Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Проста пад вязам.

– Колькі ісці?

– На поўнач – дзесяць і дзесяць, на ўсход – пяць і пяць, на поўдзень – два і два, на захад – адзін і адзін, і ўніз.

– Што за гэта дамо?

– Усё, што ў нас ёсць.

– Дзеля чаго?

– Дзеля вернасці.

– Даты ў арыгінале няма, але мяркуючы з правапісу, ён належыць да сямнаццатага стагоддзя, – зазначыў Масгрэйв. – Аднак, баюся, ён не надта дапаможа вам разгадаць нашую загадку.

– Прынамсі ён загадвае нам наступную, – адказаў я, – і яна нават цікавейшая за першую. Магчыма, развязанне першай акажацца адначасова і развязаннем другой. Думаю, вы прабачыце мне, Масгрэйв, калі я скажу, што ваш дварэцкі здаецца мне вельмі разумным чалавекам, разумнейшым за дзесяць пакаленняў яго гаспадароў.

– Нешта я вас не разумею, – сказаў Масгрэйв. – Я думаў, папера не мае ніякай практычнай карысці.

– А мне яна падаецца акурат вельмі карыснай, і, мяркую, Брантан мог бы са мной пагадзіцца. Ён, відаць, бачыў яе і да той ночы, калі вы яго падлавілі.

– Цалкам магчыма. Мы не надта яе хавалі.

– Думаю, што тады ён проста хацеў асвяжыць сваю памяць. Як я разумею, у яго было штосьці накшталт карты ці плана, які ён параўноўваў з рукапісам і які засунуў у кішэню, калі вы з’явіліся.

– Усё правільна. Але навошта яму нашая старая сямейная традыцыя? Што значаць усе гэтыя бздуры?

– Думаю, мы досыць лёгка зможам гэта высветліць, – сказаў я. – З вашага дазволу мы першым жа цягніком адправімся ў Сасэкс і на месцы трохі заглыбімся ў справу.

Вечар заспеў нас абодвух ужо ў Харлстане. Магчыма, вы бачылі выяву гэтага знакамітага старога маёнтка альбо чыталі яго апісанне, а таму я скажу толькі, што будынак мае форму літары «Г»: даўжэйшае адгалінаванне пабудаванае ў пазнейшы час, а карацейшае ўзведзенае даўно – гэта сэрца дома, з якога вырасла ўсё астатняе. Над нізкімі дзвярыма з цяжкой перамычкай, у цэнтры старадаўняга крыла, выбітая дата «1607», але знаўцы пагаджаюцца на тым, што бэлькі і кладка нашмат старэйшыя. Таўшчэзныя сцены і маленькія вокны ў мінулым стагоддзі прымусілі сям’ю пабудаваць новае крыло; старое калі і выкарыстоўваецца, то толькі як кладоўка і склеп. Пабудову атачае раскошны парк з прыўкраснымі старымі дрэвамі, а ля самай прысады, прыкладна за дзвесце ярдаў ад дома, ляжыць стаў, пра які згадваў мой кліент.

На той момант, Ўотсан, я быў цвёрда ўпэўнены, што загадак было не тры, а ўсяго адна, і калі б я мог правільна расчытаць рытуал Масгрэйваў, я здабыў бы ключ, які прывёў бы да разгадкі як у справе дварэцкага Брантана, так і ў справе пакаёўкі Хоўэлс. У гэтым кірунку я і скіраваў усе свае здольнасці. Навошта слуга прагнуў зразумець гэтую старую формулу? Відаць, ён убачыў у ёй тое, што прапусцілі ўсе пакаленні мясцовых джэнтры* і што магло прынесці яму пэўную выгаду. Але што менавіта? І як гэта паўплывала на яго лёс?

Калі я прачытаў апісанне рытуалу, то зразумеў, што колькасць крокаў адсылае да месца, пра якое вядзецца ў астатніх фразах, і калі мы знойдзем гэтае месца, то ступім на дарогу да разгадкі таямніцы, якую ранейшыя Масгрэйвы палічылі патрэбным зашыфраваць такім цікавым чынам. Нам дадзеныя два пункты адліку, дуб і вяз. Пытанняў наконт дуба ў мяне не ўзнікла: проста перад домам, злева ад пад’язной дарогі, стаяў дуб-патрыярх, адно з найцудоўнейшых дрэваў, якое мне даводзілася бачыць.

– У часы напісання вашага рытуалу ён там ужо рос? – спытаў я, калі мы праязджалі ля дуба.

– Хутчэй за ўсё ён расце тут з часоў нарманскага заваявання, – адказаў Масгрэйв. – Ён мае дваццаць тры футы ахопу.

– А ці ёсць у вас тут старыя вязы? – пацікавіўся я.

– Вунь там раней быў адзін, але дзесяць гадоў таму ў яго ўдарыла маланка, і мы яго ссеклі.

– Вы памятаеце, дзе ён рос?

– Безумоўна.

– Іншых вязаў тут няма?

– Старых няма, затое шмат букаў.

– Я хачу зірнуць на месца, дзе ён рос.

Мы прыехалі ў двухколцы, і мой кліент адразу, не заходзячы ў дом, павёў мяне да лужка, на якім стаяў вяз. Гэта было прыкладна на сярэдзіне дарогі паміж дубам і домам. Здаецца, маё расследаванне прасунулася наперад.

– Як я разумею, вышыню вяза вызначыць цяпер немагчыма? – спытаў я.

– Я магу адразу ж яе назваць: шэсцьдзесят чатыры футы.

– Адкуль вы ведаеце? – здзіўлена спытаў я.

– Калі мой дамашні настаўнік задаваў мне задачы па трыганаметрыі, у іх заўсёды патрабавалася вымераць вышыню. Хлопцам я вылічыў вышыню кожнага дрэва і кожнага будынка ў маёнтку.

Якая нечаканая ўдача! Я здабыў патрэбную інфармацыю хутчэй, чым можна было чакаць.

– Скажыце, калі ласка, – спытаў я, – ваш дварэцкі задаваў вам такое пытанне?

Рэджыналд Масгрэйв здзіўлена паглядзеў на мяне.

– Цяпер мне прыгадваецца, – адказаў ён, – што некалькі месяцаў таму Брантан пытаў пра вышыню вяза ў сувязі з нейкай спрэчкай са стайнікам.

Перейти на страницу:

Похожие книги