Читаем ЛЯЛЬКА полностью

“Каб тры месяцы таму атрымаў я гэтыя паперы, хто ведае, што было б сёння?.. Стаўская – прыгожая, а перадусім гэткая шляхетная… гэткая шляхетная!.. Можа, яна і праўда мяне кахала?.. Стаўская – мяне, а я тую… Якая іронія лёсу!..”

Ён кінуў паперы на стол і прыгадаў малы, утульны салон, дзе гэтулькі вечароў правёў з пані Стаўскаю, дзе адчуваў сябе гэтак спакойна.

“Ну, – думаў ён, – вось і выракся я шчасця, якое само ішло ў рукі… Але ці можа быць шчасцем тое, чаго мы не прагнем?.. А калі яна хоць адзін дзень пакутавала гэтак, як я?.. Жахліва ўладкаваны свет, дзе двое людзей, аднолькава няшчасных, не могуць дапамагчы адно аднаму…”

Дакументы пра смерць Стаўскага ляжалі некалькі дзён, а Вакульскі не мог вырашыць, што з імі рабіць.

Спачатку ён забыўся на іх, а потым, калі яны траплялі на вочы або пад руку, адчуваў дакоры сумлення.

“Урэшце, – думаў ён, – я здабыў іх дзеля пані Стаўскае, дык трэба аддаць іх пані Стаўскай. Але дзе яна?.. Не ведаю… Цікавая атрымалася б гісторыя, каб я з ёю ажаніўся… Пазбавіўся б адзіноты… Гэлюня – мілае дзіця… Была б і мэта ў жыцці. Ну, але сама яна страціла б на гэтым… Што я мог сказаць ёй? Што хворы і мне трэба дагляд, таму ахвярую пані некалькі тысяч рублёў на год… Нават дазволю кахаць сябе, хоць сам… Досыць ужо мне кахання…”

Дзень мінаў за днём, а Вакульскі не мог прыдумаць, як даслаць паперы пані Стаўскай. Трэба было даведацца, дзе яна жыве, напісаць заказны ліст, аддаць яго на пошту… Нарэшце, яму прыйшло ў галаву, што прасцей паклікаць Жэцкага (якога ён не бачыў некалькі тыдняў), і дакументы аддаць яму. Але, каб паклікаць Жэцкага, трэба было пазваніць, загадаць лёкаю пайсці ў краму…

“А! Адчапіцеся ад мяне!” – прамармытаў ён.

І зноў засеў за чытанне, гэтым разам – пра падарожжы.

Наведаў Злучаныя Штаты, Кітай, але паперы пані Стаўскае не давалі яму спакою. Ён разумеў, што трэба нешта зрабіць з імі, і адчуваў, што нічога ён не зробіць.

Гэтакі душэўны стан пачаў дзівіць яго самога.

“Разважаю я правільна, – размаўляў ён сам з сабою. – Ну калі не псуюць усё ўспаміны… Адчуваю правільна… Нават занадта правільна! Толькі… не хочацца мне зрабіць гэту справу, зрэшты, ніякую… Дык гэта модная сёння хвароба волі… Цудоўнае адкрыццё! Але ж, да д’ябла, ніколі я не ганяўся за модаю… Зрэшты, мода гэта ці не мода, а мне гэтак добра, і таму…”

Ён якраз скончыў падарожжа ў Кітай, калі з’явілася ў яго думка, што пры наяўнасці волі ён мог бы раней ці пазней забыць і некаторыя выпадкі, і некаторых асобаў.

“А яно мяне гэтак мучыць, гэтак мучыць…” – прашаптаў ён.

Арыентацыя ў часе была згубленая канчаткова.

Аднойчы гвалтам прарваўся да яго Шуман.

– Ну што? – спытаў ён. – Чытаем, бачу… Раманы… Добра. Падарожжы… Яшчэ лепш. Не маеш ахвоты выйсці на шпацыр? Пагодны дзень, а за пяць тыдняў нацешыўся ўжо, хіба, сваімі пакоямі…

– Ты ўжо гадоў з дзесяць сваімі цешышся, – адказаў Вакульскі.

– Слушна! Але я меў занятак, даследаваў чалавечыя валасы і спадзяваўся на славу. Апроч таго, не было ў мяне на карку клопатаў – ані сваіх, ані чужых. Праз пару тыдняў сход суполкі гандлю з імперыяй…

– Я выходжу з яе…

– Бач ты… Добрая ідэя, – іранічна працягваў Шуман. – І да таго ж, каб яны лепш ацанілі цябе, дай ім магчымасць узяць дырэктарам Шлянгбаўма. Ён ім пакажа!.. Як мне… Геніяльная раса тыя жыды, але ж і мярзотнікі!..

– Ну, ну, ну…

– Толькі ж ты не кідайся іх бараніць, – злосна закрычаў Шуман. – Бо я іх не толькі ведаю, а наскрозь бачу… Горла пад нож падставіў бы, што Шлянгбаўм ужо капае табе яму, і ўпэўнены, што ён уплішчыцца ў суполку, бо як жа польскай шляхце абысціся без жыда…

– Як бачу, не любіш ты Шлянгбаўма?

– Наадварот, я ім нават захапляюся і хацеў бы стаць такім, як ён, але не здолею! А пачынае якраз абуджацца ў мяне інстынкт продкаў: схільнасць да гешэфтаў… Натура! Хацеў бы я мець з мільён рублёў, каб ператварыць яго ў два мільёны, тры… і стаць малодшым братам Ротшыльда. Тым часам нават Шлянгбаўм з мяне дурня робіць… Гэтак доўга я круціўся сярод вас, аж урэшце страціў усё тое каштоўнае, чым вызначаецца мая раса. А гэта вялікая раса. Яны свет здабудуць, і нават не розумам, а шахрайствам і падманам…

– Дык парві з імі. Ахрысціся…

– І не падумаю. Па-першае, не парву з імі, хоць бы нават і ахрысціўся, а я гэтакі фенаменальны жыдзяра, што не люблю прыкідвацца. Па-другое, не парваў я з імі, калі яны былі слабыя, дык не парву і сёння, калі яны моцныя.

– Здаецца мне, што ўласна цяпер яны найбольш слабыя, – заўважыў Вакульскі.

– Ці не таму, што іх пачынаюць ненавідзець?..

– Ну, нянавісць – гэта занадта моцнае слова…

Перейти на страницу:

Похожие книги