Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Якое няшчасце! – крыкнуў ён, хапаючыся за галаву рукамі.

– Што такое?

– Блэсінгтан забіў сябе. Холмс прысвіснуў.

– Павесіўся ўначы.

Мы ўвайшлі, і доктар адвёў нас у пакой, які, па ўсім відаць, служыў яму прыёмным.

– Я абсалютна не ведаю, што рабіць, – усклікнуў ён. – Паліцыя ўжо там. Я ў страшэнным шоку ад усяго гэтага.

– Калі вы яго знайшлі?

– Штораніцы яму ў пакой прыносяць кубак гарбаты. Калі пакаёўка зайшла да яго недзе а сёмай, небарака ўжо вісеў пад столлю. Ён прывязаў вяроўку да крука, на якім раней вісела цяжкая жырандоля, і саскочыў уніз з той самай скрыні, якую паказваў нам учора.

На нейкі час Холмс застыў у роздуме.

– З вашага дазволу, – сказаў ён урэшце, – я б хацеў падняцца наверх і сам усё агледзець.

Услед за доктарам мы абодва падняліся ў пакой.

Калі мы зайшлі ў спальню, перад намі паўстала даволі жудаснае відовішча. Я ўжо казаў, што яшчэ пры першай сустрэчы Блэсінгтан падаўся мне нейкім абвіслым. Цяпер жа, боўтаючыся на круку, ён абвіс яшчэ мацней, так што ўжо і не вельмі быў падобны да чалавека. Шыя выцягнулася, як у абшчыпанай курыцы, і цела ў параўнанні з ёй здавалася яшчэ больш тоўстым і ненатуральным. На ім была толькі піжама, з-пад якой нерухома тырчалі распухлыя шчыкалаткі і нягеглыя ступні. Побач з ім стаяў гожа апрануты інспектар і нешта запісваў у нататнік.

– О, містэр Холмс, – сардэчна павітаўся ён, калі мы ўвайшлі. – Рады вас бачыць.

– Добрай раніцы, Лэнэр, – адказаў Холмс. – Спадзяюся, вы не палічыце, што я ўмешваюся. Вы чулі пра падзеі, што папярэднічалі здарэнню?

– Так, нешта чуў.

– І што вы пра ўсё гэта думаеце?

– Наколькі я магу меркаваць, гэты чалавек проста страціў розум ад страху. Начаваў ён дома, як бачыце. Ложак добра прымяты, у ім спалі. Вы ж ведаеце, бальшыня самагубстваў здзяйсняецца каля пятай раніцы. Недзе ў гэты час ён і павесіўся. Выглядае на тое, што гэта было абдуманае рашэнне.

– Мяркую, ён мёртвы ўжо гадзіны тры як, гледзячы па здранцвеласці цягліц, – дадаў я.

– Нічога незвычайнага ў пакоі не заўважылі? – спытаў Холмс.

– Знайшлі адкрутку і пару шрубаў ля рукамыйніка. Яшчэ, здаецца, ён многа курыў уначы. Я знайшоў акуркі чатырох цыгар у каміне.

– Гм, – прамовіў Холмс, – а муштук у яго вы не знайшлі?

– Не, не бачыў.

– А партсігар?

– Так, ён быў у кішэні пінжака.

Холмс раскрыў партсігар і панюхаў адзіную цыгару, якая ў ім засталася.

– М-м, гэта гаванская, а тыя ўсе іншага гатунку, з завезеных галандцамі з калоній ва Усходняй Індыі. Яны звычайна загорнутыя ў салому і танчэйшыя за ўсе іншыя маркі такой даўжыні, думаю, вы ведаеце, – ён узяў чатыры акуркі і пачаў разглядаць праз кішэнную лупу.

– Дзве з іх курылі з муштуком, а дзве без, – сказаў ён. – Краі ў дзвюх зрэзаныя не вельмі вострым нажом, а ў дзвюх іншых адкушаныя выдатнымі зубамі. Гэта не самагубства, містэр Лэнэр. Гэта вельмі старанна спланаванае і жорсткае забойства.

– Неверагодна! – усклікнуў інспектар.

– Чаму ж?

– Навошта камусьці спатрэбілася забіваць чалавека так нязграбна, праз павешанне?

– А вось гэта нам трэба высветліць.

– Як, думаеце, яны праніклі?

– Праз парадны ўваход.

– Але дзверы былі зачыненыя на засаўку.

– Тады іх зачынілі пасля злачынцаў.

– Адкуль вы ведаеце?

– Пабачыў сляды. Дайце мне хвіліну, і я змагу расказаць вам, што адбылося потым.

Ён падышоў да дзвярэй і ўзяўся метадычна правяраць замок. Затым дастаў ключ, які заставаўся знутры пакоя, і таксама яго агледзеў. Тады даследаваў ложак, дыван, крэслы, камін, цела памерлага і вяроўку, пакуль на яго твары не з’явілася задаволенасць. Мы з інспектарам дапамаглі яму зняць няшчаснага з крука і акуратна накрыць прасціной.

– А што з вяроўкай? – спытаў Холмс.

– Відаць, адрэзалі адсюль, – паказаў доктар Трэвельян, выцягваючы з-пад ложка вялікі скрутак. – Ён панічна баяўся пажару і заўсёды трымаў побач вяроўку, каб спусціцца праз акно, калі лесвіца будзе ў агні.

– Так, гэта спрасціла ім працу, – задуменна прамовіў Холмс. – Што ж, усе факты навідавоку, і я больш чым упэўнены, што яшчэ да абеду змагу патлумачыць і матыў забойства. З вашага дазволу, я вазьму гэты фотаздымак Блэсінгтана, што стаіць на каміне, – ён дапаможа мне ў расследаванні.

– Але патлумачце нам хоць што-небудзь! – усклікнуў доктар.

– Магу дакладна апісаць, як усё адбывалася, – сказаў Холмс. – Іх было трое: малады, стары і яшчэ адзін, асоба якога мне не вядомая. Першыя двое, варта зазначыць, – тыя самыя, што выдавалі сябе за расійца і яго сына, іх мы ўжо добра ведаем. У гэтым доме ў іх быў свой чалавек, які іх і пусціў. Магу вам параіць арыштаваць слугу, інспектар, які, як я разумею, толькі нядаўна ўладкаваўся да вас на працу, доктар.

– Падшыванец некуды знік, – сказаў доктар Трэвельян. – Пакаёўка і кухар усюды яго шукалі-перашукалі.

Холмс паціснуў плячыма.

– Хлопец адыграў важную ролю ў гэтай драме, – зазначыў ён. – Трое мужчын на дыбачках падняліся па лесвіцы – спачатку старэйшы, за ім малады і потым той невядомы…

– Неймаверна, Холмс! – не ўтрымаўся я.

Перейти на страницу:

Похожие книги