Читаем ЛЯЛЬКА полностью

“А я пана заўважыла, калі пан летам быў у той камяніцы, дзе мы жылі. Не ведаю нават чаму, але мне здавалася…”

– А колькі клопату было з тымі пашпартамі!.. Бог ведае, хто браў, каму аддаваў, чыё ўпісваў прозвішча… – распавядала пані Місевічова.

“…Чаму не! Калі толькі пан пажадае…” – казала, чырванеючы, пані Стаўская.

“… І не буду надакучлівы?..”

– Прыгожая пара! – ціха сказаў я пані Місевічовай.

Яна зірнула на іх і ўздыхнула:

– Але што ж, нават каб ужо няшчасны Людвічак і нежывы быў…

– Будзем спадзявацца на Бога.

– Што жывы?.. – спытала старая, але не падобна было, каб яе гэта цешыла.

– Не, я не пра тое… Але…

– Мама, я ўжо спаць хачу, – азвалася Гэлюня.

Вакульскі падняўся з канапы, і мы развіталіся з дамамі.

“Хто ведае, – падумаў я, – ці не праглынуў ужо кручка гэты асяцёр?..”

На двары па-ранейшаму сыпаў снег, Стах завёз мяне дадому і, невядома чаго, чакаў у санках, пакуль я зайду ў браму.

Я зайшоў, але затрымаўся ў сенцах. А калі вартаўнік замкнуў браму, пачуў, як зазвінелі на вуліцы, ад’язджаючы, санкі.

“Гэтакі ты? – падумаў я. – Пабачым, куды паедзеш…”

Зайшоў я да сябе, апрануў стары плашч, цыліндр, і, гэтак пераапрануты, праз паўгадзіны выйшаў на вуліцу.

У кватэры Стаха было цёмна, значыць, ён не дома. Дык дзе ён?..

Спыніў я санкі, што праязджалі побач, і праз некалькі хвілін выйшаў непадалёк ад дома, дзе жыў князь.

На вуліцы стаяла некалькі карэт, іншыя пад’язджалі, але другі паверх быў ужо асветлены, музыка грала, а ў вокнах час ад часу мільгалі цені танцораў.

“Там панна Ленцкая,” – падумаў я, і сэрца ў мяне сціснулася.

Паглядзеў я ўздоўж вуліцы. У! Якая завея… Ледзь відно мігценне газовак. Трэба ісці спаць.

Каб злавіць санкі, перайшоў я на другі бок і… ледзь не наляцеў на Вакульскага… Ён стаяў пад дрэвам, засыпаны снегам, узіраючыся ў вокны.

“Дык вось як?! О, хоць здохні, мой каханы, а мусіш ты ажаніцца з пані Стаўскаю”.

У такой небяспечнай сітуацыі пастанавіў я дзейнічаць энергічна. Назаўтра ж выбраўся да Шумана і кажу яму:

– А ведаеш, доктар, што здарылася са Стахам?

– Што? Нагу зламаў?

– Горш. Хоць ён, нягледзячы на падвойнае запрашэнне, і не быў на балі ў князя, але апоўначы падкраўся да яго дома і стаяў там у завеі ды глядзеў на вокны. Разумееш, пан?

– Разумею. Тут не трэба быць псіхіятрам.

– Таму я пастанавіў абавязкова ажаніць Стаха яшчэ сёлета, нават яшчэ да Святога Яна.

– З паннаю Ленцкаю? – падхапіў доктар. – Я раю не лезці ў гэта.

– Не з паннаю Ленцкаю, а з пані Стаўскаю.

Шуман пастукаў сабе па ілбу.

– Шпіталь вар’ятаў! – прамармытаў ён. – Усе як адзін… У пана, відавочна, мазгі радчэюць, пане Жэцкі.

– Пан мяне абражае! – выгукнуў я раззлавана.

Ён стаў перада мною і, схапіўшы мяне за адвароты сурдута, казаў сярдзітым голасам:

– Слухай, пан… Я выкарыстаю параўнанне, якое пану мусіць быць зразумелае. Калі шуфляда поўная, напрыклад, партманетак, дык ці можаш у тую самую шуфляду напхаць яшчэ і гальштукаў?.. Не можаш. Вось і Вакульскі, калі сэрца яму запоўніла панна Ленцкая, ці можа яшчэ ўціснуць туды паню Стаўскую?..

Я адчапіў яго рукі ад свайго сурдута і адказаў:

– Я дастану партманеты і пакладу гальштукі, разумееш, пане вучоны?..

І зараз жа выйшаў, бо мяне яго бесцырымоннасць пачала ўжо раздражняць.

Ад доктара я паехаў да пані Місевічовае. Стаўская была ў краме. Гэлюню я выправіў у другі пакой гуляць з цацкамі, а сам падсеў да старое і проста з моста пытаюся:

– Пані дабрадзейка!.. Ці лічыш Вакульскага годным чалавекам?..

– Ах, дарагі пане Жэцкі, як ты можаш пытаць?.. Ён зменшыў нам кватэрную плату ў сваім доме, выратаваў Гэленку ад ганьбы, даў ёй пасаду на семдзесят пяць рублёў, Гэлюні прыслаў столькі цацак…

– Прашу прабачэння, – перапыніў я яе, – дык згаджаецца пані, што чалавек ён высакародны, і таму пад вялікім сакрэтам мушу паведаміць пані, што чалавек ён вельмі няшчасны…

– У імя Айца і Сына!.. – перахрысцілася старая. – Ён няшчасны?! Ён, які мае гэткую краму, суполку, прорву грошай?.. Ён, які нядаўна прадаў камяніцу?.. Хіба, даўгі, а я і не ведала.

– Даўгоў ані гроша, – кажу я, – а пасля продажу крамы ў яго шэсцьсот тысяч рублёў, хоць два гады таму меў ён трыццаць тысяч ды краму, вядома… Але, пані дабрадзейка!.. Грошы яшчэ не ўсё, бо чалавек, апроч кішэні, мае і сэрца…

– Але ж я чула, што ён жэніцца. І нават з пекнай асобай, з паннаю Ленцкай.

– Гэта і бяда. Вакульскі не можа, не павінен жаніцца…

– Няўжо мае дэфект?.. Гэтакі здаровы мужчына…

– Не павінен жаніцца з паннаю Ленцкай. Гэта не для яго партыя. Яму трэба жонка такая…

– Такая, як мая Гэленка… – спешна закончыла пані Місевічова.

– Вось!.. – выгукнуў я. – Не толькі такая, але менавіта яна… Яе самую, Гэлену Стаўскую, трэба нам за жонку.

Старая заплакала.

– Ведаеш, каханы пане Жэцкі, – казала яна, усхліпваючы, – гэта мая запаветная мара… Бо галаву даю: пачцівы Людвічак ужо памёр… Гэтак часта сніцца ён мне і заўсёды або голы, або нейкі не падобны да сябе…

– Зрэшты, – кажу я, – нават каб і не памёр, дык атрымаем развод.

– Вядома. За грошы ўсё можна зрабіць.

– Менавіта! Абы пані Стаўская не была супраць.

Перейти на страницу:

Похожие книги