Вакульскі паляжаў яшчэ з чвэрць гадзіны, потым устаў, паставіў люльку ў кут і, нахіліўшыся да доктара, пацалаваў яго.
– Будзь здаровы, Міхале.
Доктар ускочыў.
– Што?..
– Я з’язджаю ў Балгарыю.
– Навошта?
– Займуся вайсковымі пастаўкамі. Мушу зарабіць вялікія грошы!.. – адказаў Вакульскі.
– Альбо?..
– Альбо… не вярнуся.
Доктар паглядзеў яму ў вочы і моцна паціснуў руку.
–
Вакульскі ўжо быў на сходах, як раптам доктар выскачыў следам за ім і закрычаў, перахіляючыся праз парэнчы:
– Калі б ты, аднак, вярнуўся, дык не забудзься прывезці мне валасоў: балгарскіх, турэцкіх і гэтак далей, абодвух полаў. Толькі помні: у асобных пакуначках, з надпісамі. Ведаеш, зрэшты, як гэта робіцца...
...Вакульскі апрытомнеў, гэта былі даўнія ўспаміны.
Няма ані доктара, ані ягонай кватэры, ён нават не бачыў яго ўжо дзесяць месяцаў. Перад ім гразкая вуліца Радна, далей – Браварна. Угары за голымі дрэвамі відаць жоўтыя гмахі ўніверсітэта, а ўнізе – малыя хаціны, пусткі ды парканы, а яшчэ ніжэй – Вісла.
Каля яго спыніўся нейкі чалавек, зарослы рудаватым шчаціннем і ў палінялай капоце. Ён зняў шапку і пацалаваў Вакульскаму ў руку. Той уважліва прыгледзеўся.
– Высоцкі?.. – спытаў ён. – Што ты тут робіш?
– Мы жывем тут, вяльможны пане, вунь у той хаце, – адказаў чалавек, паказваючы на нізкую халупу.
– Чаму ты не прыязджаеш па грузы? – спытаў Вакульскі.
– На чым я прыеду, пане, калі яшчэ пад Новы год конь у мяне здох?
– Што ж ты робіш?
– А так вось, нічога ўвогуле. Перазімавалі мы ў брата, які служыць абходчыкам чыгункі, на Венскай ветцы. Але і яму цяжка, бо са Скернявіц яго перавялі пад Чэнстахову. У Скернявіцах у яго тры моргі зямлі, ён там багатыром жыў, а зараз і сам бядуе, і зямля без дагляду марнее.
– Ну а вы цяпер як?
– Кабета нібы трохі бялізну мые, але такім, што і самі ледзь перабіваюцца, а я – так вось... Зусім занепадаем мы, пане... не першыя і не апошнія. Яшчэ пакуль вялікі пост – мацуешся, думаеш: сёння пашчуся за нябожчыкаў, заўтра – каб памятаць, што Бог наш Езус Хрыстус таксама нічога не еў, паслязаўтра – дзеля таго, каб Бог зло перамог. А ўжо пасля паста і не прыдумаеш нават, як дзеткам растлумачыць, у імя чаго ім есці не даюць... Але нешта і вяльможны пан маркотны… Відаць такі ўжо час настаў, што ўсім гінуць, – уздыхнуў бядак.
Вакульскі задумаўся.
– За жытло ў вас заплачана? – спытаў ён.
– Няма чаго, пане, плаціць, бо і так нас выганяюць.
– Чаму ж ты не прыйшоў у краму, да пана Жэцкага? – спытаў Вакульскі.
– Не насмеліўся я. Каня няма, калёсы ў жыда, куртка на мне, як на старцы. Чаго ж прыходзіць? Толькі галаву людзям дурыць...
Вакульскі дастаў партманет.
– На вось, – сказаў ён, – дзесяць рублёў на свята. Заўтра апоўдні прыйдзеш у краму, атрымаеш цыдулку на Прагу. Там у перакупшчыка выберы сабе каня, а пасля святаў выязджай на працу. Будзеш зарабляць у мяне рублі тры за дзень, дык лёгка сплаціш даўгі і станеш на ногі.
Бядак, дакрануўшыся да грошай, задрыжэў. Ён уважліва слухаў Вакульскага, а слёзы цяклі па яго змарнелым твары.
– Можа, пану сказаў хто, – запытаўся ён праз хвіліну, – што з намі... так вось?.. Бо нехта ўжо нам, – дадаў ён ціха, – прыслаў з месяц таму сястру міласэрнасці. Папікнула яна мяне гультайствам і дала квіток, каб атрымаць пуд вугалю на вуліцы Жэлязнай. Ці, можа, пан гэта сам?..
– Ідзі дадому, а заўтра прыходзь у краму, – адказаў яму Вакульскі.
– Іду, пане, – з паклонам да зямлі адказаў чалавек.
Ён пайшоў, але спыняўся, разважаючы, відаць, аб нечаканым шчасці.
У гэты момант у Вакульскага варухнулася нейкае прадчуванне.
– Высоцкі!.. – крыкнуў ён. – А як завуць твайго брата?
– Каспар, – подбегам вярнуўся, каб адказаць, бядак.
– Пры якой станцыі ён жыве?
– У Чэнстахове, пане.
– Ідзі дадому. Можа, Каспара перавядуць у Скернявіцы.
Але той не пайшоў, а наадварот, наблізіўся.
– Перапрашаю, вяльможны пане, – сказаў ён нясмела, – а як хто прычэпіцца: адкуль, маўляў, у цябе гэтулькі грошай?
– Скажы, што ўзяў у мяне на рахунак.
– Разумею, пане... Бог... хай Бог...
Але Вакульскі ўжо не слухаў яго. Ён ішоў да Віслы і разважаў.
“Якія ж яны шчаслівыя, усе тыя, у каго толькі голад выклікае апатыю і толькі холад прымушае пакутаваць! Як лёгка іх ашчаслівіць!.. Нават маіх сціплых сродках хапіла б, каб выратаваць ад галечы некалькі тысяч сем’яў. Неверагодна, але гэта так”.
Вакульскі выйшаў на бераг Віслы і жахнуўся. Займаючы прастору ў некалькі моргаў, узвышаўся тут агідны пагорак смуроднага смецця, якое нібы варушылася пад праменямі сонца, а за сотню крокаў ад яго знаходзілася вадасховішча, з якога піла ўся Варшава.
“Вось тут, – думаў ён, – тут і знаходзіцца крыніца ўсялякае заразы. Што чалавек сёння з дому выкіне, заўтра ён тое будзе піць, потым перабіраецца на Павонзкі82 і ўжо з другога боку будзе труціць жывых яшчэ сваіх бліжніх.
Бульвар сюды, каналы і крынічную ваду з высокага месца – і можна было б ратаваць штогод тысячы людзей ад смерці, а дзясяткі тысяч – ад хвароб... Працы няшмат, а карысць незлічоная – прырода ўмее адплаціць дабром”.