Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Я быў даўно і вельмі блізка знаёмы з містэрам Шэрлакам Холмсам, але ў маёй прысутнасці ён ніколі не казаў пра крэўных і хіба пару разоў згадваў сваё юнацтва. Такая выбарачная скрытнасць рабіла Холмса бесчалавечным у маіх вачах, і часам я думаў пра яго як пра ўнікальную істоту, мозг без сэрца, чалавека, у якім брак спагады да людзей кампенсаваўся выбітным розумам. Ён цураўся жанчын і неахвотна заводзіў сяброў, што было вельмі ўласціва такому няпалкаму чалавеку, як ён – але найбольш ягоная безэмацыйнасць праяўлялася ў абсалютным нежаданні расказваць пра сям’ю. Я ўжо пачаў думаць, што ён сірата і не мае ніводнай роднай душы, як аднойчы, на маё вялікае здзіўленне, ён загаварыў пра брата.

Гэта здарылася аднойчы ўлетку пасля вечаровай гарбаты. Размова, падчас якой мы пераскоквалі з прадмету на прадмет, ад гольф-клубаў да змены нахілу экліптыкі, нарэшце стачылася да спадчынных схільнасцяў. Мы спрачаліся, у якой ступені той ці іншы талент індывіда паходзіць ад продкаў, а наколькі ёсць вынікам навучання.

– Што да вас, – сказаў я, – з вашых аповедаў вынікае, што вашыя дар назіральніка і фенаменальная дэдукцыя – вынік сістэматычных практыкаванняў.

– У нейкай ступені так, – задумліва адказаў Холмс. – Мае продкі былі правінцыйнымі сквайрамі і вялі лад жыцця, больш-менш уласцівы іх класу. Тым не менш мой дар хутчэй спадчынны і, імаверна, паходзіць ад бабулі, сястры французскага мастака Вернэ*. Артыстызм, калі ён у крыві, можа прыняць самыя нечаканыя формы.

– Але адкуль вы ведаеце, што гэта спадчыннае?

– У майго брата Майкрафта ўсё гэта праявілася ў большай ступені, чым у мяне.

Гэтая навіна мяне агаломшыла. Калі ў Англіі быў яшчэ адзін чалавек з такімі выключнымі здольнасцямі, чаму ён не вядомы ні паліцыі, ні публіцы? Я спытаў пра гэта ў Холмса, намякаючы, што, магчыма, ён сціпла перабольшвае братавы здольнасці. Холмс засмяяўся ў адказ.

– Дарагі Ўотсан, – сказаў ён, – я не магу пагадзіцца з тымі, хто лічыць сціпласць цнотай. Чалавек, што мысліць лагічна, мусіць бачыць усё такім, якім яно ёсць, і недаацаніць свае здольнасці – такі ж грэх супраць ісціны, як перабольшыць таленты іншых. Таму калі я кажу, што назіральнасць Майкрафта пераўзыходзіць маю ў разы, будзьце пэўныя: гэта чысцюткая праўда.

– Ён маладзейшы за вас?

– На сем гадоў старэйшы.

– Як жа так выйшла, што ніхто пра яго не ведае?

– О, ён шырока вядомы ў вузкіх колах.

– Гэта ў якіх?

– Ну, напрыклад, у клубе «Дыяген».

Я ніколі не чуў пра такі клуб, і гэта было напісана на маім твары, бо Холмс выцягнуў гадзіннік.

– Клуб «Дыяген» – самы дзівацкі клуб у Лондане, а Майкрафт – адзін з самых галоўных яго дзівакоў. Ён бывае там штодня з без пятнаццаці пяць да дваццаці хвілінаў на восьмую. Цяпер шостая, таму, калі вы не супраць шпацыру ў гэты слаўны вечар, я з радасцю прадэманструю вам абодва дзівы.

Праз пяць хвілінаў мы ўжо кіраваліся да Рыджэнтсэркус.

– Вам цікава, – сказаў мой таварыш, – чаму Майкрафт не выкарыстоўвае свае здольнасці як дэтэктыў. Ён да гэтага не здатны.

– Але вы сказалі…

– Я сказаў, што ён пераўзыходзіць мяне ў назіральнасці і дэдукцыі. І калі б майстэрства дэтэктыва пачыналася і заканчвалася развагамі ў зручным фатэлі, мой брат быў бы найлепшым дэтэктывам, які калі-кольвек жыў на зямлі. Але ў яго няма амбіцый і ён надта лянівы. Ён і пальцам не паварушыць, каб праверыць уласныя высновы. Яму лягчэй, каб усе лічылі, што ён памыляецца, чым напружыцца і давесці сваю рацыю. Ужо колькі разоў я дзяліўся з ім сваімі загадкамі і кожнага разу атрымліваў тлумачэнне, якое выяўлялася правільным. Аднак ён абсалютна не здатны нешта зрабіць, каб давесці справу да суда.

– Значыць, гэта не яго прафесія?

– Ні ў якім разе. Тое, што дае мне хлеб, для яго – хобі дылетанта. Ён фенаменальны матэматык і рэвізуе бухгалтарскія кнігі ў адной дзяржаўнай установе. Майкрафт жыве на Пэл-Мэл*, штораніцы ходзіць на працу ва Ўайтхол* за пяць хвілінаў ад дому, а ўвечары вяртаецца назад. І так з году ў год. Ён гадамі не мяняе гэтага маршрута, зазіраючы адно ў «Дыяген», які месціцца насупраць яго кватэры.

– Гэтая назва мне нічога не кажа.

– Не сумняюся. У Лондане ёсць шмат людзей, якім – каму ад сарамлівасці, каму ад мізантропіі – не патрэбнае таварыства іншых. Але яны не супраць уладкавацца са свежай газетай у зручным фатэлі. Для іх камфорту і створаны клуб «Дыяген», ён аб’ядноўвае найбольш замкнёных і некампанейскіх лонданцаў. Чальцам клуба забаронена звяртаць увагу адзін на аднаго. Крый вас Божа вымавіць хоць слова дзесьці, апроч пакоя для гасцей: калі старшыням паступіць тры скаргі на парушальніка, таго тут жа выключаюць з клуба. Мой брат – адзін з заснавальнікаў, і, мне падаецца, такая атмасфера вельмі супакойвае.

Перейти на страницу:

Похожие книги