спытаў Шуман. – Ужо другі дзень ходзіць ён, нібы атручаны, што нейкі князь не запрасіў яго на баль!.. Ён, той наш каханы, той наш слаўны Стах…

– Ён сам гэта пану сказаў?

– Дзе там! – прамармытаў доктар. – У тым і бяда, што не сказаў. Каб хапіла яму духу сказаць, дык і плюнуць бы здолеў на гэта спозненае запрашэнне.

– Мяркуеш, пан, што яго запросяць?

– Авой! Не запрасіць яго каштавала б князю пятнаццаць працэнтаў гадавых з капіталу, укладзенага ў суполку. Запросіць ён яго, запросіць. Дзякуй Богу, Вакульскі яшчэ рэальная сіла. Але спачатку, ведаючы яго слабасць да панны Ленцкае, падражніць яго, пабавіцца ім, як сабакам, якому здалёк паказваюць кавалак мяса, каб навучыць хадзіць на задніх лапах. Не бойся, пане, яны яго не выпусцяць, на гэта ім розуму хопіць. Але яны хочуць выдрэсіраваць яго, каб добра служыў, прыносіў у зубах, нават кусаў тых, хто ім нямілы.

Ён узяў сваю бабровую шапку, кіўнуў мне і выйшаў. Дзівак быў, дзіваком і застаўся.

Рэшту дня я змарнаваў, нават некалькі раз памыліўся ў разліках. А калі ўжо збіраўся зачыняць краму, з’явіўся Стах. Здалося мне, што за апошнія дні ён зблажэў. Ён нядбала павітаўся з нашымі панамі і пачаў корпацца ў шуфлядзе стала.

– Шукаеш нешта? – спытаў я.

– Ці не было тут ліста ад князя?.. – адказаў ён, унікаючы майго позірку.

– Я адсылаў усе лісты табе на кватэру…

– Я ведаю, але мог нейкі заваляцца сярод папер…

Лепш бы мне зубы дзерлі, чым чуць такое. Дык меў Шуман рацыю: Стах пакутуе, што князь не запрасіў яго на баль!

Калі краму зачынілі і ўсе пайшлі, Вакульскі спытаў:

– Што ты сёння будзеш рабіць? Можа, запрасіў бы мяне на гарбату?

Перейти на страницу:

Похожие книги