Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Навіна была цудоўнай, Ўотсан, бо пацвярджала, што я на правільнай дарозе. Я зірнуў на сонца. Яно кацілася да захаду, і я падлічыў, што менш чым праз гадзіну яно апынецца акурат над самым высокімі галінамі старога дуба. Такім чынам, адна са згаданых у рытуале ўмоваў будзе выкананая. Што да ценю вяза – тут, відаць, маецца на ўвазе самы далёкі канец гэтага ценю, іначай у якасці пункту адліку быў бы абраны камель. Значыць, трэба вызначыць, куды падаў канец ценю, калі сонца апыналася над самым дубам.

– Мабыць, гэта было няпроста, Холмс, калі вяза ўжо не існавала?

– Ну, я ведаў, што калі Брантан змог, змагу і я. Дарэчы, ніякай складанасці. Разам з Масгрэйвам я адправіўся ў яго кабінет і вытачыў вось гэты калок, да якога прывязаў доўгую вяроўку з вузялком на кожны ярд. Потым узяў два вудзільны агульнай даўжынёй шэсць футаў і разам з кліентам вярнуўся да лужка, дзе рос вяз. Сонца акурат дакранулася да верхавіны дуба. Я змацаваў і ўсталяваў свой вымяральны прыбор, адзначыў кірунак ценю і памераў яго. Атрымалася дзевяць футаў.

Цяпер засталіся зусім простыя вылічэнні. Калі палка шасці футаў адкідвае цень на дзевяць футаў, то дрэва шасцідзесяці чатырох футаў мусіць адкідваць цень даўжынёй дзевяноста шэсць футаў, а кірунак першага і другога будуць, безумоўна, супадаць. Я адмераў патрэбную адлегласць і, апынуўшыся амаль ля сцяны дома, адзначыў канец меркаванага ценю калком. Уявіце маю радасць, Ўотсан, калі за дзве цалі ад майго калка я ўбачыў у зямлі канічнае паглыбленне. Я зразумеў, што гэтую пазнаку зрабіў Брантан і што я не губляю яго следу.

З гэтага пункту адліку я зрабіў патрэбныя крокі, з дапамогай кішэннага компаса вызначыўшы кірункі свету. Першыя дзесяць крокаў напераменку кожнай нагой вялі мяне паралельна сцяне дома, і, адмераўшы іх, я зноў пазначыў калком месца. Потым я асцярожна зрабіў пяць і пяць крокаў на ўсход і два і два на поўдзень. Яны прывялі мяне да самага парога старых дзвярэй. Адзін і адзін крок на захад значылі, што я мушу ступіць на каменную падлогу калідора, дзе і знаходзіцца вызначанае рытуалам месца.

Яшчэ ніколі я так моцна не расчароўваўся, Ўотсан. На хвіліну мне падалося, што ў мае разлікі закралася вялікая памылка. Сонца заходзіла і ярка асвятляла падлогу калідора, і я добра бачыў, што ўжо шмат гадоў ніхто не чапаў гэтыя старыя, сцёртыя нагамі шэрыя камяні, трывала змацаваныя цэментам. Брантан тут дакладна нічога не шукаў. Я абстукаў падлогу, але гук усюды быў аднолькавы: ні звання шчылінак і расколінаў. Але, на шчасце, Масгрэйв пачаў разумець сэнс маіх дзеянняў і, захоплены не менш за мяне, выцягнуў скрутак, каб праверыць разлікі.

– І ўніз! – закрычаў ён. – Вы забылі пра словы «і ўніз»!

– Я думаў, што нам давядзецца капаць, але цяпер разумею, што памыліўся. Ёсць тут склеп?

– Ёсць, такі ж стары, як сам дом. Вось дзверы, хутчэй уніз!

Мы спусціліся вітымі сходамі, і мой спадарожнік запаліў вялікі ліхтар, які стаяў на бочцы ў куце. Мы адразу зразумелі, што ўрэшце дайшлі да патрэбнага месца і што мы не адзіныя, хто апошнім часам тут пабываў.

У склепе захоўвалі дровы, але паленне, раней раскіданае па ўсёй падлозе, цяпер акуратна ляжала ўздоўж сценаў, вызваліўшы прастору пасярэдзіне. Там мы ўбачылі вялізную і цяжкую каменную пліту з праржавелым жалезным кальцом, да якога быў прывязаны цёплы шалік у кратку.

– Нічога сабе! – усклікнуў мой кліент. – Гэта шалік Брантана! Магу паклясціся, я бачыў гэты шалік на ім! Але што гэты нягоднік тут рабіў?!

Я прапанаваў выклікаць двух мясцовых палісменаў і пасля іх прыходу паспрабаваў падняць пліту, цягнучы за шалік. Але змог я хіба што крыху яе зрушыць, і толькі з дапамогай аднаго з канстэбляў урэшце ссунуў каменную глыбу. Пад плітай зеўрала чорная яміна, у якую мы ўсе зазірнулі. Масгрэйв, укленчыўшы, апусціў туды свой ліхтар.

Перад намі адкрыўся маленькі пакойчык на сем футаў углыб, даўжынёй і шырынёй чатыры футы. Ля яго сцяны стаяў нізкі, акаваны мосенжам куфар, вечка якога было адкінутае, а ў замку тырчаў старадаўні ключ. Тоўсты слой пылу пакрываў куфар звонку, а сырасць і чарвякі так патачылі дрэва, што куфар нават унутры зарос шараватай плесняй. Некалькі металічных дыскаў – відаць, старыя манеты, такія, як ляжаць у мяне, – валяліся на дне, але больш у куфры нічога не было.

Аднак у той момант мы нават не думалі пра старую скарбонку, бо нашыя позіркі прыкавала тое, што скурчылася побач з ёй. Гэта было цела апранутага ў чорны касцюм мужчыны, які прысеў на карачкі, апусціўшы галаву на край куфра і абхапіўшы яго рукамі. Праз такую позу твар чалавека быў у трупных плямах*, што сказіла яго да непазнавальнасці, але калі мы выцягнулі цела, рост, адзенне і валасы няшчаснага дапамаглі майму кліенту пазнаць свайго зніклага дварэцкага. Ён памёр некалькі дзён таму, але ніякая рана ці крывападцёк не сведчылі пра тое, як ён сустрэў сваю жахлівую смерць. Калі мы вынеслі цела са склепа, перад намі паўстала новае пытанне, не менш злавеснае за тое, з якога мы пачалі.

Перейти на страницу:

Похожие книги