Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Але і ў гэтай дасканаласці ёсць недахоп. Ён трошкі донжуан, і вы можаце ўявіць, з якой лёгкасцю можа граць гэтую ролю ў ціхай вясковай акрузе. Пакуль ён быў жанаты, усё было добра, але цяпер, калі ён аўдавеў, нашым праблемам не бачна канца. Некалькі месяцаў таму мы пачалі ўжо спадзявацца, што ён зноў супакоіцца: Брантан заручыўся з малодшай пакаёўкай Рэйчэл Хоўэлс. Але ён кінуў яе і сышоўся з Джэнет Трэджэліс, дачкой старшага егера. Рэйчэл – цудоўная дзяўчына, але вельмі ўражлівая, як любая іншая валійка*. Яна моцна захварэла на запаленне мозгу і цяпер ходзіць па доме – дакладней, хадзіла да ўчарашняга дня – як цень з чорнымі кругамі пад вачыма. Такой была першая харлстанская драма, але яе сцерла з нашых успамінаў другая, якой папярэднічала ганьба і звальненне дварэцкага Брантана.

Вось як гэта адбылося. Я казаў ужо, што ён разумны чалавек, і менавіта розум зрабіўся прычынай яго ганебнага выгнання, бо ў ім абудзілася прагная цікавасць да таго, што яго зусім не датычыць. Я не ўяўляў, як далёка ён можа зайсці, пакуль выпадак не адкрыў мне вочы.

Я згадваў, што маёнтак пабудаваны неахайна. Неяк на мінулым тыдні – калі дакладна, вечарам у чацвер – я зразумеў, што не магу заснуць, бо бяздумна выпіў пасля абеду кубак моцнай чорнай кавы. Пазмагаўшыся гадзінаў да дзвюх з бяссоннем, я адчуў, што высілкі марныя, а таму падняўся, запаліў свечку і ўжо сабраўся вярнуцца да рамана, які чытаў удзень. Аднак кніга засталася ў більярдным пакоі, таму я накінуў халат і адправіўся ўніз.

Каб дабрацца да мэты, я мусіў спусціцца на адзін лесвічны пралёт і перасячы калідор, які вёў у бібліятэку і збройню. Уявіце маё здзіўленне, калі я ўбачыў у калідоры бляклае святло, якое ішло з адчыненых дзвярэй бібліятэкі. А я перад сном уласнымі рукамі пагасіў там лямпу і зачыніў дзверы! Спачатку я, канечне, падумаў пра рабаўнікоў. Сцены харлстанскіх калідораў багата ўпрыгожаныя ваеннымі трафеямі – старадаўняй зброяй. А таму, паставіўшы свечку на падлогу, я зняў са сцяны алебарду, на дыбачках падабраўся да бібліятэкі і зазірнуў туды.

У бібліятэцы быў Брантан, дварэцкі. Цалкам апрануты, ён задуменна сядзеў у фатэлі, паклаўшы на калені падобны да карты аркуш і падпёршы лоб рукой. Аслупянеўшы ад здзіўлення, я сачыў за ім з цемры. Маленькай свечкі, што стаяла на краі стала і струменіла бляклае святло, мне хапіла, каб заўважыць, што ён не пераапранаўся для сну. Раптам я ўбачыў, як ён падняўся з крэсла, прайшоў да найбліжэйшага бюро, адамкнуў яго і выцягнуў адну з шуфлядаў. Дастаўшы адтуль нейкую паперу, ён вярнуўся да ранейшага месца, у святле свечкі расправіў аркуш і надзвычай уважліва пачаў яго разглядаць. Тут маё абурэнне такім спакойным вывучэннем нашых фамільных дакументаў дайшло да мяжы, я зрабіў крок наперад, і Брантан убачыў мяне ў дзвярах. Пабляднеўшы ад страху, ён ускочыў і сунуў запазуху падобны да карты аркуш, які адпачатку разглядаў.

– Дык вось як вы адплацілі мне за давер! – сказаў я. – Вы пакінеце мой дом заўтра.

З выглядам зруйнаванага дашчэнту чалавека ён пакланіўся і маўкліва праслізнуў міма. Свечка засталася на стале, і ў яе святле я зірнуў на паперу, якую Брантан дастаў з бюро. На маё здзіўленне, гэта быў зусім нязначны дакумент, нейкая копія пытанняў і адказаў для аднаго старадаўняга абраду, што называецца рытуалам Масгрэйваў. Штосьці накшталт асаблівай сямейнай цырымоніі, якую цягам стагоддзяў праходзіць кожны Масгрэйв, дасягнуўшы паўналецця, – апроч нашага роду і, магчыма, археолагаў, рытуал наўрад ці каму цікавы і не мае ніякага практычнага прымянення, як і ўсе нашыя гербы і эмблемы.

– Да гэтай паперы мы вернемся пазней, – сказаў я.

– Калі вы думаеце, што гэта і праўда так важна… – завагаўся ён. – Аднак скончу аповед. Ключом, які пакінуў Брантан, я замкнуў бюро, павярнуўся, каб сысці, і здзівіўся, зноў убачыўшы перад сабой дварэцкага.

– Містэр Масгрэйв! – усклікнуў ён хрыплым ад хвалявання голасам. – Такой ганьбы я не перажыву, сэр! Я заўсёды ганарыўся сваім становішчам, і ганьба мяне заб’е. Мая кроў будзе на вашых руках, сэр, дакладна будзе, калі вы даведзяце мяне да адчаю. Калі вы не можаце пакінуць мяне, Богам малю, дазвольце сысці праз месяц, быццам на маё ўласнае жаданне. Гэта я вытрымаю, містэр Масгрэйв, але не ганебнае звальненне на вачах у тых, каго я добра ведаю.

– Вы не вартыя такога стаўлення, Брантан, – адказаў я. – Ваш учынак абуральны. Але вы доўгі час служылі маёй сям’і, і я не хачу наклікаць на вас публічнае асуджэнне. Толькі месяц – гэта задоўга. Вы з’едзеце праз тыдзень і патлумачыце гэта як вам зажадаецца.

– Усяго праз тыдзень, сэр? – ускрыкнуў ён у адчаі. – Дайце мне хаця б два тыдні!

– Тыдзень, – паўтарыў я, – і лічыце, што да вас паставіліся вельмі паблажліва.

Апусціўшы галаву, ён паплёўся прэч, як паламаны жыццём чалавек, а я пагасіў святло і вярнуўся ў пакой.

Перейти на страницу:

Похожие книги