Читаем Мудрамер полностью

Папсуева. Лепш? У сто разоў горш! Ваша жыццё зробіцца пеклам! Вы ж згрызяце сябе! Чаму такую недарэку-лахудру ў жонкі ўзяў? Чаму на ёй свет клінам сышоўся? А я — міністр! Я ж бы мог ажаніцца з доктарам навук!.. І ўсё. Канец сямейнай ячэйцы. А на ячэйках, між іншым, уся наша дзяржава трымаецца…

Міралюбаў. Вы — дэмагог, Тамара Цімафееўна!.. Рэактыўны самалёт не трэба было рабіць! Можна зваліцца і разбіцца! Атам не трэба было расшчапляць! Можна ўзарвацца! Смерць тэлевізару! Ад яго можна аслепнуць!.. Далоў тэлефон! Ён губіць жывыя, непасрэдныя сустрэчы!..

Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы сабраліся для таго, каб выслухаць розныя думкі.

Міралюбаў. Хіба гэта думкі? Гэта ж нейкае цемрашальства!

Вяршыла. Не трэба, Ягор Фёдаравіч. Супакойцеся.

Міралюбаў. Не магу я супакоіцца!

Папсуева(спакойна). Я не дэмагог, Ягор Фёдаравіч. Я — рэаліст. А вы — карась-ідэаліст! Дон Кіхот!.. Вы не ведаеце ні сучаснага жыцця, ні сучасных людзей… Віктар Паўлавіч… У вас ёсць добра знаёмы дырэктар завода адпаведнага профілю?

Вяршыла. Вядома, ёсць. Сябра маленства і юнацтва. На адной парце дзесяць гадоў сядзелі…

Папсуева. Спытайце ў яго, ці возьмецца ён за выпуск гэтага вашага… керагаза.

Вяршыла(тэлефаністкам). Злучыце мяне з Какашынскім. 64-17-31. (Здымае трубку і чакае.) Прывітанне, Леў Сяргеевіч!.. Як у цябе з загрузкай абсталявання?

Голас з дынаміка. Нармальна. Уперад не лезем і ззаду не застаемся. А што?

Вяршыла. Ці можна размясціць на тваім заводзе адзін вельмі цікавы і перспектыўны апарат? Не складаны для асваення…

Голас з дынаміка. Вага?

Вяршыла. Вага чаго?

Голас з дынаміка. Твайго апарата!

Вяршыла(прыкрыўшы далонню трубку, шэптам пытаецца). Колькі важыць ваш апарат?

Мурашка(таксама шэптам). Трыццаць пяць кілаграмаў!

Вяршыла(па тэлефоне). Трыццаць пяць кілаграмаў!

Голас з дынаміка. Рэалізацыйная цана?

Вяршыла(шэптам). Колькі арыенціровачна ён будзе каштаваць?

Мурашка(шэптам). Не больш як трыста рублёў.

Вяршыла(па тэлефоне). Не больш як трыста рублёў…

Голас з дынаміка. Жартаўнік ты, Віктар Паўлавіч! У мяне падлік ідзе на тысячы тон і на дзесяткі мільёнаў рублёў. А ты што хочаш мне падсунуць?

Вяршыла. Ты хоць бы спытаў, што за апарат?

Голас з дынаміка. Не мае значэння! Хоць перпетуум-мобіле. З мяне здымаюць скуру за тоны і мільёны!

Вяршыла. Апарат незвычайны! Дзівосны! І ўсім патрэбен! Табе таксама.

Голас з дынаміка. Гэта ўжо лірыка, Віктар Паўлавіч. Вось скажы мне асвоіць верталёт ці падводную лодку — за тыдзень асвоім. А трыццаць пяць кілаграмаў не пад сілу. Не пацягну!.. Прабач, у мяне нарада тэхнолагаў. Вітаю!

Паўза.

Папсуева. Ну што, Віктар Паўлавіч?

Вяршыла. Прадпрыемства мы знойдзем. Не ў цяжкай, дык у лёгкай прамысловасці. Пусцім па графе «тавары народнага спажывання».

Папсуева. А хто будзе заказчыкам?

Уваходзіць разгубленая Нюра.

Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч… Ніводнага чалавека! Усе кабінеты пустыя…

Паўза.

Вяршыла. А дзе яны?

Нюра. Не ведаю… Зніклі кудысьці.

Вяршыла. Як гэта зніклі? Усе?

Нюра. Усе…

Вяршыла. І члены калегіі таксама?

Нюра. І члены калегіі…

Вяршыла. Дзіўна… Можа, яны на прафсаюзным сходзе?

Папсуева(з сарказмам). Або на канцэрце мастацкай самадзейнасці!..

Вяршыла. Пакіньце вашы жартачкі, Тамара Цімафееўна!.. Да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, а людзей ужо няма!

Папсуева. Я не здзіўлюся, калі праз гадзіну наша міністэрства ўспыхне, як бочка з порахам! Ад кароткага замыкання, шаравой маланкі, вібрацыі ці гравітацыі! І мы ператворымся ў попел разам з гэтай (паказвае на крэсла, апарат і дынамікі)… фігай.

Вяршыла(ледзь стрымлівае сябе). Будзем заканчваць абмеркаванне. Вы, Тамара Цімафееўна, як я разумею, — супраць?

Папсуева. Як кожны разумны чалавек на маім месцы. Катэгарычна!

Міралюбаў. Значыць, вы, Тамара Цімафееўна, — разумны чалавек? Гома сапіенс? А ўсе мы — малпы! Папугаі! Кракадзілы?! (Пачынае лічыць, каб супакоіцца.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем…

Вяршыла. Спакойна, Ягор Фёдаравіч! Не забывайце, што Тамара Цімафееўна — намеснік па пярэчаннях. І мы яшчэ раз пераканаліся, што яна не дарма есць свой хлеб…

Міралюбаў. За тое, што Тамара Цімафееўна піша «забараняю!» — у яе адны падзякі! За тое, што я пішу «дазваляю!» — у мяне адны вымовы! Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..

Папсуева(са здзекам). Кожнаму сваё, Ягор Фёдаравіч!

Перейти на страницу:

Похожие книги