Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Дык, – скончыў ён, – паміж намі згода. Ледзь не забыў! Я наведаў усіх знаёмых, да якіх маглі дайсці мае неабачлівыя словы пра кабылу, і дакладна ім усё растлумачыў… Марушэвічу дарога ў турму, там яму і месца, а без яго ў мяне застанецца на пару тысяч рублёў больш… Быў я таксама ў пана Тамаша і панны Ізабэлы і таксама растлумачыў гэта непаразуменне… Страх, як той латруга навучыўся выціскаць з мяне грошы! Ужо год нічога ў мяне няма, а ён, аднак, працягвае ў мяне пазычаць. Геніяльны махляр!.. Баюся, што калі яго не асудзяць на катаргу, мне ад яго не адчапіцца. Да пабачэння, кузіне.

Не прайшло і дзесяці хвілін пасля сыходу барона, як слуга паведаміў Вакульскаму, што прыйшоў нейкі пан, які неадкладна хоча яго бачыць, але не называе сваё прозвішча.

“Няўжо Марушэвіч?..” – падумаў Вакульскі.

Сапраўды, увайшоў Марушэвіч. Быў ён бледны, вочы яго палалі.

– Пане! – панура пачаў ён, зачыняючы за сабою дзверы кабінета. – Ты бачыш перад сабою чалавека, які пастанавіў…

– Што ж пан пастанавіў?

– Пастанавіў скончыць жыццё… Цяжкі гэты момант, але што зробіш? Гонар…

Ён уздыхнуў і ўзбуджана працягваў:

– Мог бы я, праўду кажучы, спачатку забіць пана, які вінаваты ў маім няшчасці.

– О, дык прашу пана не цырымоніцца, – сказаў Вакульскі.

– Пан жартуе, а ў мяне насамрэч пры сабе зброя, і я гатовы…

– Ну дык выпрабуй, пан, сваю гатовасць.

– Пане, гэтак не размаўляюць з чалавекам, які стаіць над магілаю. Я прыйшоў толькі дзеля таго, каб давесці пану, што, нягледзячы на ўсе свае памылкі, маю высакароднае сэрца.

– Дык чаму ж пан стаіць над магілаю? – спытаў Вакульскі.

– Каб захаваць гонар, якога пан хоча мяне пазбавіць.

– О!.. Пакінь сабе, пан, гэты каштоўны скарб, – адказаў Вакульскі і дастаў са стала фатальныя дакументы. – Ты пра гэтыя паперы?

– Пан яшчэ пытае?! Пан кпіць з мае роспачы!

– Пане Марушэвіч, – працягваў Вакульскі, праглядаючы паперы, – не сакрэт, што зараз зручны момант прачытаць пану натацыю або на нейкі час пакінуць пана ў няпэўнасці. Але абодва мы ўжо паўналетнія, дык…

Ён падраў паперы і шматкі аддаў Марушэвічу.

– Дык няхай пан захавае гэта сабе на памяць.

Марушэвіч кінуўся перад ім на калені.

– Пан дараваў мне жыццё!.. – закрычаў ён. – Мая ўдзячнасць…

– Не смяшы, пан, людзей, – спыніў яго Вакульскі. – За панскае жыццё я спакойны, бо ўпэўнены, што трапіш некалі ў турму. Іншая рэч, што я не жадаю спрыяць гэтаму падарожжу.

– О, пан не мае літасці! – адказаў Марушэвіч, машынальна атрасаючы штаны. – Адно зычлівае слова, адзін цёплы поціск рукі, можа, скіраваў бы мяне на іншы шлях. Але пан на гэта не здольны…

– Ну, я развітваюся з панам. Абы пан не даўмеўся калі-небудзь падпісацца маім прозвішчам, бо тады… Разумее пан?

Марушэвіч выйшаў абражаны.

“Гэта для цябе, для цябе, каханая. Адным вязнем сёння стала менш. Страшная рэч зняволіць некага, нават злодзея і ашуканца”, – падумаў Вакульскі.

Хвіліну яшчэ ён змагаўся з сабою. То дакараў сябе, што мог вызваліць свет ад махляра і не зрабіў гэтага. То зноў думаў, што сталася б з ім, каб яго самога зняволілі, адарвалі ад панны Ізабэлы на цэлыя месяцы, можа, на гады.

“Які жах ніколі ўжо не бачыць яе… Хто, зрэшты, ведае, ці не ў міласэрнасці сапраўдная справядлівасць?.. Які я раблюся сентыментальны!..”


TEMPUS FUGIT, AETERNITAS MANET239


Хоць размова з Марушэвічам адбывалася сам-насам, аднак вестка разышлася… Вакульскі расказаў усё Жэцкаму і загадаў выкрасліць з кнігі ўяўны доўг барона. А Марушэвіч расказаў барону і дадаў, што барон не павінен ўжо на яго гневацца, бо доўг скасаваны, і ён, Марушэвіч, мае намер выправіцца.

– Я адчуваю, – уздыхаў ён, – што мог быць іншым, каб у мяне было хоць тры тысячы рублёў у год… Ганьба свету, дзе такія, як я, людзі марнуюцца!..

– Ну, досыць ужо табе, Марушэвіч, – супакойваў яго барон. – Я люблю цябе, але ж усе мы ведаем, што ты махляр.

– А ты зазіраў, барон, у маё сэрца?.. Ведаеш, што я адчуваю?.. О, каб існаваў нейкі трыбунал, які ўмее чытаць у чалавечых душах, паглядзелі б мы, хто з нас лепшы: я ці тыя, хто мяне асуджае ды зневажае!..

У выніку і Жэцкі, і барон, і князь ды некалькі графаў, даведаўшыся пра “новы выбрык” Марушэвіча, прызналі, што Вакульскі паступіў шляхетна, але не па-мужчынску.

– Вельмі прыгожы чын, – казаў князь, – але… не ў стылі Вакульскага. Ён здаваўся мне адным з тых людзей, якія ўяўляюць у грамадстве сілу, што творыць дабро і карае нягоднікаў. Абысціся з Марушэвічам так, як Вакульскі, мог кожны ксёндз… Баюся, гэты чалавек траціць сваю энергію.

Насамрэч Вакульскі не страціў энергіі, але шмат у чым змяніўся. Напрыклад, крамаю ён не займаўся, нават адчуваў агіду да яе, бо тытул галантарэйнага купца шкодзіў яму ў вачах панны Ізабэлы. Але ён пачаў больш займацца суполкаю гандлю з імперыяй, бо яна прыносіла вялікі даход, і гэтым павялічвала маёнтак, які ён збіраўся ахвяраваць панне Ізабэле.

Перейти на страницу:

Похожие книги