На адхонах і ў пячорах гнюснага пагорка ён заўважыў нібы чалавечыя фігуры. Драмалі тут на сонцы некалькі п’янюг або злодзеяў, дзве анучніцы і пара, якая правіла любошчы, – жанчына з праказаю і сухотны мужчына без носа. Здавалася, што гэта былі не людзі, а здані тых хваробаў, якія тут прытаіліся, апранутыя ў тут жа знойдзеныя лахманы. Усе гэтыя індывіды носам пачулі чужога, і нават тыя, што спалі, паднялі галовы ды з відам здзічэлых сабак прыглядаліся да госця.
Вакульскі ўсміхнуўся.
“Каб я прыйшоў сюды ўначы, яны б, напэўна, вылечылі мяне ад меланхоліі. Заўтра ўжо спачываў бы пад гэтым смеццем, якое, зрэшты, такая ж зручная магіла, які і любая іншая. Наверсе б падняўся шум, пачалі б пераследаваць і клясці гэтых добрых людзей, а яны, можа, зрабілі б мне вялікую ласку.
Хто спіць у смерці, той не знае
Жыцця праблемы і турботы,
Душа не помніць больш крывоты,
Жаданняў дух ужо не мае.
Ці я сапраўды раблюся сентыментальным?.. Відаць, нервы мае зусім нікуды не вартыя. Бульвар, аднак, не вынішчыў бы гэтакіх магікан; перабраліся б яны на Прагу альбо за Прагу і працягвалі сваё рамяство, кахаліся б, як гэтая парачка, і нават размнажаліся б! Якіх цудоўных, айчына, будзеш мець ты нашчадкаў, народжаных і выгадаваных на гэтым сметніку, ад пакрытае струпамі маці ды бязносага бацькі!..
Мае дзеці былі б іншымі, бо ад яе ўзялі б яны прыгажосць, ад мяне – сілу... Ну, але іх не будзе. У гэтай краіне толькі хвароба, галеча і злачынства знаходзяць сабе шлюбнае ложа і нават прытулак для нашчадкаў.
Страшна падумаць, што тут будзе праз некалькі пакаленняў... Але ж ёсць простыя лекі: абавязковая праца, за якую справядліва плацяць. Толькі яна можа ўмацаваць лепшых і без шуму вынішчыць нягодных, і... было б у нас здаровае насельніцтва, а цяпер маем замардаванае хваробамі або голадам”.
А потым, невядома чаму, ён раптам падумаў: “Ну, і што, калі яна крыху какетнічае?.. Какецтва для жанчын тое самае, што колер і водар для кветкі. Такая ўжо ў іх натура, усім яны хочуць падабацца, нават Мрачэўскім…
Для ўсіх – какецтва, а для мяне: «Заплаці гэтаму пану!..» Можа, яна думае, што я ашукаў іх, купляючы срэбра? Добрая справа!”
Каля самае вады на беразе Віслы ляжала бярвенне. Вакульскі адчуў стомленасць, сеў і пачаў глядзець на раку. На спакойнай паверхні вады адбівалася ўжо зазелянелая Саская Кэмпа83 і пражскія дамкі з чырвонымі дахамі, а пасярод ракі нерухома стаяла бярлінка84. Не большым за яе здаваўся і той карабель, які Вакульскі бачыў мінулым летам на Чорным моры. Машына зламалася, і ён стаяў гэтак жа нерухома.
“Ляцеў, як птушка, і раптам замёр, не хапіла моцы матору. Я падумаў тады: «А можа, і я вось гэтак спынюся некалі на поўным хаду?» – ну, і спыніўся. На якіх жа прымітыўных спружынах трымаецца рух у свеце: трохі вугалю – і ажывае карабель, трохі сардэчнасці – і ажывае чалавек...”
У гэты момант ранні жоўты матыль праляцеў над ягонай галавою ў бок горада.
“Цікава, адкуль ён узяўся? – падумаў Вакульскі. – У прыродзе бываюць капрызы і, – дадаў ён, – аналогіі. Матылі ёсць і сярод людскога роду: прыгожа расфарбаваныя, яны пырхаюць над паверхняю жыцця, сілкуюцца ласункамі, без якіх гінуць, – вось іх занятак. А ты, чарвяк, свідруй зямлю, перапрацоўвай яе ў глебу, прыдатную на сяўбу. Яны бавяцца, ты працуй. Ім – вольная прастора і святло, а ты цешся адзіным прывілеем – здольнасцю зрастацца, калі цябе незнарок нехта растопча.
Ці ж табе ўздыхаць пра матыля, дурань?.. І дзівіцца, што ён гідзіцца табою?.. Што ж агульнага можа быць паміж мной і ёю?
Ну, вусень таксама падобны да чарвяка, пакуль не ператворыцца ў матыля. Ах, дык ты збіраешся стаць матылём, купчык галантарэйны?.. А чаму не? Няспыннае ўдасканаленне – гэта ўсеагульны закон, і колькі ж купецкіх родаў у Англіі набыло тытулы лордаў!
У Англіі!.. Там грамадства яшчэ перажывае стваральную эпоху; там усё ўдасканальваецца і падымаецца з прыступкі на прыступку. Так, там нават арыстакратыя ўзбагачаецца новымі сіламі. А ў нас вышэйшы клас скамянеў, як вада на марозе, і ператварыўся ў адасобленую касту, нічым не злучанаю з рэштаю грамадства, якога мала што цураецца, дык у дадатак яшчэ ўласнаю змярцвеласцю скоўвае ўсялякі рух знізу. Няма чаго тут падманваць сябе: яна і я – сапраўды істоты двух розных відаў, як матыль і чарвяк. Дык дзеля яе крылцаў я мушу пакінуць сваю нару, пакінуць такіх, як сам, чарвякоў?.. Мае – гэта якраз тыя, што качаюцца там, на сметніку, а можа, яны таму і жабракі, а наперадзе ў іх яшчэ горшае жабрацтва, што мне заманулася марнаваць па трыццаць тысяч у год, каб пабавіцца ў матыля. Дурны гандляр, нягодны чалавек!..
Трыццаць тысяч рублёў – гэта шэсцьдзясят дробных майстэрняў або крамак, з якіх жывуць цэлыя сем’і. І я мушу ахвяраваць іх дабрабытам, вынішчыць іх жывую душу і выгнаць на гэты сметнік?..
Добра, але калі б не яна, ці меў бы я сёння маёнтак?.. Хто ведае, што станецца са мною і з гэтымі грашыма без яе? Можа, якраз дзякуючы ёй яны набудуць стваральную сілу, можа, хоць з дзясятак сям’яў будзе мець карысць?..”