– Яшчэ крыху, і было б гэтак, – адказаў Старскі, вітаючыся з панам Тамашам. – Я быў у Кшэшоўскага і, можа сабе кузіна ўявіць, ад другое дня да дзявятае вечара мы гулялі…
– І, вядома, пан прайграў.
– Вядома… Шчасце ўцякае ад такіх, як я… – скончыў ён, пазіраючы на яе.
Панна Ізабэла злёгку пачырванела.
Цягнік рушыў. Старскі сеў злева ад панны Ізабэлы і пачаў гутарку з ёю напалову па-польску, напалову па-англійску, усё часцей збіваючыся на англійскую. Вакульскі сядзеў справа ад панны Ізабэлы, але, не жадаючы перашкаджаць размове, устаў і перасеў да пана Тамаша.
Пан Ленцкі, крыху хвараваты, апрануў хавялок240
, захутаўся ў плед ды яшчэ ўкрыў коўдраю ногі. Ён загадаў пазачыняць усе вокны ў вагоне, прыцямніць лямпы, якія яму рэзалі вочы, і збіраўся ўжо спаць, нават адчуваў, што яго морыць сон, але загаварыў з Вакульскім і доўга апавядаў яму пра сваю сястру Гартэнзію, якая была ў маладосці вельмі прывязаная да яго, пра Напалеона ІІІ, які з ім некалькі разоў загаварыў, пра далікатнасць і амурныя справы Віктара Імануэля ды пра мноства іншых рэчаў.Вакульскі ўважліва слухаў яго да Прушкава. За Прушкавам стомлены і манатонны голас пана Тамаша пачаў яго мучыць. Затое ўсё больш выразна чулася яму размова панны Ізабэлы са Старскім, якую яны вялі па-англійску. Ён разабраў некалькі слоў, якія яго зацікавілі, і задаўся пытаннем: ці не належала б перасцерагчы іх, што ён разумее па-англійску.
Ён хацеў ужо ўстаць, як выпадкова зірнуў у супрацьлеглую шыбу вагону і ўбачыў у ёй, як у люстэрку, слабы адбітак панны Ізабэлы і Старскага. Сядзелі яны вельмі блізка адзін да аднаго, абое расчырванелыя, хоць размаўлялі гэткім лёгкім тонам, нібы пра нешта неістотнае.
Вакульскі, аднак, заўважыў, што абыякавы тон не адпавядае зместу размовы. Ён нават адчуваў, што гэтай нязмушанасцю яны хочуць некага ўвесці ў зман. І ў гэты момант, першы раз, як ён зазнаў панну Ізабэлу, мільганулі яму ў думках страшныя словы: “Фальш!.. фальш!..”
Ён прыціснуўся да вагоннае канапы, глядзеў у шыбу і – слухаў. Яму здавалася, што кожнае слова Старскага і панны Ізабэлы падае яму на твар, на галаву, на грудзі, як кроплі алавянага дажджу…
Ён ужо не думаў пра тое, каб перасцерагчы іх, што разумее іх гутарку, а толькі слухаў і слухаў…
Цягнік ужо ад’ехаў ад Радзівілова, і першая фраза, якая прыцягнула ўвагу Вакульскага, была такая:
– Можаш папракнуць яго чым заўгодна, – казала панна Ізабэла па-англійску. – Ён не малады, не элегантны, затое ён сентыментальны, часамнават нудны, але каб хцівы… Досыць таго, што нават тата называе яго занадта шчодрым.
– А справа з панам К.? – заўважыў Старскі.
– Пра скакавую кабылу?.. Як адразу відаць, што ты вяртаешся з правінцыі. Нядаўна быў у нас барон і сказаў, што якраз у гэтай справе пан, пра якога мы гаворым, паступіў як джэнтльмен.
– Ніякі джэнтльмен не спусціў бы ашуканцу, каб не меў з ім нейкіх закулісных спраў, – усміхнуўся Старскі.
– А барон колькі разоў усё спускаў яму? – спытала панна Ізабэла.
– Барон якраз і мае розныя грашкі, пра якія ведае пан М. Кепска ты бароніш сваіх пратэже, кузіна, – здзекліва сказаў Старскі.
Вакульскі прыціснуўся да канапы вагона, каб не сарвацца з месца і не даць Старскаму поўху. Але стрымаўся.
“Кожны мае права асуджаць іншых, – думаў ён. – Зрэшты, пабачым, што будзе далей!..”
Некалькі хвілін ён чуў толькі туркатанне колаў і звярнуў увагу, што вагон гайдаецца.
“Ніколі я не заўважаў, каб вагон гэтак гайдаўся,” – сказаў ён сам сабе.
– І той медальён, – працягваў кпіць Старскі, – гэта прэзент перад шлюбам?.. Не надта шчодры нарачоны: кахае, як трубадур, а сам…
– Запэўніваю цябе, – перабіла яго панна Ізабэла, – ён аддаў бы мне ўвесь свой маёнтак…
– Бяры ж яго, кузіна, і мне пазыч тысяч сто… А што, знайшлася тая цудоўная бляшка?..
– Якраз не. І я вельмі баюся. Божа, калі ён раптам даведаецца…
– Пра тое, што мы згубілі яго бляшку, ці пра тое, як мы шукалі медальён? – прашаптаў Старскі, тулячыся да яе пляча.
Вакульскаму туман заслаў вочы.
“Трачу прытомнасць?..” – падумаў ён, хапаючыся за пас пры акне. Яму здавалася, што вагон пачынае падскокваць і ў любы момант можа перакуліцца.
– Але ты і нахабнік!.. – казала прыцішаным голасам панна Ізабэла.
– У гэтым, уласна, і ёсць мая сіла, – адказаў Старскі.
– Злітуйся… Але ж ён можа азірнуцца!.. Зненавіджу цябе…
– Будзеш шалець за мною, бо ніхто не наважыўся б на гэта… Кабеты любяць дэманаў…
Панна Ізабэла прысунулася бліжэй да бацькі. Вакульскі пазіраў у супрацьлеглую шыбу і слухаў.
– Папярэджваю цябе, ты не пераступіш парог нашага дому… А каб насмеліўся… я ўсё яму раскажу…
Старскі зарагатаў.
– Не пераступлю, кузіна, пакуль ты сама мяне не паклічаш. І я ўпэўнены, што здарыцца гэта вельмі хутка. Праз тыдзень знудзіць цябе твой муж, які глядзіць на цябе, як на боства, і захочацца табе больш вясёлае кампаніі. Прыгадаеш тады свайго вісуса кузіна, які аніводнае хвіліны ў жыцці не быў паважным, але заўсёды дасціпным, часам нахабна- смелым… і пашкадуеш таго, хто заўсёды гатовы кахаць цябе, ніколі цябе не раўнаваў, умеў саступаць іншым, шанаваў твае капрызы…