Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Мы адчулі на сабе доўгі дапытлівы позірк з цемры. Урэшце голас прамовіў:

– Ладна, ладна, няхай ужо, падымайцеся. І даруйце мне маю празмерную абачлівасць.

Кажучы гэта, ён зноў запаліў лесвічны ліхтар, і мы ўбачылі незвычайнага чалавека, чый выгляд, як і голас перад гэтым, сведчыў аб расхістаных нервах. Ён быў вельмі тоўсты, але некалі, відаць, яшчэ таўсцейшы, бо скура на твары мешкавата абвісла, нібы шчокі ў бладхаўнда. Скура хваравіта пажаўцела, а тонкія рудаватыя валасы, здавалася, падняліся дыбарам ад перажыванняў. У руцэ ён трымаў пісталет, але калі мы падышлі, хутка сунуў яго ў кішэню.

– Добры вечар, містэр Холмс, – прывітаўся ён. – Бязмежна ўдзячны вам, што пагадзіліся прыехаць. Яшчэ ніхто дагэтуль не меў патрэбы ў вашай парадзе так, як я. Думаю, доктар Трэвельян расказаў вам пра гэта недаравальнае ўварванне ў мае пакоі.

– Вядома, – адказаў Холмс. – Хто гэтыя двое, містэр Блэсінгтан, і што ім ад вас трэба?

– Ну… – зноў занерваваўся пастаянны пацыент, – як вам патлумачыць… Не думаю, містэр Холмс, што магу адказаць на вашае пытанне.

– Хочаце сказаць, вы не ведаеце?

– Прашу вас, праходзьце. Зрабіце ласку, зайдзіце і паглядзіце самі.

Ён праводзіў нас у спальню, даволі прасторную і добра мэбляваную.

– Бачыце? – сказаў ён, паказваючы на вялікую чорную скрыню за ложкам. – Я ніколі не быў надта багатым чалавекам, містэр Холмс, і за ўсё сваё жыццё зрабіў толькі адно ўкладанне, доктар Трэвельян вам расказваў. Проста я не веру банкам. Я ніколі не даверу банку сваіх грошай, містэр Холмс. Між намі кажучы, усё, што я маю, ляжыць у гэтай скрыні, таму можаце ўявіць, як мне непрыемна, калі невядомыя людзі ўрываюцца ў мае пакоі.

Холмс паглядзеў на Блэсінгтана ў сваёй запытальнай манеры і пакруціў галавой.

– Я наўрад ці змагу вам дапамагчы, калі вы не скажаце мне праўды, – прамовіў ён.

– Але я расказаў вам усё, што ведаю.

З непадробнай агідай Холмс развярнуўся на абцасах і сказаў:

– Дабранач, доктар Трэвельян.

– Дык вы мне нічога не параіце?! – ускрыкнуў Блэсінгтан, зрываючы голас.

– Магу параіць адно – сказаць праўду.

Праз хвіліну мы былі ўжо на вуліцы і крочылі ў кірунку дома. Мы мінулі Оксфард-стрыт і прайшлі палову Харлі-стрыт, калі я ўрэшце здолеў выцягнуць з майго спадарожніка хоць слова.

– Прабачце, Ўотсан, што ўцягнуў вас у такія справункі, – нарэшце вымавіў ён. – Хаця па шчырасці, выпадак даволі цікавы.

– А мне ўсё гэта падаецца глупствам, – прызнаўся я.

– Ну, дастаткова відавочна, што ёсць двое мужчынаў – магчыма, больш, але як мінімум двое, якія з нейкіх прычынаў хочуць дабрацца да гэтага Блэсінгтана. У мяне няма ніякіх сумневаў у тым, што абодва разы той малады чалавек пранікаў у пакой наверсе, пакуль ягоны саўдзельнік вынаходліва адцягваў увагу доктара.

– А каталепсія?

– Гнюсная пастаноўка, Ўотсан, хаця я б не стаў засмучаць гэтым фактам нашага калегу доктара. Такую хваробу зымітаваць вельмі проста, я сам так рабіў.

– Дапусцім.

– Чыста выпадкова Блэсінгтана не было дома абодва разы. Яны нездарма выбралі такі незвычайны час для кансультацыі, бо ведалі, што іншых пацыентаў не будзе. Аднак атрымалася так, што іх візіты супалі па часе з прагулкамі Блэсінгтана, – значыць, яны не вельмі добра ведалі яго распарадак. Няма сумневу, што калі б яны проста хацелі яго абрабаваць, то спачатку разведалі б усё як след. Акрамя таго, я па вачах бачу, калі нехта трасецца за сваю скуру. І проста неверагодна, каб такога кшталту чалавек займеў двух такіх лютых ворагаў і нічога пра гэта не ведаў. Таму я мяркую, што ён ведае, хто яны, але з невядомай прычыны хоча змаўчаць. Магчыма, заўтра ён будзе больш настроены на размову.

– А можа, ёсць іншыя тлумачэнні? – выказаўся я. – Якія-небудзь неверагодныя, але тым не менш дапушчальныя? Можа, усю гэтую гісторыю з расійскім каталептыкам і яго сынам прыдумаў сам доктар Трэвельян, і гэта ён быў у Блэсінгтана ў пакоі?

У святле ліхтара я ўбачыў на твары Холмса гарэзлівую ўсмешку ў адказ на маю здагадку.

– Мой дарагі дружа, – сказаў ён, – гэта першае, пра што я падумаў, але далейшы аповед доктара мяне пераканаў. Той малады чалавек наслядзіў на лесвічным дыване, так што вялікага сэнсу зазіраць у пакой для мяне ўжо не было. А калі я скажу, што чаравікі ў яго былі з тупымі насамі, не вострымі, як у Блэсінгтана, і на цалю з трацінай даўжэйшыя, чым у доктара, вы пагодзіцеся, што гэта дакладна быў нехта іншы. Але давайце пачакаем раніцы, бо я буду надзвычай здзіўлены, калі заўтра мы не атрымаем з Брук-стрыт ніякіх звестак.

Прароцтва Шэрлака Холмса спраўдзілася, але надта драматычным чынам. А палове на восьмую, з першымі пробліскамі святла, апрануты ў халат, ён ужо стаяў ля майго ложка.

– Нас чакае экіпаж, Ўотсан, – сказаў ён.

– Што здарылася?

– Едзем на Брук-стрыт.

– Ёсць навіны?

– Сумныя, але нічога не ясна, – адказаў ён, адсоўваючы штору. – Вось аркуш, вырваны з нататніка, алоўкам напісана: «Дзеля ўсяго святога, прыязджайце хутчэй. П.Т.». Наш калега доктар моцна ціснуў на аловак, калі пісаў цыдулку. Хадземце, дружа, трэба спяшацца.

Недзе праз пятнаццаць хвілін мы зноў былі ў доктара. Ён выбег нам насустрач з выразам жаху на твары.

Перейти на страницу:

Похожие книги