Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Няхай пана не гнявіць, пане Старскі, тое, што я скажу, – пачаў ён глухім голасам. – Пан памыляецца наконт сябе… Пан мае ў сабе гэтулькі ж дэманічнага, колькі атруты ў запалцы… І пан зусім не валодае шаманскімі здольнасцямі… Пан мае, хутчэй, уласцівасці заляжалага сыру, які баламуціць хворыя страўнікі, але просты смак можа выклікаць ваніты… Перапрашаю пана…

Старскі аслупянела слухаў. Ён нічога не разумеў, аднак здавалася яму, што нешта разумее. Ён ужо падумаў быў, што перад ім вар’ят.

Пачуўся другі званок, падарожныя тлумна выбеглі з буфету да вагонаў.

– І яшчэ дам пану параду, пане Старскі. Карыстаючыся прыхільнасцю прыгожага полу, лепш прытрымлівацца традыцыйнае асцярожнасці, чым нейкае там дэманічнае адвагі. Адважнасць пана зрывае маскі з кабет. А кабеты не любяць здымаць маскі, дык пан можа страціць іх давер, што было б няшчасцем як для пана, гэтак і для панскіх лялечак.

Старскі па-ранейшаму нічога не разумеў.

– Калі я пана нечым абразіў, – сказаў ён, – гатовы даць сатысфакцыю.

Зазванілі трэці раз.

– Панове, прашу сядаць!.. – крычалі кандуктары.

– Не, пане, – адказаў Вакульскі, вяртаючыся з ім да вагону панства Ленцкіх. – Каб трэба мне была сатысфакцыя, дык забіў бы пана без лішніх фармальнасцяў. Хутчэй пан мае права ад мяне жадаць сатысфакцыі за тое, што я насмеліўся ўлезці ў агародчык, дзе пан песціць свае кветачкі… У любы момант гатовы… Пану вядома, дзе я жыву?..

Яны падышлі да вагона, пры якім ужо стаяў кандуктар. Вакульскі жывасілам падапхнуў Старскага на прыступку і далей – у вагон, а кандуктар зачыніў дзверы.

– Што ж не развітваешся, пане Станіславе? – спытаў здзіўлены пан Тамаш.

– Прыемнага падарожжа!.. – адказаў той з паклонам.

У акне стаяла панна Ізабэла. Кандуктар свіснуў, з лакаматыва адказалі.

Farewel, miss Iza, farewel!241 – закрычаў Вакульскі.

Цягнік рушыў. Панна Ізабэла ўпала на лаўку насупраць бацькі. Старскі сеў у другім кутку.

“Ну… ну… ну!.. – прамармытаў сабе пад нос Вакульскі. – Сыдзецеся яшчэ да Пётркава…”

Ён глядзеў на цягнік, як той ад’язджае, і рагатаў.

Ён застаўся на пероне адзін і прыслухоўваўся да шуму адыходзячага цягніка. Гэты шум то слабеў, то сціхаў, то зноў узмацняўся і, нарэшце, сціх зусім.

Потым ён чуў крокі работнікаў чыгункі, якія разыходзіліся, перасоўванне столікаў у буфеце, потым у буфеце пачалі гаснуць лямпы, і афіцыянт, пазяхаючы, замкнуў шкляныя дзверы, якія прарыпелі нейкае слова.

“Згубілі маю бляшку, шукаючы медальён!.. – думаў Вакульскі. – Я сентыментальны і нудны… Яна, апроч паўсядзённага хлеба шацунку ды пернікаў закаханасці мусіць мець шампанскае… Пернікі закаханасці – гэта вельмі дасціпна!.. Але што за шампанскае ёй падабаецца?.. Ага, цынізм!.. Шампанскае цынізму – таксама вельмі дасціпна… Ну, прынамсі, акупілася мне навука англійскае мовы…”

Бязмэтна перасоўваючы ногі, ён апынуўся сярод двух шэрагаў запасных вагонаў. Задумаўся: куды ісці? І раптам зазнаў галюцынацыі. Яму здавалася, што ён стаіць унутры вялізнае вежы, якая завальваецца без грукату. Яго не забіла, але з усіх бакоў зваліла друзам, з якога ён не мог вылезці. Не было выйсця!..

Ён страсянуўся, і ўява знікла.

“Відавочна, морыць мяне сон, – думаў ён. – Уласна кажучы, не здарылася са мною нічога неспадзяванага. Усё можна было раней прадбачыць, я нават усё гэта бачыў… Якія пустыя размовы яна вяла са мною!.. Што яе цікавіла?.. Балы, раўты, канцэрты, строі… Што яна любіла?.. Сябе. Здавалася ёй, што ўвесь свет – дзеля яе, а яна – дзеля таго, каб бавіцца. Какетнічала… але ж так, яна самым бессаромным чынам какетнічала з усімі мужчынамі, а з усімі кабетамі спаборнічала ў прыгажосці, ва ўборах, ва ўсеагульным пакланенні… Што яна рабіла? Нічога. Упрыгожвала салоны. Адзіная рэч, дзякуючы якой яна магла забяспечыць сабе дабрабыт, было яе каханне, фальшывы тавар!.. А гэты Старскі… Што Старскі?! Гэткі ж паразіт, як і яна… Ён, хіба, быў толькі эпізодам у яе поўным досведу жыцці. Да яго, прынамсі, прэтэнзій у мяне быць не павінна: знайшлі адно аднаго. Ані да яе… Так, гэта Месаліна, якая дражніць фантазію!.. Абдымаў яе ды шукаў медальён, хто хацеў, нават гэты Старскі. Небарака, няма чаго рабіць, дык стаў спакуснікам…

Колісь я верыў, што тут, на зямлі

Белыя з намі анёлы жылі...242

Добрыя анёлы!.. Светлыя крылы!.. Пан Малінары, пан Старскі і Бог ведае, колькі іх яшчэ… Вось вынік пазнання кабет праз паэзію!

Трэба было глядзець на кабет не праз акуляры Міцевічаў, Красінскіх або Славацкіх, а карыстацца статыстыкай, якая вучыць, што кожны дзясяты белы анёл блудніца, а каб давялося расчаравацца, дык не бяда…”

У гэты момант нешта зашумела: налівалі ваду ў кацёл ці ў рэзервуар. Вакульскі спыніўся. Яму здавалася, што ў гэтым працяглым і меланхалічным гуку ён чуе цэлы аркестр, які грае мелодыю з Роберта Д’ябла. “Вы, што спіце тут пад халодным смерці каменем…” Рогат, плач, жальба, віскат, бязладныя воклічы, – усё гэта гучала разам, і над усім узносіўся магутны голас, поўны безнадзейнага смутку.

Перейти на страницу:

Похожие книги