Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Прызнаюся, Ўотсан, тады я быў расчараваны сваім расследаваннем. Калі я знайшоў месца, да якога адсылае рытуал, я спадзяваўся, што справа развязаная, але цяпер я стаяў тут і быў, відавочна, гэтак жа далёкі ад разгадкі таямніцы, якую сям’я Масгрэйваў з такой пільнай асцярожнасцю захоўвала. Я, безумоўна, праліў святло на лёс Брантана, але цяпер мусіў высветліць, якім чынам ён загінуў і якую ролю ва ўсіх гэтых падзеях адыграла зніклая жанчына. Я прысеў на бачурку ў куце і старанна ўзважыў акалічнасці справы.

Мой метад у такіх выпадках вам вядомы, Ўотсан: я стаўлю сябе на месца злачынцы і, ацаніўшы для пачатку яго разумовыя здольнасці, спрабую ўявіць, што на яго месцы зрабіў бы я сам. У нашым выпадку справа спрашчалася, бо Брантан меў выбітны розум, і мне не давялося рабіць персанальнае выроўніванне, як яго называюць астраномы*. Брантан ведаў, што дзесьці схаваныя нейкія каштоўнасці. Ён вызначыў сховішча. Зразумеў, што пліта, пад якой хаваецца скарб, занадта цяжкая, каб падняць яе без дапамогі. Што ён зрабіў потым? Ён не мог звярнуцца да кагосьці чужога, нават калі б меў на прыкмеце асобу, вартую даверу, бо ў гэтым выпадку давялося б адчыняць дзверы дома, што павялічыла б рызыку выкрыцця. Нашмат лепш знайсці памочніка ў доме. Да каго ж ён пайшоў? Да адданай яму дзяўчыны. Як бы кепска ні ставіўся мужчына да закаханай у яго жанчыны, ён ніколі да канца не паверыць, што яе каханне для яго страчанае. З дапамогай дробных знакаў увагі ён паспрабаваў памірыцца з Хоўэлс, а потым зрабіў яе сваёй саўдзельніцай. Яны разам прыйшлі ноччу ў склеп і, аб’яднаўшы сілы, прыпаднялі камень. Да гэтага моманту я мог прасачыць іх дзеянні, нібыта бачыў іх на свае вочы.

Але падняць такі камень двум людзям, асабліва калі адзін з іх жанчына, надта цяжка. Нават нам з дужым сасэкскім палісменам было нялёгка. Што яны зрабілі, каб палегчыць справу? Тое, відаць, што зрабіў бы і я.

Я падняў і ўважліва разгледзеў некалькі паленаў, раскіданых па падлозе, і хутка ўбачыў тое, што чакаў. Адно з паленаў, даўжынёй каля трох футаў, мела на канцы вельмі выразныя расколіны, іншыя ж былі прыціснутыя з бакоў, быццам іх сплюшчылі чымсьці надзвычай важкім. Цягнучы пліту, дварэцкі з пакаёўкай, відавочна, падсоўвалі дровы ў шчыліну, пакуль урэшце адтуліна не зрабілася такой шырокай, што ў яе мог пралезці чалавек. Яны падперлі пліту пастаўленым вертыкальна паленам – пра гэта выразна сведчаць расколіны на ніжнім яго канцы, куды перанеслася ўся вага пліты. Пакуль мае дапушчэнні заслугоўвалі даверу.

Але як я мусіў разважаць далей, каб узнавіць драматычныя падзеі той ночы? У адтуліну, бясспрэчна, мог залезці толькі адзін чалавек, і гэта быў Брантан. Дзяўчына мусіла чакаць вонкі. Брантан адамкнуў замок, імаверна, перадаў ёй змесціва куфра (а іначай куды знік скарб?) – і тады… што ж здарылася тады?

Калі яна ўбачыла, што мужчына, які яе пакрыўдзіў – магчыма, нават мацней, чым мы думалі, – цяпер у яе руках, агонь помсты, што дагэтуль тлеў у палкай кельцкай душы, раптам разгарэўся. Ці выпадкова павалілася палена і пліта зачыніла Брантана ў каморцы, якая зрабілася яго труной? Ці вінаватая яна толькі ў тым, што прамаўчала пра гэтае здарэнне? А можа, гэта ўдар яе рукі выбіў падпорку, каб пліта легла на месца? Як бы там ні было, я амаль бачыў фігуру гэтай жанчыны, што прыціснула да сябе скарб і ашалела бегла па прыступках, а ў яе вушах гучалі прыглушаныя крыкі і шалёныя ўдары па каменнай пліце, пад якой задыхаўся яе няверны каханы.

Вось у чым хаваўся сакрэт яе бледнага твару, узбуджаных нерваў і выбухаў істэрычнага смеху наступным ранкам. Але што было ў куфры? Што яна зрабіла з яго змесцівам? Безумоўна, гэта былі тыя самыя кавалкі старога металу і аскепкі галькі, якія мой кліент выцягнуў са става. Яна пры першай жа магчымасці закінула іх у ваду, каб схаваць апошні след свайго злачынства.

Наступныя дваццаць хвілінаў я нерухома сядзеў, абдумваючы справу. Збляднелы Масгрэйв стаяў побач, гайдаючы ліхтар і пазіраючы ў адтуліну.

– Гэта манеты Карла І*, – сказаў ён, падаючы мне знойдзеныя рэшткі скарбу. – Бачыце, мы не памыліліся з вызначэннем даты ўзнікнення нашага рытуалу.

– Мы знойдзем яшчэ штосьці з часоў Карла І! – усклікнуў я, раптам здагадаўшыся пра магчымае значэнне першых двух пытанняў рытуалу. – Дайце мне зірнуць на змесціва вылаўленага ў ставе мяшка.

Мы падняліся ў кабінет, і Масгрэйв паклаў аскепкі перада мной. Калі я зірнуў на гэты амаль счарнелы метал і цьмяныя, бляклыя камяні, я зразумеў, чаму ён палічыў іх за смецце. Калі я працёр адзін з каменьчыкаў рукавом, ён заззяў на маёй далоні як іскра. Кавалкі металу мелі выгляд падвойнага кола, але яно пагнулася і страціла першапачатковую форму.

– Вы мусіце помніць, – сказаў я, – што партыя караля панавала ў Англіі нават пасля смерці ўладцы. Перад тым як збегчы, яны, відаць, схавалі тут многія свае каштоўнасці, плануючы вярнуцца ў мірны час.

– Мой продак, сэр Ральф Масгрэйв, быў выбітным раялістам і правай рукой Карла Другога ў яго вандроўках, – сказаў мой сябар.

Перейти на страницу:

Похожие книги