Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Вакульскі то ляжаў, то сядзеў у сваім пакоі, і паступова яму прыгадалася, якім чынам ён дабраўся са Скернавіц да Варшавы.

А пятай раніцы купіў на вакзале квіток першага класа, аднак не быў пэўны: ён прасіў менавіта такі, ці яго далі без просьбы. Потым сеў у купэ другога класа, дзе ўжо быў ксёндз, які ўсю дарогу глядзеў у акно, і руды немец, які зняў гамашы, паставіў ногі ў брудных шкарпэтках на супрацьлеглую лаўку і спаў як забіты. Нарэшце, насупраць сядзела нейкая старая дама, якой гэтак балелі зубы, што яна нават не абражалася на свайго суседа ў шкарпэтках.

Вакульскі хацеў палічыць, колькі чалавек едзе ў купэ, і пасля вялікага намагання сцяміў: без яго – тры, а з ім – чатыры. Потым ён пачаў разважаць, чаму тры чалавекі ды адзін чалавек складаюць разам чатыры чалавекі – і заснуў.

У Варшаве ён ачуўся толькі ў Алеях Ерусалімскіх, калі ўжо ехаў брычкаю. Аднак хто вынес яму валізу, як ён апынуўся ў брычцы, – гэтага не ведаў, і нават яно не цікавіла.

Каб трапіць у сваю кватэру, яму давялося паўгадзіны званіць у дзверы, хоць і была ўжо амаль восьмая раніцы. Адчыніў яму слуга – заспаны, не апрануты, спалоханы нечаканым вяртаннем. А калі Вакульскі ўвайшоў у спальню, дык пераканаўся, што надзейны слуга спаў на ягоным уласным ложку, але выгаворваць яму не стаў, а загадаў падаць самавар.

Слуга, які, нарэшце, ачомаўся, але быў збянтэжаны, хутка памяняў прасціны ды навалкі, а Вакульскі, як толькі ўбачыў свежую пасцель, не стаў піць гарбаты, а распрануўся і лёг спаць.

Спаў ён да пятае гадзіны дня, а потым памыўся і апрануўся, як на выхад, але неяк машынальна сеў у фатэль у салоне і драмаў там да вечара. А калі на вуліцы запаліліся ліхтары, ён загадаў падаць святло і прынесці біфштэкс з рэстарана. З’еў яго з апетытам, запіў віном і апоўначы зноў пайшоў спаць.

На другі дзень наведаў яго Жэцкі, але як доўга сядзеў і пра што яны гаварылі, у памяці не засталося. Толькі на наступную ноч, калі на момант прачнуўся, яму здалося, што ён бачыць устрывожаны твар Жэцкага.

Потым ён зусім страціў уяўленне пра час: не было ўжо розніцы паміж днём і ноччу і не было адчування, што гадзіны мінаюць занадта хутка або цягнуцца надта марудна. Яго наогул не займаў час, які нібы перастаў існаваць. Адчуваў ён толькі пустэчу ў сабе і вакол сябе і не быў пэўны, што ягоная кватэра не павялічыліся ў памерах.

Раз прымроілася яму, што ляжыць ён на высокім катафалку, і прыйшлі думкі пра смерць. Яму здавалася, што ён мусіць памерці абавязкова ад паралічу сэрца, але гэта ані страшыла, ані цешыла. Часам ад нерухомага сядзення ў фатэлі дзервянелі яму ногі, і тады ён думаў, што набліжаецца смерць, ды з чужацкаю цікаўнасцю сачыў, як хутка гэта здзервяненне дабярэцца да сэрца. Назіранні гэтыя мелі нейкае адценне прыемнасці, але ўсё расплывалася ў апатыі.

Ён загадаў, каб слуга не прымаў нікога, але ўсё ж некалькі разоў наведаў яго доктар Шуман. Падчас першага візіту ён узяў яго за руку, каб палічыць пульс, і загадаў паказаць язык.

– Можа, англійскі?.. – спытаў Вакульскі, але схамянуўся і вырваў руку.

Шуман уважліва зірнуў яму ў вочы.

– Ты нездаровы, – сказаў ён. – Што табе баліць?

– Нічога. А ты зноў займаешся практыкай?

– Дзіва што! – выгукнуў Шуман. – І перш за ўсё вылечыў сам сябе – ад фантазёрства.

– Цудоўна, – азваўся Вакульскі. – Жэцкі нешта казаў мне пра тваё выздараўленне.

– Жэцкі недарэка… стары рамантык… Гэтая парода ўжо вымірае! Хто хоча жыць, мусіць цвяроза глядзець на свет… А зараз засяродзься і па чарзе заплюшчвай вочы, паводле майго загаду: левае… правае… правае… Закладзі нагу за нагу…

– Што гэта ты робіш, даражэнькі?.. – спытаў яго Вакульскі.

– Агляд.

– О!.. І маеш надзею нешта ўгледзець?

– Спадзяюся.

– А потым?

– Буду лячыць.

– Ад фантазёрства?

– Не. Ад неўрастэніі.

Вакульскі ўсміхнуўся, крыху памаўчаў і спытаў:

– Ці здолееш ты выняць у чалавека мазгі, а на іх месца ўкласці новыя?

– Пакуль не…

– Ну, дык адчапіся ад мяне са сваім лячэннем.

– Магу падштурхнуць цябе да новых жаданняў…

– Я ўжо іх маю. Хацеў бы запасці пад зямлю, глыбока… як студня ў заслаўскім замку… І яшчэ хацеў бы, каб мяне засыпала друзам, і мяне, і мой маёнтак, і нават сляды майго існавання. Вось маё жаданне – вынік усіх папярэдніх.

– Рамантызм!.. – выгукнуў Шуман і пахлопаў яго па плячы. – Але і гэта мінецца.

Вакульскі нічога ўжо не адказваў. Ён злаваўся за свае апошнія словы і дзівіўся: адкуль узялася гэта шчырасць? Недарэчная шчырасць!.. Якая каму справа да яго жаданняў?.. Навошта ён гэта сказаў?.. Навошта, як бессаромны жабрак, агаліў свае раны?

Перейти на страницу:

Похожие книги