Вы, пэўна, памятаеце, як справа «Глорыі Скот» і мая размова з няшчасным джэнтльменам, пра якога я вам расказваў, упершыню прымусіла мяне задумацца пра занятак, які зрабіўся цяпер сэнсам майго жыцця. І вось перад вамі я, чыё імя вядомае ўсюды і чыё меркаванне ў сумнеўных справах як грамадскасцю, так і афіцыйнымі ўладамі прызнаецца як найвышэйшы апеляцыйны суд. Нават у раннія часы нашага знаёмства, калі я займаўся справай, якую вы ўганаравалі назвай «Эцюд у пунсовым», я ўжо меў сур’ёзную, хай сабе і не надта прыбытковую практыку. Не думаю, што вы ўяўляеце, як цяжка мне было спачатку і колькі давялося чакаць хоць нейкага поспеху.
Калі я ўпершыню прыехаў у Лондан, я зняў кватэру на Мантэгю-стрыт ля самага Брытанскага музея і чакаў там свайго лёсу, займаючы ўвесь вольны час (а было яго нямала) вывучэннем тых галінаў навукі, якія маглі спатрэбіцца. Час ад часу мне трапляліся нейкія справы, у асноўным дзякуючы знаёмствам старых аднакурснікаў, бо ў апошнія гады майго навучання ва ўніверсітэце пра мяне і мае метады хадзіла мноства чутак. Трэцяя мая справа датычыла рытуалу Масгрэйваў, і цікавасць, якую выклікаў гэты незвычайны ланцуг падзеяў, а таксама папярэджаныя мной сур’ёзныя вынікі аказаліся першымі крокамі да становішча, якое я сёння займаю.
Рэджыналд Масгрэйв вучыўся ў адным каледжы са мной*, і калісьці мы нават былі знаёмыя. Ён не быў сярод студэнтаў асабліва папулярным, хаця яго так званая пыхлівасць здавалася мне не больш чым спробай схаваць празмерную прыродную сарамлівасць. У яго было надзвычай арыстакратычнае аблічча: хударлявая фігура, высакародны нос, вялікія вочы, апатычныя і тым не менш вытанчаныя манеры. Ён сапраўды быў нашчадкам аднаго з найстаражытнейшых родаў каралеўства, хаця і малодшай яго галіны, якая прыкладна ў шаснаццатым стагоддзі аддзялілася ад паўночных Масгрэйваў і атабарылася ў заходнім Сасэксе. Іх маёнтак Харлстан належыць, відаць, да найстарэйшых жылых дамоў графства. Здавалася, што на твары гэтага чалавека адбілася месца яго нараджэння, і калі я глядзеў на яго паставу і бляклы, востры твар, мне адразу ўспаміналіся шэрыя аркады, вокны з папярочкамі і ўсе гэтыя паважныя рэшткі феадальнай крэпасці. Раз ці два мы заводзілі размову, і мне прыгадваецца, што ён заўсёды выказваў гарачую цікаваць да маіх метадаў назірання і высноваў.
Я не бачыў яго гады чатыры, пакуль аднаго ранку ён не зайшоў у мой пакой на Мантэгю-стрыт. Ён амаль не змяніўся і быў апрануты як малады свецкі леў – зрэшты, дэндзі ён быў заўсёды – і захоўваў усё тыя ж спакойныя і далікатныя манеры, якімі вылучаўся і раней.
– Як маецеся, Масгрэйв? – спытаў я, сардэчна паціснуўшы яму руку.
– Магчыма, вы чулі пра смерць майго беднага бацькі, – адказаў ён. – Гэта здарылася два гады таму, і мне, безумоўна, давялося стаць на чале маёнтка Харлстан. Апроч гэтага, я яшчэ і дэпутат ад сваёй акругі, а таму жыццё маё вельмі насычанае. Як я разумею, вы, Холмс, вырашылі прымяніць здольнасці, якімі так нас уражвалі, на практыцы?
– Але, – адказаў я. – Зарабляю розумам на жыццё.
– Рады гэта чуць, бо цяпер мне неабходная вашая парада. У нас у Харлсане адбылося нешта вельмі дзіўнае, і паліцыя не змагла праліць на гэта святло. Усё так незвычайна і не паддаецца тлумачэнню…
Можаце сабе ўявіць, Ўотсан, з якім запалам я слухаў яго, бо мне ўрэшце быў дадзены шанец, якога я з трымценнем чакаў доўгія месяцы бяздзеяння. У глыбіні душы я верыў, што магу дасягнуць поспеху там, дзе іншыя пацярпелі паразу, і цяпер мог сябе праверыць.
– Прашу вас, раскажыце падрабязней! – усклікнуў я.
Рэджыналд Масгрэйв сеў насупраць мяне і закурыў прапанаваную цыгарэту.
– Вы мусіце ведаць, – пачаў ён, – што хоць я і халасцяк, але ўсё адно павінны трымаць у Харлстане вялікі штат прыслугі, бо стары маёнтак пабудаваны досыць неахайна і патрабуе сур’ёзнага догляду. Апроч гэтага ў мяне ёсць запаведнік, і ў сезон палявання на фазанаў* прыязджае шмат гасцей, што таксама патрабуе вялікай колькасці слуг. Усяго я трымаю восем пакаёвак, кухара, дварэцкага, двух лёкаяў і хлопчыка-пасыльнага. І, безумоўна, свой штат наймаецца для саду і стайняў.
Даўжэй за астатніх у нас служыць Брантан, дварэцкі. Калі бацька наняў яго, Брантан быў маладым школьным настаўнікам без працы, але ўжо тады чалавекам вялікай энергіі і моцнага характару. Хутка ён праявіў сябе як бясцэнны працаўнік. Гэта высокі прывабны мужчына з цудоўнай галавой, і хаця ён праслужыў у нас дваццаць гадоў, дагэтуль выглядае на сорак. Неверагодна, што з усімі сваімі якасцямі і надзвычайнымі талентамі – а ён ведае некалькі моваў і грае ледзь не на любым музычным інструменце – ён ужо столькі часу задаволены сваім становішчам. Думаю, яму ў нас утульна, а можа, не стае сілаў штосьці змяніць. У любым разе харлстанскі дварэцкі западае ў душу кожнаму нашаму наведніку.