– Узнагароджваючы сябе ў іншых месцах, – заўважыла панна Ізабэла.
– Менавіта!.. Каб я так не рабіў, не было б чаго мне прабачаць, і страшныя былі б мае заганы.
Не змяняючы позы, ён праваю рукою абняў яе, а леваю сціскаў ёй ручку, схаваную пад плашчыкам.
– Так, кузіна, – працягваў ён. – Такой, як ты, кабеце мала паўсядзённага хлеба шацунку, нават пернікаў закаханасці… Табе часам трэба шампанскага, цябе мусіць нехта ап’яніць, няхай і цынізмам.
– Цынікам быць лёгка…
– Але не кожны насмеліцца ім быць. Спытай у таго пана, ці прыходзіла яму ў галаву, што яго любоўныя малітвы не вартыя майго блюзнерства?..
Вакульскі ўжо не чуў далейшае размовы, яго ўвагу захапіў іншы факт: перамена, якая імкліва пачала адбывацца ў ім самім. Каб яму ўчора сказалі, што ён будзе нямым сведкам падобнае размовы, не паверыў бы, бо думаў бы, што адно такое слова заб’е яго або выкліча шаленства. Аднак, калі гэта сталася, ён мусіў прызнаць, што ад здрады, расчаравання і прыніжэння ёсць нешта горшае.
Але што?.. Вось што – язда чыгункаю. Як гэты вагон дрыжыць… як ён імчыць!.. Дрыжанне цягніка перадаецца яго нагам, лёгкім, сэрцу, мозгу; у ім самім усё дрыжыць, кожная костачка, кожны нерв…
А гэтае імчанне па неабсяжнай роўнядзі пад велічным скляпеннем нябёсаў!.. І ён мусіць ехаць яшчэ невядома колькі… можа, пяць, можа, дзесяць хвілін!..
Што яму Старскі або нават і панна Ізабэла… Вартыя адзін аднаго!.. Але гэтая чыгунка, ах, гэтая чыгунка… гэтае дрыжанне…
Яму здавалася, што ён заплача, што пачне крычаць, што выб’е акно і выскачыць з вагона… Яшчэ горай! Яму здавалася, што ён будзе маліць Старскага, каб той яго ратаваў… Ад чаго?.. Быў момант, калі ён хацеў схавацца пад канапу, прасіць прысутных, каб тыя наваліліся на яго, прыціснулі, і гэтак даехаць да станцыі…
Ён заплюшчыў вочы, сціснуў зубы, ухапіўся рукамі за махры абіўкі, пот выступіў у яго на лбе і сплываў па твары, а цягнік дрыжаў ды імчаў… Нарэшце пачуўся свісток. Адзін. Другі. І цягнік затрымаўся на станцыі.
“Выратаваны,” – падумаў Вакульскі.
Адразу ж абудзіўся пан Ленцкі.
– Што за станцыя? – спытаў ён у Вакульскага.
– Скернавіцы, – адказала панна Ізабэла.
Кандуктар адчыніў дзверы. Вакульскі сарваўся з месца. Ён штурхануў пана Тамаша, ледзь не паваліўся на супрацьлеглую канапу, спатыкнуўся на прыступцы і ўбег у буфет.
– Гарэлкі! – выгукнуў ён.
Здзіўленая буфетчыца падала яму кілішак. Ён паднёс яго да вуснаў, але адчуў млоснасць і паставіў кілішак некрануты.
У вагоне Старскі казаў панне Ізабэле:
– Але даруй, кузіна, гэтак спешна не пакідаюць вагон пры дамах.
– Можа, ён хворы? – адказала панна Ізабэла, адчуваючы нейкі неспакой.
– У кожным разе, хвароба не так небяспечная, як неадкладная… Ці загадаеш прынесці што-небудзь, кузіна?
– Няхай мне дадуць содавай вады.
Старскі пайшоў у буфет, панна Ізабэла пазірала ў акно. Яе неакрэсленая трывога ўзрастала.
“Нешта тут не так… – думала яна. – Які дзіўны ў яго быў выгляд…”
Вакульскі з буфета пайшоў у канец перона. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, папіў вады з бочкі, каля якое стаяла ўбогая кабета і пару жыдкоў. Паволі ён апрытомнеў, а калі заўважыў кандуктара, сказаў:
– Каханы пане, вазьмі ў рукі якую паперчыну…
– Што з панам?
– Нічога. Вазьмі ў бюро якую-небудзь паперчыну і перад нашым вагонам скажы, што Вакульскаму тэлеграма.
– Да пана?..
– Так…
Кандуктар моцна здзівіўся, але пайшоў да тэлеграфа. Праз пару хвілін ён выйшаў з бюро, падышоў да вагона, у якім сядзеў пан Ленцкі з дачкою, і закрычаў:
– Тэлеграма пану Вакульскаму!..
– Што?.. Пакажы мне, пан… – азваўся занепакоены пан Тамаш.
Але ў гэты момант побач з кандуктарам з’явіўся Вакульскі, ён узяў паперу, павольна разгарнуў яе і, хоць у тым месцы было зусім цёмна, зрабіў выгляд, што чытае.
– Што за тэлеграма?.. – спытаў яго пан Тамаш.
– З Варшавы, – адказаў Вакульскі. – Я мушу вяртацца.
– Вяртаецца пан?.. – выгукнула панна Ізабэла. – Здарылася нейкае няшчасце?..
– Не, пані. Мой супольнік кліча мяне.
– Зыск ці страта?.. – ціха спытаў пан Тамаш, высоўваючыся ў вакно.
– Вялізны зыск, – гэтак жа ціха адказаў Вакульскі.
– А… дык едзь… – параіў яму пан Тамаш.
– Але навошта пану тут заставацца? – занепакоілася панна Ізабэла. – Пану давядзецца чакаць цягніка, дык лепш пану ехаць з намі, пакуль мы не сустрэнем яго ў дарозе. Яшчэ пару гадзін пабудзем разам…
– Бэла цудоўна радзіць, – заўважыў пан Тамаш.
– Не, пане, – адказаў Вакульскі. – Лепш я паеду адсюль лакаматывам, чым губляць некалькі гадзін.
Панна Ізабэла глядзела на яго вялікімі вачыма. У гэты момант яна ўбачыла ў ім нешта зусім новае і зацікавілася ім.
“Якая багатая натура!” – падумала яна.
За некалькі імгненняў Вакульскі без бачнае прычыны набыў вагу, а Старскі здрабнеў і стаў смешны.
“Але чаму ён застаецца?.. Адкуль узялася гэтая тэлеграма?..” – пытала яна сама сябе, і неакрэслены неспакой перарастаў у трывогу.
Вакульскі вярнуўся ў буфет, каб знайсці насільшчыка і забраць рэчы, і сутыкнуўся там са Старскім.
– Што з панам?.. – выгукнуў Старскі, разглядаючы яго ў святле, якое падала з залы.
Вакульскі ўзяў яго пад руку і пацягнуў за сабою ўздоўж перона.