Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Ну, гэта няцяжка зразумець па тым, як адбіткі накладзеныя адзін на адзін. Пагатоў, учора я ўжо меў шанец вызначыць, дзе чые сляды. Дык вось, яны падняліся наверх, але дзверы ў пакой містэра Блэсінгтана аказаліся замкнёнымі. З дапамогай дроту яны хутка правярнулі ключ. Драпіны на цыпелі ключа добра бачныя нават простым вокам.

Зайшоўшы ў пакой, яны перш-наперш заткнулі містэру Блэсінгтану рот. Мабыць, ён яшчэ спаў або здранцвеў ад жаху так, што не змог вымавіць ні слова. Сцены тут тоўстыя, і цалкам магчыма, што яго крыку – калі ён усё ж такі паспеў нешта крыкнуць – ніхто не пачуў.

Не сумняюся, што, абясшкодзіўшы яго, яны пачалі раіцца між сабой. Магчыма, іх размова ў нечым нагадвала судовую працэдуру. Падчас яе яны і выкурылі гэтыя цыгары. Стары сядзеў у плеценым крэсле, і гэта ён курыў праз муштук. Малады сядзеў вунь там. А трэці хадзіў туды-сюды па пакоі. Блэсінгтан, мяркую, так і застаўся сядзець у ложку, але дакладна я не ўпэўнены.

Скончылася ўсё тым, што яны вырашылі павесіць Блэсінгтана. Яны так добра падрыхтаваліся, што, імаверна, прыхапілі нешта накшталт блока ці шківа, каб выкарыстаць як шыбеніцу. Можна меркаваць, адкрутка і шрубы якраз для таго і прызначаліся, каб гэтую канструкцыю замацаваць. Але, убачыўшы крук, яны, натуральна, абышліся без лішніх клопатаў. Зрабіўшы сваю справу, злачынцы зніклі, а памагаты закрыў за імі засаўку, – скончыў Холмс.

Мы з глыбокай цікаўнасцю слухалі гэты аповед пра начныя падзеі, якія Холмс вывеў з такіх, здавалася б, мізэрных і няўлоўных прыкмет, што нават цяпер, калі ён нам на іх паказаў, мы з цяжкасцю прасачылі хаду ягоных разваг. Інспектар тут жа адправіўся дазнацца пра слугу, а мы з Холмсам скіравалі назад на Бэйкер-стрыт, каб паснедаць.

– Вярнуся да трэцяй гадзіны, – сказаў Холмс пасля сняданку. – Інспектар і доктар мусяць таксама завітаць у гэты час, і я спадзяюся, што змагу датуль высветліць усе няясныя акалічнасці ў гэтай справе.

У дамоўлены час госці былі ў нас, але майго сябра давялося чакаць яшчэ чвэрць гадзіны. Калі ён увайшоў, увесь ягоны выгляд сведчыў пра поспехі расследавання.

– Што-небудзь разведалі, інспектар?

– Мы знайшлі мальца, сэр.

– Выдатна. А я знайшоў злачынцаў.

– Знайшлі?! – усклікнулі мы ў адзін голас.

– Ну, як мінімум, я дазнаўся, хто яны такія. Як я і чакаў, у галоўным упраўленні ведаюць пра гэтага так званага Блэсінгтана, як і пра яго забойцаў. Іх завуць Бідл, Хэйвард і Мофат.

– Банда, якая абчысціла Ўортынгтанскі банк, – згадаў інспектар.

– Менавіта, – пацвердзіў Холмс.

– Тады сапраўднае імя Блэсінгтана мусіць быць Сатан.

– Так і ёсць, – кіўнуў Холмс.

– Цяпер усё стала на месцы, – сказаў інспектар. Мы з Трэвельянам перазірнуліся, нічога не зразумеўшы.

– Вы мусіце памятаць нашумелае абрабаванне Ўортынгтанскага банка, – патлумачыў Холмс. – Злодзеяў было пяцёра – чатыры нашыя і пяты, на імя Картрайт. Яны забілі вартаўніка Тобіна і забралі сем тысяч фунтаў. Здарылася гэта ў 1875-м годзе. Усіх пяцярых арыштавалі, бо сведчанні супраць іх былі надзіва пераканаўчыя. Гэты Блэсінгтан, або Сатан, самы люты з усёй банды, аказаўся даносчыкам. Па яго сведчаннях Картрайта павесілі, а тром астатнім далі па пятнаццаць гадоў турмы. Калі настаў дзень іхнага вызвалення, што адбылося на некалькі гадоў раней за тэрмін, яны дамовіліся, як вы разумееце, знайсці здрадніка і адпомсціць за смерць таварыша. Дзве спробы праваліліся, а вось трэцяя мела поспех. Нешта яшчэ незразумела, доктар?

– Не, вы ўсё выдатна патлумачылі, – адказаў Трэвельян. – Па ўсім відаць, якраз у той дзень, калі ён занепакоіўся, ён і прачытаў у газеце, што іх выпусцілі.

– Так і ёсць. А размовамі пра крадзеж ён проста пускаў нам пыл у вочы.

– Але чаму ён не сказаў вам праўду?

– Разумееце, мой дарагі сэр, ведаючы помслівы характар былых паплечнікаў, ён спрабаваў хаваць ад усіх сваё сапраўднае аблічча як найдаўжэй. Такім сакрэтам нельга было пахваліцца, і ён саромеўся сябе выдаць. Тым не менш гэты нягоднік спакойна працягваў жыць пад шчытом брытанскіх законаў, і – я ўпэўнены, вы мяне зразумееце, інспектар – гэты шчыт бывае не здольны нас абараніць, але меч правасуддзя спраўна карае вінаватых.

Вось такія дзіўныя акалічнасці суправаджалі падзеі, звязаныя з пастаянным пацыентам на Брук-стрыт. З той ночы трох забойцаў ніхто больш не бачыў, паліцыя іх не злавіла, але ў Скотланд-Ярдзе меркавалі, што яны маглі быць сярод пасажыраў сумнавядомага парахода «Нора Крэйна»*, які знік пару гадоў таму разам з усёй камандай ля партугальскага ўзбярэжжа, за некалькі лігаў* на поўнач ад Порту. Слугу праз адсутнасць доказаў давялося адпусціць, а пра «загадкавае здарэнне на Брук-стрыт», як яго празвалі, да гэтага дня нічога істотнага ў друку не з’яўлялася.

Пераклаў Сяржук Мядзведзеў

Грэк-перакладчык

Перейти на страницу:

Похожие книги