Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Пасля таго, як доктар пайшоў, ён заўважыў, што нешта ў ім змянілася, а менавіта: сярод бясконцае апатыі з’явілася нейкае адчуванне. Быў гэта няўцямны боль, спачатку вельмі кволы, які хутка ўбіраўся ў сілу. Напачатку можна было параўнаць яго з лёгкім уколам шпількаю, а пазней – з нечым чужародным у сэрцы, не большым за лясны арэх. Ён ужо шкадаваў апатыі, але прыгадаліся яму словы Фейхтэрслебэна245: “Радаваўся я сваёй пакуце, бо здавалася мне, што заўважыў у сабе тую творчую барацьбу, якая нараджала і нараджае ўсё на гэтым свеце, дзе няспынна змагаюцца бясконцыя сілы”.

“Але што гэта?” – спытаў ён сам сябе, адчуваючы, як глухі боль выціскае з душы апатыю. І адразу адказаў:

“Ага, гэта абуджэнне розуму…”

Паволі ў яго свядомасці, да гэтага часу нібы зацягнутай туманам, пачала праступаць карціна. Вакульскі з цікавасцю пачаў сачыць і разгледзеў – сілуэт кабеты ў абдымках мужчыны… Карціна спачатку засвяцілася слабым фасфарычным бляскам, потым паружавела… пажаўцела… пазелянела… стала блакітнаю… нарэшце, зусім чорнаю, як аксаміт. Потым яна знікла на пару хвілін і зноў пачала паўставаць – па чарзе ва ўсіх колерах, пачынаючы ад фасфарычнага і сканчаючы чорным.

Адначасова ўзмацняўся боль.

“Пакутую, значыць існую!..”246 – падумаў Вакульскі, і яму стала смешна.

Гэтак мінула некалькі дзён: на сузіранні то карціны, што змяняла колеры, то болю, што змяняў сілу. Часам ён знікаў зусім, потым з’яўляўся дробным атамам, рос, запаўняў сэрца, усю істоту, цэлы свет… І ў той момант, калі магчымасць вытрываць яго была амаль вычарпаная, зноў пачынаў нікнуць, саступаючы месца поўнаму спакою і здзіўленню.

Паволі пачало нараджацца ў душы нешта новае: прага пазбыцца і тых боляў, і тых карцін. Было гэта падобна да іскры ў цемрадзі ночы. Нейкі пробліск надзеі з’явіўся ў Вакульскага.

“Ці здольны я, праўда, яшчэ мысліць?..” – спытаў ён сам сябе.

Каб спраўдзіць гэта, ён пачаў прыгадваць табліцу множання, потым множыць двухзначныя лічбы на адназначныя і двухзначныя на двухзначныя. Не давяраючы сабе, ён запісваў вынікі падлікаў, а потым правяраў… Вынікі множання на паперы адпавядалі вусным падлікам, і Вакульскі ўздыхнуў з палёгкаю.

“Яшчэ розуму не страціў!” – падумаў ён з радасцю.

Ён пачаў маляваць ва ўяўленні план уласнае кватэры, вуліц Варшавы, Парыжа… Надзея расла, бо ён заўважыў, што не толькі дакладна ўсё памятае, але гэтыя практыкаванні прыносяць яму пэўную палёгку. Чым больш ён думаў пра Парыж, тым ясней уяўляўся яму тамтэйшы вулічны рух, будынкі, гандаль, музеі, і тым хутчэй развейваўся сілуэт кабеты, якая замерла ў абдымках мужчыны…

Ён ужо пачаў патроху праходжвацца па кватэры, і вочы яго выпадкова затрымаліся на стосе рэпрадукцый. Былі там копіі з галерэй Дрэздэна ды Мюнхена – “Дон Кіхот” Дарэ, Хогарт…

Яму прыгадалася, што прысуджаныя да гільяціны лягчэй зносяць чаканне, разглядаючы малюнкі… І цэлыя дні сталі мінаць у яго ў разгляданні малюнкаў. Калі сканчаў адну кнігу, браўся за другую, трэцюю… і зноў вяртаўся да першае.

Боль глушэў, здані наведваліся ўсё радзей, надзея расла…

Часцей за ўсё праглядаў ён, аднак, “Дон Кіхота”, які рабіў на яго моцнае ўражанне.

Ён прыгадаў дзіўную гісторыю чалавека, які гадамі жыў у паэтычнай атмасферы – гэтак, як і ён сам; які кідаўся на ветракі, – як і ён, які зазнаў пераслед з усіх бакоў, – як і ён, які змарнаваў жыццё ў пошуках ідэалу кабеты, – як і ён, а замест каралеўны знайшоў брудную дзеўку з кароўніка – усё, як ён!..

“Аднак гэтаму Дон Кіхоту пашчасціла больш, чым мне! – думаў ён. – Толькі ўжо перад смерцю пачаў ён абуджацца ад сваіх ілюзій… А я?..”

Чым больш разглядаў ён малюнкі, чым больш прызвычайваліся да іх вочы, тым менш прыцягвалі яны ўвагі. За вобразамі Дон Кіхота, Санча Пансы ды паганятых мулаў Дарэ, за “Бойкаю пеўняў” ды “Вуліцаю піва” Хогарта, усё часцей паўставаў вагон, дрыжачая шыба, а ў ёй – невыразны сілуэт Старскага ды панны Ізабелы…

Тады ён закінуў рэпрадукцыі ды пачаў чытаць кніжкі, вядомыя яшчэ з дзяцінства або з тае пары, калі ён працаваў у Гопфера. З невымоўнаю ўзрушанасцю асвяжаў ён у памяці: “Жыццё Св. Жэнеўевы”, “Ружу з Таненберга”, “Ранальда”, “Рабінзона Круза”, нарэшце, “Тысячу і адну ноч”. Зноў яму здавалася, што час і рэчаіснасць перасталі існаваць, што яго зраненая душа ўцякла з зямлі і блукае па нейкіх чароўных краінах, дзе б’юцца сэрцы, поўныя высакародства, дзе подласць не прыкрываецца аблуднаю маскаю, дзе ўладарыць вечная справядлівасць, якая суцішае боль і ўзнагароджвае за крыўды…

І тут заўважыў ён дзіўную рэч. Калі з айчыннае літаратуры ён вынес ілюзіі, якія прывялі душу да краху, дык гаючае супакаенне ён знаходзіў у літаратуры замежнай.

“Ці праўда, – думаў ён з трывогаю, – што мы – народ рамантыкаў, і ніколі ўжо не сыдзе анёл, які ўзбурліў бы Віфездскую сажалку247, абкладзеную з усіх бакоў хворымі?..”

Пэўнага дня прынеслі яму з пошты тоўсты пакет.

“З Парыжа?.. – мільганула ў яго здагадка. – Так, з Парыжу. Цікава, што гэта?..”

Але цікаўнасць не была аж такою моцнаю, каб заахвоціла распячатаць ды прачытаць ліст.

“Які тоўсты ліст!.. Каму, на ліха, хочацца сёння столькі пісаць?”

Перейти на страницу:

Похожие книги