Я паспрабаваў пазнаёміць вас, няхай сабе вельмі павярхоўна і недасканала, з маёй канцэпцыяй паэтычнага прынцыпу. Я ўзяў сабе за мэту паказаць, што хаця сам па сабе гэты прынцып наўпрост выяўляе чалавечае імкненне да незямной прыгажосці, праяўляецца ён заўсёды ў нейкім узнёслым узрушэнні душы, цалкам незалежным ад жарсці, якая ёсць ап'яненнем сэрца, і ісціны, якая ёсць задавальненнем розуму. Бо жарсць, на жаль, схільная прыніжаць, а не ўзвышаць душу. Любоў жа, наадварот, — сапраўдная любоў, боскі Эрас, Венера Уранійская ў адрозненне ад Венеры Дыянейскай*, несумненна, ёсць самай чыстай і самай правільнай паэтычнай тэмай. Што да ісціны, то, безумоўна, калі мы, спрабуючы яе дасягнуць, здабываем яшчэ і незаўважаную да гэтага гармонію, мы адразу перажываем і сапраўднае паэтычнае пачуццё; але гэтае пачуццё варта прыпісаць выключна гармоніі — і ні ў якай ступені ісціне, што паслужыла ўсяго толькі выяўленню гэтае гармоніі.
Аднак мы здолеем хутчэй атрымаць дакладнае ўяўленне пра тое, чым ёсць сапраўдная паэзія, проста пералічыўшы некаторыя з самых простых яе элементаў, якія нараджаюць паэтычнае пачуццё ў душы самога паэта. Ён пазнае амброзію, якая ўскормлівае яго душу, у яркіх свяцілах, што ззяюць у нябёсах, у бутонах кветак, у зарасніках нізкага кустоўя, у хвалістых нівах, у прыхіленых высокіх усходніх дрэвах, у шызых горных далячынях, у караванах аблокаў, у зіхценні ледзь бачных ручаёў, у бляску срэбных рэк, у спакойных самотных азёрах, у зорах, што люструюцца ў глыбокіх калодзежах. Ён чуе яе ў птушыным спеве, у гуках Эолавай арфы, у шэпце начнога ветрыку, бурклівым голасе лесу, у жальбах прыбою, у свежым дыханні гаёў, у водары фіялкі, у салодкім паху гіяцынту, у тых духмяных павевах, што так шмат яму гавораць і якія прыносіць яму вечаровая пара з далёкіх і невядомых нікому выспаў, што ўзвышаюцца за цьмянымі акіянамі, бясконцымі і нязведанымі. Ён здабывае яе з усіх высакародных думак, усіх высокіх пабуджэнняў, усіх святых парыванняў, усіх рыцарскіх, шчырых і самаахвярных дзеяў. Ён адчувае яе ў харастве жанчыны, у яе грацыёзнай хадзе, у ззянні яе вачэй, у музыцы яе голасу, у яе ціхім смеху, у яе ўздыхах, у гарманічным шоргаце яе строяў. Ён глыбока адчувае яе ў чароўнай пяшчоце, у яе палкім захапленні, у яе ласкавай мілажальнасці, у яе ціхмяным і цнотным цярпенні — але больш за ўсё, о, больш за ўсё ён пазнае яе, укленчвае перад ёй, багоміць яе, увасобленую ў вернасці, чысціні, сіле і ў напраўду боскай велічы яе кахання.
Дазвольце мне пры канцы прачытаць яшчэ адзін кароткі верш, які вельмі адрозніваецца ад усяго астатняга, згаданага вышэй. Ён напісаны Мазэрвелам* і мае назву «Песня вершніка». Мы з усімі нашымі сучаснымі і цалкам рэалістычнымі ўяўленнямі пра бессэнсоўнасць і бязбожнасць вайны наўрад ці здольныя ў поўнай меры спачуваць выяўленым у ім пачуццям і, адпаведна, ацаніць усе выключныя яго вартасці. Дзеля гэтага нам трэба ў сваім уяўленні атаясаміць сябе з душой старога вершніка-воя.
Каментар
Апавяданні
Сборник популярных бардовских, народных и эстрадных песен разных лет.
Василий Иванович Лебедев-Кумач , Дмитрий Николаевич Садовников , коллектив авторов , Константин Николаевич Подревский , Редьярд Джозеф Киплинг
Поэзия / Песенная поэзия / Поэзия / Самиздат, сетевая литература / Частушки, прибаутки, потешки