Ён гатовы быў прысягнуць, што чуе аркестр, і зноў пачаліся галюцынацыі. Яму здавалася, што ён на могілках, сярод раскрытых магіл, з якіх лезуць жахлівыя цені. Праз момант кожны цень рабіўся прыгожаю кабетаю, а паміж імі плаўна рухалася панна Ізабэла і вабіла яго да сябе рукою ды позіркам…
Яго ахапіў такі жах, што ён перахрысціся, і здані зніклі.
“Баста! – падумаў ён. – Я тут звар’яцею…”
І ён пастанавіў забыць панну Ізабэлу.
Была ўжо другая гадзіна ночы. У бюро тэлеграфа гарэла лямпа з зялёным абажурам і чуўся стукат апарата. Каля вакзальнага будынка хадзіў нейкі чалавек, які зняў перад ім шапку.
– Калі будзе цягнік да Варшавы? – запытаўся Вакульскі.
– А пятай, вяльможны пане, – адказаў чалавек з такім рухам, нібы хацеў пацалаваць яго ў руку. – Я, вяльможны пане…
– Толькі а пятай!.. – паўтарыў Вакульскі. – Коні, хіба… А з Варшавы а якой?
– Праз тры чвэрці гадзіны. Я, вяльможны пане…
– Праз тры чвэрці гадзіны… – прашаптаў Вакульскі. – Чвэрці… чвэрці… – паўтараў ён, адчуваючы, што не вымаўляецца ў яго належным чынам літара “р”.
Ён адвярнуўся ад незнаёмага і ўздоўж перона пайшоў у бок Варшавы. Чалавек паглядзеў яму ўслед, паківаў галавою і знік у цемры.
“Чвэрці… чвэрці… – мармытаў Вакульскі. – Язык у мяне дзервянее?.. Які дзіўны збег акалічнасцяў: я вучыўся, каб здабыць панну Ізабэлу, а навучыўся, каб яе страціць… Або ўзяць Гейста. Ён зрабіў вялікае адкрыццё і даверыў мне святы заклад, каб пану Старскаму было што шукаць… Усяго яна мяне пазбавіла, нават апошняе надзеі… Каб зараз запыталіся ў мяне: ці я сапраўды ведаў Гейста, ці бачыў яго дзіўны метал, не змог бы адказаць, бо ўжо сам не ведаю, ці не было гэта ілюзіяй… Ах, каб я мог пра яе не думаць… Хоць некалькі хвілін…
Вось і не буду пра яе думаць…”
Ноч была зорная, абапал чарнелі палеткі, уздоўж чыгункі гарэлі рэдкія сігнальныя ліхтары. Вакульскі, ідучы ровам, спатыкнуўся аб вялікі камень, і адразу ж паўсталі ў яго перад вачыма руіны замка ў Заслаўлі, той камень, на якім сядзела панна Ізабэла, і яе слёзы. Але гэтым разам, апроч слёз, у позірку бліснуў фальш.
“Вось і не буду пра яе думаць… Паеду да Гейста, буду працаваць ад шостае раніцы да адзінаццатае ўвечары, буду вымушаны сачыць за ціскам, за тэмператураю, за электрычным напружаннем… Не застанецца мне аніводнае хвіліны…”
Яму здалося, што за ім нехта ідзе. Ён азірнуўся, але нікога не заўважыў. Пры гэтым ён прыкмеціў, што левым вокам бачыць горш, чым правым, і гэта яго пачало моцна непакоіць.
Ён хацеў вярнуцца да людзей, але адчуў, яму невыносна на іх глядзець. Нават думаць ужо стала пакутліва, амаль балюча.
“Я і не ведаў, што чалавеку можа быць цяжкаю ўласная душа…” – прамармытаў ён. – “Ах, каб я мог не думаць…”
Далёка на ўсходзе заблішчаў вузкі серп месяца, заліваючы краявід невымоўна смутным святлом. І раптам перад Вакульскім паўстала новая ўява. Быў ён у ціхім і бязлюдным лесе, хвоі раслі дзіўна пахіленыя, не чутно было аніводнага птаха, вецер не варушыў аніводнаю галінкаю. Не было нават святла, толькі смутны паўзмрок. Вакульскі адчуваў, што гэты паўзмрок, жаль і смутак выплываюць з ягонага сэрца, і ўсё скончыцца, хіба, разам з жыццём, калі ўвогуле скончыцца…
Паміж хвояў, куды ні паглядзі, віднеліся кавалкі шэрага неба, кожны з іх замяняўся ў дрыжачую шыбу вагона, у якой адбівалася невыразнае аблічча панны Ізабэлы ў абдымках Старскага.
Вакульскі ўжо не мог супраціўляцца ўявам, яны апанавалі яго, зжэрлі волю, скрывілі думкі, атруцілі сэрца. Дух яго страціў усялякую самастойнасць, кіравала ім кожнае ўражанне, паўтараючыся ў шматлікіх – усё больш змрочных, усё больш балесных – формах, як рэха ў пустым будынку.
Зноў ён спатыкнуўся аб камень, і гэта дробязь абудзіла ў ім страшныя медытацыі.
Здавалася яму, што некалі, некалі ён сам быў каменем – халодным, сляпым, бяздушным.
І калі ён так ляжаў, высакамерны ў сваёй мёртвасці, у якую не здолелі ўдыхнуць жыццё найвялікшыя зямныя катаклізмы, у ім самім ці над ім азваўся голас, які задаў пытанне:
“Хочаш стаць чалавекам?”
“Што такое чалавек?..” – адказаў камень.
“Хочаш бачыць, чуць, адчуваць?..”
“Што такое адчуваць?..”
“Дык ці хочаш адчуць нешта зусім новае? Ці хочаш такое існаванне, якое ў адзін момант дае больш адчуванняў, чым зведалі ўсе камяні цягам мільёна стагоддзяў?”
“Я не разумею, – адказаў камень, – але магу быць чым заўгодна”.
“А калі, – пытаў звышнатуральны голас, – пасля гэтага новага быцця застанецца табе вечны жаль?..”
“Што такое жаль?.. Я магу быць чым заўгодна”.
“Дык няхай станецца чалавек,” – было сказана.
І стаўся чалавек. Жыў ён некалькі дзясяткаў гадоў і цягам іх меў столькі жаданняў ды столькі пакутаў, што мёртваму свету не зазнаць таго цэлую вечнасць. Пакуль гнаўся за адною мэтаю, знаходзіў тысячы іншых, а ўцякаючы ад аднае пакуты, трапляў у цэлае мора пакут, і столькі ён адчуў, столькі перадумаў, столькі набраўся несвядомае сілы, што ўрэшце абурыў усю прыроду.
“Досыць!.. – пачалі крычаць з усіх бакоў. – Досыць!.. Пусці і іншых на гэта відовішча…”